Палітзняволеную Рэнату Смірнову пакаралі двума гадамі «хіміі»


Суд Завадскога раёну Менску прызнаў вінаватаю 19-гадовую Рэнату Смірнову паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Суддзя Кацярына Мурашка пакарала дзяўчыну двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (гэтак званая хатняя хімія).

Рэнату вызвалілі ў зале суда. На выхадзе з будынку дзяўчыну сустрэлі сябры ды сваякі.

Рэната Смірнова пасля прысуду. Фота belsat.eu
Рэната Смірнова пасля прысуду. Фота belsat.eu
Рэната Смірнова пасля прысуду. Фота belsat.eu

Крымінальную справу супраць Рэнаты распачалі за ўдзел у пратэставым маршы 1 лістапада. Следства сцвярджала, што дзяўчына груба парушыла грамадскі парадак на праспекце Незалежнасці: доўга пляскала ў далоні, крычала лозунгі і стаяла ў счэпцы. А таксама нібыта блакавала рух транспарту шляхам выхаду на дарогу і нанесла такім чынам шкоду «Менсктрансу» памерам 10 680 рублёў 76 капеек.

Рэната сваёй віны не прызнала.

«Я не разумею, як за 8 хвілінаў на дарозе, якую да таго ўжо перакрыла міліцыя, магла нанесці шкоду на 10 тысячаў. Чаму ўвогуле з мяне патрабуюць гэта, там было шмат людзей. Я лічу гэта нелагічным», – заявіла дзяўчына на судзе.

Рэнату Смірнову затрымалі 1 лістапада разам з ейным хлопцам – Іванам Зубком. Яму таксама выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК.

Абноўлена
У Менску судзяць 19-гадовую дзяўчыну за блакаванне дарогі
2021.01.28 11:55

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў