7 фільмаў 2023 года, якія трэба паглядзець беларусам


Пра культуру гвалту ў беларускім войску, пра шчаслівае жыццё нямецкай сям’і, якую толькі плот адмяжоўвае ад канцэнтрацыйнага лагеру, пра мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы – у Міжнародны дзень кіно раім 7 фільмаў 2023 года, якія варта паглядзець і ў якіх беларусы могуць знайсці нешта блізкае.

«Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча

Пачнём з беларускага кіно, а менавіта – з дакументальнага фільму «Радзіма», які трымаў тэму Беларусі на парадку дня ў 2023-м. Яго прэм’ера адбылася на кінафестывалі «CPH:DOX» у Капенгагене – у выніку карціна была паказаная на больш як дваццаці фэстах, намінаваная на Еўрапейскую кінапрэмію (дзе саступіла стужцы «Сястрынства чорнай лазні») і ўключаная ў доўгі спіс «Оскара» (але ў кароткі спіс не трапіла).

«Радзіма» апавядае пра гвалт у беларускім войску, а праз гэта – пра культуру гвалту ў цэлай краіне. Аўтары пачалі здымаць фільм яшчэ ў 2018 годзе, дакументуючы трагедыю і барацьбу маці загінулага ў арміі салдата. Такіх маці аказалася некалькі, у сюжэт трапіў малады хлопец-прызыўнік, а ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты 2020 года. Цяпер фільм можна пабачыць на замежных кінафестывалях – раім звярнуць увагу на тое, якім віртуозным чынам Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч паказваюць дыктатуру.

«COOL» (Навіны з Беларусі) пад рэдактарствам Мікіты Лаўрэцкага

Як васямнаццаць аўтараў увасабляюць на экране «пацешныя і кранальныя навіны з Беларусі», можна пабачыць у нядаўна апублікаваным кіназіне (то бок зборніку) «Cool» пад рэдактарствам Мікіты Лаўрэцкага. Беларускі рэжысёр, вядомы сваімі малабюджэтнымі фільмамі ў розных жанрах, запрасіў да ўдзелу ў стварэнні альманаху кінематаграфістаў і музыкаў з розных краінаў, у тым ліку прызнаных майстроў. Такім чынам беларускую рэчаіснасць розным чынам асэнсавалі румынскі аўтар Раду Жудэ, француз П’ер Леон, галівудскі рэжысёр Ары Гоўлд, беларускія музыкі і фільммейкеры Лэслі Найф, Андрэй Кашперскі ды іншыя. Кіназін «Cool» быў паказаны на Міжнародным кінафестывалі «FILMADRID», а цяпер выкладзены ў свабодны доступ на YouTube.

«Зона інтарэсаў» Джонатана Глэйзэра

Гэта фільм пра расчалавечванне і пра тое, як ненармальнае робіцца нармальным. Нямецкая сям’я – камендант канцэнтрацыйнага лагеру ў Асвенціме Рудальф Гёс і ягоная жонка – маюць жыццё мары. У іх прадуманая, багатая гаспадарка з вялікім домам, прыгожым садам, басейнам, мілымі дзіцячымі пакоямі, прыслугай, імпрэзамі для гасцей. А проста за плотам размешчаны канцэнтрацыйны лагер, адкуль увесь час чуюцца крыкі людзей. Гёс рабуе габрэяў, якіх прывозяць у лагер, а жонка робіць яму замовы або кідае наймічцы, што муж мог бы развеяць тую над полем. Усе гэтыя даброты паказваюцца брытанскім рэжысёрам Джонатам Глэйзэрам на быццам бы грэблівай аддаленасці, дыстанцыя ж дапамагае не ўпускаць «ландшафт», у якім дом мары размешчаны і які акцэнтуе галоўныя сэнсы «Зоны інтарэсаў».

Фільм атрымаў гран-пры, то-бок другую паводле значнасці ўзнагароду, на Канскім кінафестывалі, а галоўную ролю тут выканала Зандра Гюлер – адная з найцікавейшых сёння еўрапейскіх акторак.

«Апалае лісце» Акі Каўрысмякі

Мілая і кранальная пралетарская камедыя хіба найвядомейшага сучаснага фінскага рэжысёра, што лёгка перагукаецца з надзённасцю беларусаў. «Апалае лісце» расказвае пра тое, як у пацёртым (у стылі Каўрысмякі) караоке сустракаюцца двое людзей і пасля «намагаюцца знайсці першае і апошняе каханне ў сваім жыцці», але нешта ім увесь час перашкаджае. На фоне – пастаянныя навіны пра вайну ва Украіне. Яна гучыць з дынаміка радыё і выклікае толькі адзін каментар ад галоўнай гераіні, але гэтага стае, каб паказаць, што Украіна застаецца на парадку дня еўрапейцаў. «Апалае лісце» Каўрысмякі атрымала некалькі ўзнагародаў Канскага кінафестывалю, у тым ліку прыз журы, а таксама фігуравала ў некалькіх намінацыях на Еўрапейскую кінаакадэмію, у тым ліку ў намінацыі «Еўрапейскі фільм».

«Голда. Судны дзень» Гая Натыва

7 верасня адбылася сусветная прэм’ера фільму «Голда. Судны дзень» пра вайну Суднага дня, калі Егіпет і Сірыя ў 1973 годзе напалі на Ізраіль, і пра тое, як у час канфлікту дзеяла і хварэла прэм’ер-міністарка Ізраілю Голда Мэйр. А 7 кастрычніка «Хамас» напаў на Ізраіль і фільм стаўся яшчэ больш актуальным і надзвычай своечасовым. Карціна паказвае, як краіна крок па кроку супрацьстаяла нападу і як ваенныя няўдачы клаліся цяжарам адказнасці на плечы Голды Мэйр.

Ролю прэм’ер-міністаркі тут бліскуча выконвае брытанская акторка Гэлен Мірэн. Фільм апавядае пра супрацьстаянне суседзям, якія прэтэндуюць на тваю тэрыторыю. Гэта, хай сабе і са шматлікімі нюансамі, перагукаецца з беларускім кантэкстам.

«Дыска-бой» Джакама Абруццэзэ

Прэм’ера фільму адбылася на Берлінскім міжнародным кінафестывалі і прыцягнула ўвагу беларусаў, бо галоўны герой стужкі Аляксей збягае з Беларусі на аўтобусе з футбольнымі заўзятарамі, каб далучыцца да Замежнага легіёну і за службу атрымаць французскі пашпарт. У выніку нацыянальнасць Аляксея, якога сыграў адзін з найцікавейшых сёння еўрапейскіх актораў Франц Рагоўскі, не іграе ніякай ролі – фільм пераўтвараецца ў прыпавесць, у якой «барацьба» за пашпарт губляе сваю каштоўнасць. Галоўны герой удзельнічае ў вайсковай аперацыі ў Афрыцы і мусіць умяшацца, калі мясцовы Джома, што змагаецца з нафтавымі кампаніямі, выкрадае французскіх грамадзянаў. Рака Нігер ў выніку вельмі цікавым чынам аб’ядноўвае двух вайскоўцаў, і жыццё ды прыярытэты беларуса больш не будуць ранейшымі.

«Зялёная мяжа» Агнешкі Голянд

Фільм, што выклікаў абурэнне польскіх уладаў і крытыку за некарэктны паказ палякаў у часе створанага рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі і Польшчы. Хіба не зусім апраўданую крытыку. Агнешка Голянд у меншай, калі не ў нулявой, ступені цікавіцца тут беларускім бокам, хаця жорсткасць лукашэнкаўскіх сілавікоў у стужцы прамільгнула. Але што найбольш каштоўна пабачыць беларусам для разумення канфлікту, дык гэта пастку, у якую трапілі прывезеныя ў краіну мігранты, звычайныя сем’і, адукаваныя людзі. Рэжысёрка паказвае, як іх перакідваюць з адной тэрыторыі на другую і назад, а яшчэ ўчора тыя былі ўпэўненыя, што неўзабаве трапяць у Еўразвяз. Аднымі з галоўных герояў у фільме робяцца польскі сілавік і валанцёрка. Што цікава, нават той самы сілавік эвалюцыянуе ў сваёй пазіцыі да абсалютна станоўчага героя, а значыць, тыя, хто крытыкавалі фільм за ганьбаванне польскага мундзіра, «Зялёнай мяжы», бадай, не глядзелі.

Крыніца вокладкі: COOL / YouTube

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў