У Варшаве прэзентавалі Стратэгію нацыянальнага адраджэння


Аб’яднаны пераходны кабінет прадставіў 28 лістапада Стратэгію і Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння. Дакументы ўжо апублікаваныя, цяпер пачынаецца іх грамадскае абмеркаванне. «Белсат» расказвае, што казалі на прэзентацыі.

Аліна Коўшык, Крысціна Дробыш, Аляксандр Маслаў і Ірына Сідорская падчас адкрытай дыскусіі «Новая Беларусь: стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця». Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

На прэзентацыі праграмных дакуметаў у варшаўскім цэнтры «Witryna Domu Wschodniego» прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык падкрэсліла, што галоўнай ідэяй было стварэнне «нацыянальнага мэйнстрыму», агульнага бачання, якое не падзяляла б, а яднала беларусаў, даць погляд у будучыню. Паводле Коўшык, Стратэгія мусіць прыспешыць завяршэнне фармавання беларускай грамадскай нацыі, гэта «пытанне нацыянальнай бяспекі». Але «насаджваць ідэалогію» не хочуць – хочуць «выціснуць самае сакавітае, што ёсць у беларусах і беларусках».

Стратэгію і Канцэпцыю распрацавала вузкае кола людзей, затым абмяркоўвала два дзясяткі экспертаў – цяпер дакументы хочуць абмеркаваць у Каардынацыйнай радзе, прыцягнуць да гэтага шырокае грамадства. Коўшык падкрэсліла: дакумент не канчатковы і закліканы ўзняць дыскусію. Дакументы можна пачытаць тут і пасля пракаментаваць тут.

Канцэпцыя апісвае, як адраджаць беларускую нацыю і пры гэтым не глядзець на яе як на этнаграфічны музей. Стратэгія апісвае, што ў якім парадку рабіць, утрымлівае дарожныя мапы. «Белсат» пераказваў гэтыя дакументы:

Агляд
Як адрадзіць Беларусь? Пераходны кабінет напісаў Стратэгію нацыянальнага адраджэння
2023.11.28 14:32

Бізнесовец Аляксандр Маслаў тлумачыў: бізнесоўцы і тыя, хто піша такія дакументы, раней не чулі адно аднаго, дыялогу не хапала. Бізнес, падкрэсліваў ён, гэта не толькі камерцыя, але і стварэнне – прадуктаў, сістэмаў, узаемасувязяў. Бізнесоўцы ўмеюць аб’ядноўваць людзей вакол справы, умеюць шанаваць канкурэнцыю і разнастайнасць поглядаў, могуць навучыць перажыць складаныя часы і эксперыментаваць.

Бізнес не трэба адраджаць, але трэба стварыць умовы, у якіх краіну будуць адраджаць «людзі справы», растлумачыў Маслаў. Прадпрымальнікамі не трэба кіраваць, а трэба прапанаваць умовы, у якіх яны зробяць асноўную справу, якая цяпер кладзецца на актывістаў і валанцёраў. І трэба зрабіць так, каб бізнес фінансаваў рэформы.

Людзей справы, кажа ён, могуць аб’яднаць каштоўнасці персоны, бяспекі асобы. Адна з асноўных каштоўнасцяў – недатыкальнасць прыватнай уласнасці, а ў цяперашняй Беларусі не толькі не гарантаваная недатыкальнасць, а нават па-ранейшаму няма прыватнай уласнасці на зямлю, нагадаў Маслаў. Другая – давер, аднаўленне даверу, вяртанне справядлівасці, пасыл «заўсёды да законаў» (насуперак лукашэнкаўскаму «часам не да законаў»). Трэцяя – «культ прадпрымальніцтва», «культ людзей справы», адвучванне беларусаў ад таго, што прадпрымальніцтва гэта «спекулятыўнае выжыванне».

Аляксандр Маслаў і Ірына Сідорская падчас адкрытай дыскусіі «Новая Беларусь: стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця». Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Выкладчыца, медыяэкспертка і гендарная даследчыца Ірына Сідорская звярнула ўвагу на тое, што цяпер барацьба з дзяржаўнай прапагандай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмяжоўваецца маніторынгам і фактчэкінгам, але не даходзіць да прапановы сваіх сэнсаў і каштоўнасцяў.

Гэта, кажа яна, не значыць, што хтосьці павінен прыдумаць беларусам каштоўнасці – а значыць, што патрэбныя дыскусіі, хай сабе беларусы і не ўмеюць яшчэ эфектыўна камунікаваць. Ёсць тое, што называюць словам «бульбасрач», але Сідорская лічыць, што яны значаць іншае: беларусам ёсць аб чым дыскутаваць. Беларусы, кажа яна, ведаюць, як не павінна быць, ды яшчэ не пагадзіліся, як павінна быць. А калі будуць свае каштоўнасці і наратывы – не зробіцца праблемай супрацьстаянне прапагандзе «русского мира».

У Канцэпцыі яна асабліва адзначыла фразу аб тым, што «мы не шукаем залатога веку» – не глядзім у мінулае. Але наракала: у Канцэпцыі і Стратэгіі нібы ёсць словы пра гендарную роўнасць і інклюзіўнасць, але хацелася б больш выразных фармулёвак.

Прэзентацыя Аб’яднаным пераходным кабінетам «Канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння». Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Грамадская дзяячка і акторка Крысціна Дробыш сказала, што для яе асноўнай праблемай Канцэпцыі і Стратэгіі ёсць тое, што іх важнасць не зразумее асноўная частка грамадства, гэта «незразумелыя вялікія словы», «нацыянальнае адраджэнне – ай, як-небудзь потым, спачатку давайце павалім рэжым». Ды калі паваліцца рэжым, трэба, каб «было з чаго будаваць».

Беларусаў, згадвае яна, «адвучвалі думаць», вучылі лічыць, што «хай яны там вырашаюць». Задача культурных дзеячаў – растлумачыць простымі словамі, што «яны там вырашаюць», чаму гэта важна, чаму ад Кабінету «не прыйдзе загад зверху» і чаму варта самому нечым цікавіцца.

Хто за гэта заплаціць?

Коўшык прызнала, што ў Стратэгіі няма цудадзейнага шляху фінансавання ініцыятываў, таму важныя вызначэнне задачаў і іх прыярытэтнасць. Яна нагадала пра супрацу Кабінету з камандай «Новай Беларусі» і ідэю самафінансавання беларускіх ініцыятываў праз «добраахвотныя падаткі». Над тым, хто будзе выконваць апісаныя ў Стратэгіі дарожныя мапы, ужо працуюць, запэўнівае яна і дадае: калі бачаць магчымасць штосьці зрабіць, прыходзяць да адпаведных людзей і прапаноўваюць зрабіць, яшчэ ніхто не сказаў: «Спачатку грошы».

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык падчас адкрытай дыскусіі «Новая Беларусь: стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця». Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Маслаў дадаў: трэба рабіць «маякі, на якія ўсё само ідзе», пры свабодзе бізнесу «ўсё зробіцца само», а пакуль трэба мець невялікі фонд, «буфер» для захавання людзей тых прафесіяў, якія не могуць хутка адаптавацца і выжыць у новай рэальнасці.

Дробыш згадала пра праекты для дзяцей беларусаў, якія робяцца прынцыпова бясплатна, – бізнесоўцу ж няма сэнсу інвеставаць у такое ў камерцыйных мэтах! Маслаў адказаў: адукацыя дзяцей – гэта інвестыцыя ў будучыню, хай і ў далёкай-далёкай перспектыве. Прыватны бізнес на такое мо і не зірне, але існуюць фонды, створаныя прыватным бізнесам, якія на такую перспектыву глядзяць.

Ці не будзе гэта выключна для дыяспары?

Коўшык згадала, што Стратэгія разлічаная на чатыры этапы, цяпер дэмакратычныя сілы на нулявым – тым, што да пачатку дэмакратычнага транзіту. Беларусы за мяжою могуць рабіць тое, чаго не могуць рабіць людзі ў Беларусі, могуць быць гучнымі, шукаць міжнародныя партнёрствы, здабываць замежны досвед. Але і людзі ў Беларусі могуць рабіць тое, чаго не могуць эмігранты, бо «захоўваюць дух», «застаюцца на зямлі», «падсілкоўваюцца каранямі».

Удзельнікі адкрытай дыскусіі «Новая Беларусь: стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця». Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Зладзіць, напрыклад, фестываль беларускай аўдыякнігі ў Менску цяпер немагчыма, але інтэрнэт дае «канал дастаўкі беларускай культуры», адзначыла яна. Цяпер гэта нават лягчэй, чым раней, таму зашмат засяроджвацца на падзеле беларусаў межамі не варта.

Як прыцягнуць і мабілізаваць пасіўную большасць? Сідорская заявіла, што «мы недаацэньваем сябе як лідараў меркаванняў». Заўсёды будуць людзі, якія скажуць: «Рабіце, як хочаце». Задача ў тым, каб актыўных было як мага больш, але іх не будзе 100 % – змены заўсёды робяць актыўныя людзі. Беларусы і беларускі, дадала яна, часта становяцца пракурорамі самімі сабе, параўноўваюць з іншымі народамі. А варта быць сабе адвакатамі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў