«McDonald’s» можа вярнуцца. А пакуль у Беларусі ўпершыню з'явілася сетка безыменных рэстаранаў


Страўні, у якіх працаваў «McDonald’s», адкрыліся з новым-старым меню і без аніякага згадвання амерыканскага брэнду. Пры гэтым шыльдаў з назваю расейскай сеткі «Вкусно – и точка» таксама не з’явілася. У рэстаранах кажуць, што бургеры і фры на смак такія ж.  Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у сваім каментары «Белсату» аптымістычна дапусціў, што «McDonald’s» яшчэ вернецца. Разбіраліся, што адбываецца з папулярным у народзе «Макам».

Колішні «McDonald’s» на плошчы Бангалор у Менску. 28 лістапада 2022 года.
Фота: Onliner / onliner.by

«McDonald’s» цяпер не «McDonald’s», але яшчэ і не «Вкусно – и точка». Рэбрэндынг мусіў адбыцца 22 лістапада, але з невядомых прычынаў амерыканскі фаст-фуд пратрымаўся яшчэ тыдзень. 28 лістапада пра тое, што тут некалі быў «Мак», нагадваюць толькі сляды, якія засталіся на месцы знятых шыльдаў.

Унутры і на рэкламных плакатах побач часта сустракаецца фраза «Тое самае». Невядома, ці гэта будучая назва сеткі, ці то проста спроба запэўніць беларусаў, што нічога і не змянілася. Дарэчы, «Той самы» – адзін з варыянтаў, які разглядалі ў якасці назвы для расейскай сеткі, якая ў выніку стала «Вкусно – и точка».

«Смак той жа самы»

У рэстаранах прызнаюць, што пакуль працуюць без назвы, гэта цяпер ані «McDonald’s», ані «Вкусно – и точка».

«Ані тое, ані другое. Мы – «КСБ Віктары Рэстараны». Калі будзе новая назва і ці будзе яна, не магу сказаць», – прызналіся «Белсату» ў адной рэстарацыі.

У другой установе таксама адзначылі, што не працуюць пад брэндам «Вкусно – и точка» і запэўнілі, што смак ежы не змяніўся, бо пастаўляльнікі тыя ж.

«Усё гэтак жа. Нічога не змянілася, смак той жа самы», – паведаміла суразмоўца «Белсату».

У меню больш няма «Біг Маку», знік «Гэпі Міл», у бургерах на сняданак замест свіных катлетаў, як і анансаваў «Белсат», цяпер ялавічныя. Што праўда, засталася «Coca Cola», якой няма ў расейскіх страўнях. Уся ўпакоўка цяпер «голая», выглядае нібыта неразмаляваная загатоўка.

Маўчанне франчайзі

У офісе кампаніі «КСБ Віктары Рэстараны», якая кіравала страўнямі «McDonald’s» у Беларусі, ніякіх каментароў не даюць. Прэс-служба раней апублікавала толькі адно сціслае афіцыйнае паведамленне – уласна пра тое, што сыходзіць «McDonald’s» і прыходзіць «Вкусно – и точка». І кропка.

На пытанні «Белсату» адмовіліся адказваць таксама ў прэс-службе «Вкусно – и точка». Там сказалі, што «пакуль не каментуюць», і параілі звяртацца «да нашых калегаў з Беларусі».

Рэстарацыя «Вкусно – и точка» ў Санкт-Пецярбурзе, Расея.
Фота: Сяргей Ярмохін / «Деловой Петербург»

«McDonald’s» прыйшоў у Беларусь у 1996 годзе. Тады юрыдычна гэта быў філіял амерыканскай карпарацыі, але потым рэстарацыі працягнулі працаваць паводле франшызы пад кіраўніцтвам прадпрыемства «КСБ Віктары Рэстараны». Ім на 90 % валодае казахскі бізнесовец Кайрат Баранбаеў (сваяк колішняга прэзідэнта Нурсултана Назарбаева), 10 % належыць дырэктарцы «КСБ Віктары Рэстараны» Вікторыі Данько. Яна рэдка дае інтэрвʼю, і апошніх падзеяў вакол сыходу «McDonald’s» яшчэ не каментавала.

Баранбаеў цяпер у СІЗА ў Казахстане. На яго заведзеная крымінальная справа за «крадзеж сродкаў у асабліва буйным памеры ў квазідзяржаўным сектары». Летась часопіс «Forbes» ацэньваў ягонае багацце на 590 мільёнаў долараў, ён займаў 14-е месца ў спісе самых заможных асобаў Казахстану і 5-е месца – у пераліку самых уплывовых бізнесоўцаў краіны.

Hавiны
Без «Біг Маку» і «Хэпі Міл». Стала вядома, як зменіцца меню «McDonald’s» з прыходам «Вкусно – и точка»
2022.11.20 20:47

Казахскі «McDonald’s», які таксама працуе паводле франшызы, што належыць Баранбаеву, закрыў свае ўстановы 18 лістапада. Кажуць, што часова, але не ўдакладняюць, на які тэрмін. «Белсат» пацікавіўся, ці ёсць імавернасць экспансіі «Вкусно – и точка» і ў гэтай краіне, але адказу не атрымаў.

«McDonaldʼs» у Казахстане з 18 лістапада часова прыпыніў працу ўсіх сваіх рэстаранаў праз абмежаванні ў мясцовых пастаўках. Кампанія прыкладае ўсе намаганні дзеля найхутчэйшага аднаўлення працы. Гэта ўся інфармацыя, з якой мы гатовыя падзяліцца на цяперашні момант», – заявілі ў кампаніі «Food Solutions KZ», якая кіруе страўнямі.

«McDonald’s» вернецца

Чаму «McDonald’s» сышоў з Беларусі, дакладна не вядома. Амерыканская карпарацыя пра гэта нічога не паведамляла. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч лічыць, што Беларусь проста «пайшла прычапным вагончыкам услед за Расеяй». Ён сказаў «Белсату», што «McDonald’s» пакінуў рынкі абедзвюх краін праз пагрозу іміджавых стратаў.

«Знаходзіцца ў Расеі сорамна. Беларусь у гэтым выпадку як прычапны вагончык. Калі сышоў з Расеі, то трэба сыходзіць і з Беларусі. Кампанія «McDonald’s» не жадае несці іміджавыя страты. Доля ейных аперацыяў у Расеі і Беларусі – менш за 2 %. І праблемы ад таго, што яна вядзе аперацыі ў краінах, што напалі на Украіну, значна горшыя для яе фінансава, чым страты ад сыходу з нашых дзвюх краінаў», – растлумачыў Кныровіч.

Колішні «McDonald’s» у Горадні.
Фота: Hrodna.life

Кныровіч дапусціў, што замінка з адкрыццём рэстаранаў пад брэндам «Вкусно – и точка» звязаная з кулуарнымі перамовамі ўладальніка расейскай кампаніі Аляксандра Говара з беларускімі ўладамі. «Наша ніва» пісала, што Аляксандр Лукашэнка нібыта забараніў мяняць франшызу.

«Говар выглядае як класічны расейскі прадпрымальнік, які не мае палітычнай пазіцыі. Мяркую, што ён захацеў проста прытармазіць, узгадніць з кімсьці ў Беларусі, прагаварыць загадзя, каб не было праблемаў. Ціхенька, спакойна. Асоба хоча не мець праблемаў у Беларусі, таму ўзгадняе форму сваёй прысутнасці», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Кныровіч упэўнены, што «McDonald’s» яшчэ вернецца ў Беларусь. Трэба толькі пачакаць.

«У «McDonald’s» людзі прыходзяць не паесці. Людзі прыходзяць па адчуванні. Адзін і той жа бургер, адна і тая ж кола, але без лэйблу «McDonald’s» – гэта зусім іншыя эмоцыі ад спажывання. Як толькі ўсё супакоіцца, я перакананы, што ён адразу вернецца», – падсумаваў бізнесовец.

Hавiны
«McDonald’s» працягне працаваць, але пад беларускім брэндам
2022.11.28 19:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў