«У большасці тых, хто прыехаў з Расеі, няма чаканняў». IT-спецыяліст аб ад'ездзе ў Грузію


У Расеі – восьмы дзень частковай мабілізацыі, абвешчанай Пуціным 21 верасня. З’яўляецца інфармацыя аб тым, што мабілізаваных адпраўляюць на фронт без падрыхтоўкі. Разумеючы ўсе рызыкі, сотні тысяч мужчынаў прызыўнога ўзросту ўсімі спосабамі спрабуюць з’ехаць з краіны. Асаблівай папулярнасцю для тых, хто бяжыць ад пуцінскай мабілізацыі, карыстаецца Грузія. На памежным пункце «Верхні Ларс» – шматкіламетровыя чэргі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Людзі стаяць на мяжы па некалькі содняў, а напярэдадні расейцы падагналі да расейска-грузінскай мяжы БТР і разгортваюць там жа мабільны прызыўны пункт.

Мы пагаварылі з расейцам Артурам, якому ўдалося з’ехаць у Грузію, пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца мужчыны пры пераходзе мяжы, і што расейцы плануюць рабіць у Грузіі:

– Колькі часу ў вас пайшло на мінанне мяжы?

– Я мінаў мяжу ўначы з нядзелі на панядзелак [з 25.09 на 26.09. – Заўв. рэд.]. Днём раней я выехаў са Стаўрапалю на аўтобусе, які ехаў у Арменію. Раніцай мы пад’ехалі да мяжы з Паўночнай Асеціяй, там быў велізарны затор. Дзяржаўтаінспекцыя перакрыла ўезд у рэспубліку, і мы стаялі ў корку прыкладна 7–8 гадзін. Пасля гэтага на пасту правялі пашпартны кантроль, праверылі маладзёнаў, аднак адразу пасля ўезду ў Паўночную Асецію супрацоўнікі ДПС развярнулі наш аўтобус, сказаўшы, што месцаў для машын у рэспубліцы няма, і таму трэба зноў стаць у пачатак чаргі і пачакаць. Колькі трэба было чакаць – незразумела.

Мы звярнуліся па дапамогу да мясцовых: яны правезлі нас праз іншыя блокпасты на машынах з мясцовымі нумарамі. Мы даехалі да Уладзікаўказу, і затым я пешшу дабраўся да КПП «Верхні Ларс».

Аналітыка
«Шмат разгубленых хлопцаў з аднымі заплечнікамі». Што адбываецца на расейска-грузінскай мяжы і ў Тбілісі
2022.09.27 23:58

– Мы чулі пра тое, што на памежнай тэрыторыі актыўна прапаноўваюць «платныя паслугі», якія дапамагаюць паскорыць працэс мінання мяжы. Колькі вам каштаваў прыезд у Грузію?

– Сышло $ 1500–2000, але, напэўна, гэта можна зрабіць танней: ехаць аднаму, падрыхтаваць ровар і не спадзявацца на тое, што можаш дабрацца на спадарожным транспарце. Даехаць да Уладзікаўказу, а затым пешшу дайсці да памежнага пункту – так нашмат танней. Напрыклад, для таго, каб сесці да каго-небудзь у машыну на мяжы і мінуць яе, просяць 40–50 тысяч рублёў ($ 690–860).

– Як ставяцца да расейцаў мясцовыя жыхары?

– У простых людзей – я меў стасункі з таксістамі, работнікамі гатэлю – стаўленне нармальнае, з разуменнем ставяцца да таго, што адбываецца. Многія нават рады: як правіла, людзі прыязджаюць з грашыма і актыўна іх выдаткоўваюць у краіне. Нейкага негатыву я не заўважыў.

– Якія планы на Грузію у расейскіх уцекачоў ад мабілізацыі?

– Я размаўляў з рознымі хлопцамі: у кагосьці тут ужо ёсць праца, хтосьці будзе разбірацца на месцы і спрабаваць уладкавацца на працу. Я працую ў IT-сферы, і ў мяне з працай усё стабільна. У большасці тых, хто прыехалі з Расеі, няма ніякіх чаканняў, поўная невядомасць. Людзі, вядома, спадзяюцца, што хутка ўсё скончыцца. Але не думаю, што гэта залежыць ад таго, як будуць праходзіць баявыя дзеянні, – гэта залежыць ад палітычнай сітуацыі ў краіне.

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў