Праз тры тыдні пасля аварыі беларускага аўтобуса ў Польшчы. Як справы ў пасажыраў


Праз тры тыдні пасля аварыі беларускага рэйсавага аўтобуса ў Польшчы пасажыры яшчэ не атрымалі ніякай інфармацыі аб ходзе вывучэння абставінаў здарэння, да іх ніхто не звяртаўся ні з беларускіх органаў, ні з «Менсктрансу», які быў перавозчыкам. Частка пацярпелых пасажыраў наймаюць еўрапейскага адваката і будуць падаваць позву на перавозчыка.

Беларускі аўтобус трапіў у аварыю ў Польшчы.
Фота: wydarzenia.interia.pl

Як паведаміў у размове з карэспандэнтам «Белсату» адзін з пасажыраў, які пажадаў схаваць сваё імя (дадзеныя ёсць у рэдакцыі), за час з 6 па 28 верасня з ім ніхто не звязваўся дзеля атрымання нейкай дадатковай інфармацыі па абставінах здарэння, ніхто не звяртаўся і з «Менсктрансу».

«Падобная сітуацыя і ў іншых пасажыраў. Мы даволі цесна стасункуемся, 21 чалавек нас аб’ядналася, каб хоць нейкага толку дабіцца. Мы вырашылі падаваць позву на перавозчыка, наймаем еўрапейскага адваката, каб разглядаць справу ў ЕЗ», – расказаў пасажыр.

Hавiны
Аварыя беларускага аўтобуса ў Польшчы: паліцыя распавяла пра пацярпелых і ў якім стане быў кіроўца
2022.09.06 17:43

Па яго словах, сярод ініцыятараў позвы многія атрымаўшы пашкоджанні падчас ДТЗ з аўтобусам. У кагосьці наложаныя швы на рассечаным твары, у кагосьці зашытая скура на галаве, у іншых былі дробныя траўмы.

«Дзякуй Богу, што ніхто не загінуў, нават найбольш пацярпелая тады жанчына, якая ледзь дыхала, калі яе даставалі з-пад сядзенняў і гары людзей, даволі нармальна пачуваецца. Але нам хочацца, каб перавозчык ці тыя, хто стаіць над ім, зрабілі нейкія высновы і кампенсавалі нам панесеныя страты», – адзначыў пацярпелы.

Як пісалі тады беларускія медыі, падчас ДТЗ у аўтобусе пазрывала з месца сядзенні і закінула ў пярэднюю частку салона, некаторых пасажыраў засыпала сядзеннямі, рэчамі і іншымі пасажырамі.

Суразмоўца паведаміў раней не агучаныя дэталі здарэння. Па яго словах, у аўтобусе былі дадатковыя шэрагі крэслаў, якія не прадугледжаны першапачаткова. «Я размаўляў з адным адмыслоўцам па такіх аўтобусах, ён кажа, што шэрагі крэслаў ззаду не прадугледжаны, а яны былі», – дэталізуе суразмоўца «Белсату». Сядзенні таксама былі без рамянёў бяспекі, ніхто з пасажыраў не быў прышпілены.

Пасажыры, па словах суразмоўцы, па-ранейшаму прытрымліваюцца меркавання, што кіроўцы парушылі графік працы і адпачынку: «Яны павінны ехаць і мяняцца кожныя 4,5 гадзіны. А тут адзін кіраваў аўтобусам без перапынку да Варшавы, а другі, напэўна ехаў на зваротным накірунку. Вось адзін, мабыць, і заснуў, справа ж была раніцай».

На пытанне, ці збіраецца ён ездзіць і надалей рэйсамі «Менсктрансу», суразмоўца, пацвердзіў, што працягне карыстацца паслугамі гэтага перавозчыка, бо танней. «Буду ездзіць, толькі буду ўважліва назіраць за кіроўцамі і патрабаваць, каб яны мяняліся і адпачывалі. А так то перавозчык не благі і квіткі тут танней, чымся на іншых маршрутах», – падсумаваў напрыканцы размовы пасажыр.

«Менсктранс» – гэта дзяржаўнае прадпрыемства з вялізным аўтапаркам, абслугоўвае гарадскія маршруты ў Менску, паміж гарадамі і на міжнародных кірунках.

Каментароў ад перавозчыка адносна здарэння 6 верасня атрымаць пакуль не ўдалося. На сайце «Менсктрансу» няма ніякай дадатковай інфармацыі па гэтым інцыдэнце, апроч кароткага паведамлення 6 верасня, у дзень ДТЗ.

Hавiны
Беларусаў, пацярпелых у аварыі ў Польшчы, выпісваюць са шпіталю. Але пад наглядам яшчэ каля 10 асобаў
2022.09.07 13:09

Нагадаем, што здарэнне адбылося раніцай 6 верасня ў польскай вёсцы Пётравіна. Беларускі аўтобус вылецеў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. На ім ехалі 45 пасажыраў і два кіроўцы. Кіроўца страціў кантроль над аўтобусам, у выніку чаго аўтобус перавярнуўся. З месца ДТЗ  39 чалавек адвезлі ў бліжэйшыя польскія лякарні. Адну з пасажырак, 17-гадовую дзяўчыну, пасля здарэння транспартавалі верталётам у Варшаву, бо было падазрэнне, што ў яе зламаная сківіца. 6 пасажыраў пераселі ў іншы аўтобус і паехалі далей. Кіроўца быў цвярозым, яго забірала паліцыя, каб правесці следчыя дзеянні. Аварыя здарылася за 70 км ад Варшавы, паміж гарадамі Міньск-Мазавецкі (Mińsk Mazowiecki) і Седльцэ (Siedlce).

Антон Тачняк belsat.eu

 

 

Стужка навінаў