Мабілізацыя ў Расіі: без падрыхтоўкі, без экіпіроўкі, адразу ў пекла


Расейская армія, мяркуючы па ўсім, не была гатовая да масавай мабілізацыі. Мабілізаваных просяць прыносіць «усё сваё»: лекі, бінты і спальныя мяшкі. Пра тое, як павінна праходзіць мабілізацыя і як яе праводзяць у РФ, і чаму мабілізаваных расейцаў экстранна адпраўляюць на фронт, мы паразмаўлялі з падпалкоўнікам запасу ЗСУ Мікалаем Саламахам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чаму можна навучыць салдата за два тыдні? Трымаць у руках аўтамат?»

Падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха кажа, што па правілах вайсковай навукі мабілізацыя павінна праходзіць у некалькі этапаў.

«Пад першы этап павінны трапляць “прыпіснікі” з досведам, якія рэгулярна праходзілі зборы ў сваёй вайсковай частцы, куды іх і адпраўляюць на даўкамплектаванне гэтай часткі. Пасля цягам тыдня яны праходзяць падрыхтоўку і толькі пасля гэтага накіроўваюцца ў склад сваіх падраздзяленняў для выканання пастаўленых баявых задач.

У Расеі ўсё па-іншаму: ва ўказе [аб частковай мабілізацыі – заўв. рэд.] гаворыцца, што будуць прызываць толькі спецыялістаў, але практыка паказвае, што выграбаюць абсалютна ўсіх. Ужо з’явіліся першыя звесткі аб тым, што ніякай падрыхтоўкі не адбываецца, а калі яна і праводзіцца, то гэта, у лепшым выпадку, тыдзень ці два. Чаму можна навучыць салдата за два тыдні? Трымаць у руках аўтамат, правесці некалькі стрэльбаў, навучыць капаць акопы – гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым – не навучыць яго нічаму, таму што не хапае інструктараў, а зброя да правядзення стрэльбаў не падрыхтавана. Што мы і назіраем цяпер у Расеі».

«Пасылаюць тых, каго паспелі адлавіць і на каго паспелі надзець вайсковую форму»

«Хутчэй за ўсё цяпер ідзе сутаргавае даўкамплектоўванне тых частак і падраздзяленняў, якія панеслі велізарныя страты падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. Цягам апошніх месяцаў расейцы любымі спосабамі праводзілі мясцовае наступленне, захапілі Севераданэцк і Лісічанск цаной вялікіх страт – тысячы чалавек на месяц.

Для таго, каб аднавіць баяздольнасць падраздзяленняў, якія дзейнічалі на гэтых напрамках, неабходна папаўненне, а падрыхтаванага папаўнення няма. Каго туды дасылаюць? Пасылаюць тых, каго паспелі адлавіць і на каго паспелі надзець форму», – падсумоўвае вайсковец.

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў