Улады зліквідавалі грамадскую арганізацыю «Гендарныя перспектывы»


Вярхоўны Суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы» 28 верасня. Пра гэта паведаміла сама арганізацыя на сваёй старонцы ў Facebook.

«Гэта несправядлівае рашэнне не можа закрэсліць 11 гадоў цяжкай, не заўсёды ўдзячнай, але вельмі займальнай работы выдатнай каманды прафесійных спэцыялістак. Нам не зразумець, як пасля столькіх гадоў цеснага супрацоўніцтва з дзяржавай, бясконцага ўдзелу ў разнастайных саветах, рабочых групах, каардынацыйных механізмах, нарадах і іншага дзяржава раптоўна палічыла нашу працу неэфектыўнай і нават злачыннай, забараніўшы яе працягваць», – пракаментавалі ліквідацыю ў арганізацыі.

Аналітыка
Ліквідуюць – і што далей? Чаго чакаць няўрадавым арганізацыям і беларусам
2021.07.23 19:45

Арганізацыя «Гендарныя перспектывы» займалася пытаннямі супрацьдзеяння хатняму гвалту і гендарнай дыскрымінацыі. Пры арганізацыі працавала гарачая лінія для дапамогі ў сітуацыі гвалту. Аднак хто цяпер будзе гэтым займацца, не разумеюць у тым ліку і сябры «Гендарныя перспектывы»:

«Відавочна, што да патрэбаў велізарнай колькасці жанчын, якія перажываюць хатні гвалт або дыскрымінацыю паводле полу і якіх мы абаранялі ўвесь гэты час у меру сваіх сіл, цяпер няма справы», – перакананыя ў арганізацыі.

Пасля працэдуры ліквідацыі кіраўніцтва «Гендарных перспектыў» падзякавала ўсім партнёрам з некамерцыйных арганізацый, міжнародных інстытутаў, медыяў, і нават з дзяржаўных органаў і ўстановаў за шматгадовую супрацу, а таксама падзякавала сваім калегам:

«Бясконцае захапленне мы выказваем усёй нашай камандзе, аб працы з якой можна толькі марыць. Але самая вялікая падзяка – нашым кліенткам і кліентам, жанчынам, чые боль і слёзы навучылі нас працаваць і ствараць тую краіну, у якой паважаюць людзей і законы. І якой Беларусь абавязкова стане».

Нагадаем, што ў ліпені гэтага года ў офісе арганізацыі прайшоў ператрус, пасля якога сілавікі сканфіскавалі частку дакументаў. А сёння на рашэнне суддзі Рымы Філіпчык у Вярхоўным Судзе «Гендарныя перспектывы» былі зліквідаваныя.

Hавiны
Пасля аблавы на НДА перастала працаваць гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту
2021.07.15 17:22

АД, belsat.eu

Стужка навінаў