Хто насамрэч стаіць за кампаніяй «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам байнэту?


Belsat.eu разбіраўся ў тым, з кім звязаная кампанія СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» («beCloud»), якая рэалізоўвае цяпер маштабны праект «Дзяржаўнае воблака», а з 2022 года замест hoster.by будзе адміністраваць байнэт.

Манаполія і дзяржзаказы

У канцы жніўня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) выдаў загад, паводле якога з 2022 года СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» («beCloud») стане новым тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны замест hoster.by (ЗАТ «Надзейныя праграмы»). «Надзейныя праграмы» былі заснаваныя Юрыем Зісерам у 1992 годзе, суўладальніцай кампаніі – Юлія Чарняўская, якая застаецца пад хатнім арыштам у межах «справы TUT.by». Гендырэктар «Надзейных праграмаў» Сяргей Павалішаў быў арыштаваны, правёў 3,5 месяца ў СІЗА разам з менеджарамі і журналістамі TUT.BY, але напачатку верасня яму змянілі меру стрымання і адпусцілі.

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала, каментуючы рашэнне аб змене тэхнічнага адміністратара байнэту, зазначыў, што такім чынам улады імкнуцца ўзмацніць кантроль над інтэрнэтам ды яшчэ фактычна забіраюць «чужы гатовы бізнес», даўно наладжаны hoster.by.

Hавiны
«За beCloud стаяць інтарэсы сям’і Лукашэнкі». Чаму ўлады прызначылі новага адміністратара байнэта?
2021.08.27 19:18

Манапольнае права адміністраваць байнэт – не адзіная прыкмета прывілеяванага становішча кампаніі «beCloud». У прыватнасці, цяпер кампанія рэалізоўвуе маштабны праект татальнай лічбавізацыі дзяржаўных структураў і арганізацыяў – так званае «Дзяржаўнае воблака». Мяркуецца, што гэтая платформа мусіць забяспечыць надзейную абарону дзяржаўнай інфармацыі.

Чалавек з каманды Віктара Лукашэнкі

Кампанія «beCloud» мае даволі незвычайную структуру ўласнікаў: 51 % належыць Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам (НЦАТ), а 49 % – кампаніі «Sabsicca Holdings LTD», зарэгістраванай на Кіпры.

Фрагмент выпіскі аб кампаніі «beCloud». Крыніца: Kartoteka.by

НЦАТ – гэта дзяржаўная арганізацыя, дзейнасць якой курыруецца Аператыўна-аналітычным цэнтрам. ААЦ, у сваю чаргу, звязваюць са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі – Віктарам.

Цікава, што дырэктар НЦАТ Аляксей Цымбалаўгулец аматарскай хакейнай каманды Віктара Лукашэнкі «Бастыён». Гэтая дэталь можа сведчыць пра тое, што Цымбалаў уваходзіць у кола асобаў, набліжаных да старэйшага сына дыктатара, бо выпадковыя людзі разам з сямʼёй Лукашэнкі ў хакей звычайна не гуляюць. Дастаткова сказаць, што за «Бастыён» выступаў сын Віктара Лукашэнкі, ягоны асабісты памочнік Сяргей Зелянкевіч ды начальнік ДАІ Дзмітрый Карзюк, якога СМІ называюць сябрам сям’і Лукашэнкі.

Каманда Віктара Лукашэнкі «Бастыён». У цэнтры ў чорнай форме – Дзмітрый Баскаў.
Фота: sportclub.by

Як сведчаць інфармацыя на сайце прэзідэнцкага спартовага клубу, Цымбалаў гуляў за «Бастыён» разам Дзмітрыем Шакутам, а трэнаваў тады каманду Дзмітрый Баскаў. Нагадаем, Баскава і Шакуту цяпер падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.

Валер Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Фота: «Белсат»

Паводле Валера Цапкалы, «Беларускія воблачныя тэхналогіі» курыруюцца непасрэдна Віктарам Лукашэнкам, а праз замежных сузаснавальнікаў кампаніі бюджэтныя грошы нібыта выводзяцца з Беларусі ў афшоры. Былы кіраўнік ПВТ звяртае ўвагу на тое, што заснавальнікі кіпраўскай кампаніі «Sabsicca Holdings LTD» – шэраг фірмаў на Сэйшэльскіх астравах і выспе Мэн, дзе і губляюцца сляды канчатковага бенефіцыяра (спажыўца грошай).

«Хто за гэтымі афшорамі стаіць – лёгка здагадацца. Абсалютна відавочна, што за «beCloud» стаяць асабістыя інтарэсы сям’і Лукашэнкі», – заявіў Валер Цапкала ў інтэрв’ю belsat.eu.

Але варта прызнаць: ніякіх доказаў таго, што канчатковы бенефіцыяр гэтых афшораў – сям’я Лукашэнка, экс-кіраўнік ПВТ не прыводзіць.

Пад грыфам «для службовага карыстання»

Між тым, падчас стварэння «beCloud» гэтую кампанію звязвалі з імем расейскага мільярдэра Канстанціна Нікалаева, які зарабіў сваё багацце на транспартным бізнесе. Пра тое, што алігарх інвестуе ў інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, заяўлялася ў афіцыйным прэс-рэлізе НЦАТ у снежні 2012 года. Пад інвестыцыйны праект расейскага мільярдэра Лукашэнка нават падпісаў адмысловы ўказ ад 19 снежня 2012 года. Большая частка дакументу была схаваная пад грыфам «для службовага карыстання», што выклікала шматлікія пытанні. Пад гэты ўказ і была створаная кампанія «beCloud», якую ў свой час прэзентавалі як «альтэрнатыву «Белтэлекаму».

Генеральны дырэктар «beCloud» Алег Сядзельнік. Скрыншот з відэа «Белтэлекаму» / YouTube

Гэтыя выпіскі з дзяржаўных рэестраў сведчаць, што статутны фонд «beCloud» на сённяшні дзень складае Br 17 880 000 (больш за $ 7 140 000). Прычым увесь гэты ўклад належыць кіпраўскай кампаніі, якую якраз і звязваюць з расейскім алігархам.

Цікава, што пасля 2012 года імя Нікалаева ў сувязі з кампаніяй «beCloud» фактычна не згадавалася. У публічнай прасторы немагчыма знайсці інфармацыю пра візіты алігарха ў Беларусь, сустрэчы з беларускімі афіцыйнымі асобамі, ягоныя або ягоных прадстаўнікоў публічныя заявы наконт дзейнасці «beCloud». Фактычна звесткі пра ўдзел Нікалаева ў такім амбіцыйным інвестпраекце (падтрыманым на ўзроўні Лукашэнкі) абмяжоўвацца тым самым першапачатковым прэс-рэлізам НЦАТ. Таму заканамерна паўстае пытанне: ці застаецца праз 9 гадоў расейскі алігарх адным з бенефіцыяраў «beCloud»?

Афшорны след

Звяртае на сябе ўвагу, што кіпраўская і наогул афшорная юрысдыкцыя кампаніяў – традыцыйная з’ява для бізнесу Канстанціна Нікалаева. Адзін з асноўных актываў алігарха – транспартная кампанія Globaltrans Investment PLC, – зарэгістраваная якраз на Кіпры. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з юрыдычным адрасам «Sabsicca Holdings LTD», якой і належыць 49 % «beCloud». А адрасы маскоўскіх прадстаўніцтваў «beCloud» і «Sabsicca Holdings LTD», у сваю чаргу, супадаюць з адрасам офісу групы кампанія ў«Н-Транс» Канстанціна Нікалаева.

Дырэктар «Sabsicca Holdings LTD» – Артэміс Тамаідэс. Праз гэтую асобу таксама прасочваецца сувязь Нікалаева з «Sabsicca Holdings LTD». Артэміс Тамаідэс – заснавальнік юрыдычнай фірмы на Кіпры, якая працуе ўжо амаль 40 гадоў – «ARTEMIS THOMAIDES & CO LLC». Адна з асноўных спецыялізацыяў канторы – рэгістрацыя кіпраўскіх і замежных кампаніяў. Юрыдычны адрас фірмы супадае з юрыдычным адрасам «Sabsicca Holdings LTD» і «Globaltrans».

Акрамя таго, чалавек з аналагічным звесткамі да 2015 года фігураваў сярод топ-менеджараў «Globaltrans». А чалавек з такім жа прозвішчам – Міхаэль Тамаідэс – дагэтуль уваходзіць у раду дырэктароў «Globaltrans». Не выключана, што гаворка ідзе пра сваякоў, тым больш што яны выступаюць партнёрамі ў іншых зарэгістраваных на Кіпры кампаніях.

У прэс-службе «Globaltrans» журналістам belsat.eu заявілі, што кампаніі «Globaltrans» і «Sabsicca Holdings LTD» не з’яўляюцца афіляванымі, а Артэміс Тамаідэс не займае цяпер пасадаў у «Globaltrans» і не адыгрывае ніякай ролі ў кампаніі. Аднак у прэс-службе не змаглі адказаць на пытанне, ці фірма «Sabsicca Holdings LTD» падкантрольная асабіста Канстанціну Нікалаеву. Адказ на зварот у юрыдычную фірму Артэміса Тамаідэса belsat.eu пакуль не атрымаў.

Таямнічы алігарх

Канстанцін Нікалаеў.
Фота: Валерый Лявіцін / Коммерсантъ

Кантакты алігарха або ягоных прадстаўнікоў, якія б маглі патлумачыць сітуацыю з «Sabsicca Holdings LTD», у «Globaltrans» даць адмовіліся. І гэта не дзіўна: Канстанцін Нікалаеў лічыцца адным з самых закрытых для прэсы расейскіх багачоў. Ён ніколі не дае інтэрв’ю, а ягоныя прадстаўнікі вельмі рэдка нешта каментуюць і толькі на ананімных умовах.

Канстанцін Нікалаев займае 140-е месца ў рэйтынгу найбагацейшых бізнесоўцаў Расеі, які складае часопіс «Forbes». Багацце 50-гадовага алігарха складае каля $ 850 млн. Сярод ягоных бізнес-партнёраў – набліжаныя да Пуціна алігархі Аркадзь Ротэнберг і Генадзь Цімчанка, а таксама былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РФ Аляксандр Валошын, разам з якім яны валодаюць энергетычнай кампаніяй «American Ethane» у ЗША.

Памочнік прэзідэнта РФ Ігар Лявіцін.
Фота: kremlin.ru

Паводле медыяў, Нікалаеў шчыльна звязаны з памочнікам Пуціна, былым міністрам транспарту Ігарам Лявіціным, у якога журналісты нядаўна знайшлі вялізарнае багацце ў Расеі і за мяжой. Газета «The Washington Post», спасылаючыся на Міністэрства юстыцыі ЗША, сцвярджала, што Нікалаеў мае «глыбокія сувязі з Адміністрацыяй прэзідэнта Расеі».

На Захадзе Канстанцін Нікалаеў стаў шырока вядомы пасля скандалу з арыштам Марыі Буцінай, якую абвінавацілі ў тым, што яна прасоўвала інтарэсы Крамля ў ЗША, не зарэгістраваўшыся ў якасці замежнага агента. Буціну, якая займалася лабіяваннем інтарэсаў бізнесу ўзбраення, фінансаваў якраз Нікалаеў. Расейскі алігарх і сам інвеставаў у галіну ўзбраення, дзе актывамі валодае ягоная жонка Святлана.

Медыі паведамлялі, што Нікалаеў таксама ўкладаў грошы ў стартапы ў амерыканскай Крамянёвай даліне. Аднак новыя тэхналогіі і IT-сфера дакладна не ўваходзіць у топ бізнес-інтарэсаў. Акрамя таго, за выключэннем першапачатковых інвестыцыяў у «beCloud», Нікалаева нічога не звязвае з Беларуссю. Няма звестак, каб транспартная бізнес-імперыя Нікалаева мела свае філіялы (прынамсі афіцыйныя) на тэрыторыі Беларусі або каб сам алігарх калісьці наведваў краіну ці сустракаўся з прадстаўнікамі ўладаў і бізнесу. Таму застаецца адкрытым пытаннем, што падштурхнула Нікалаева ў 2012 годзе ўкласціся ў «beCloud» і чаму гэты праект атрымаў такое моцнае падтрыманне на найвышэйшым узроўні.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў