Жанна Літвіна: Гэтыя часовыя цяжкасці мы перажывем разам і будзем надалей разам трымацца праўды


Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Такім чынам арганізацыю пазбавілі рэгістрацыі. Але, як распавёў «Белсату» намеснік старшыні аб’яднання, БАЖ – гэта не толькі офіс, але гэта людзі. Таму арганізацыя нікуды не знікла.

Суд аб ліквідацыі БАЖ меў адбыцца 11 жніўня, але яго адклалі. Падставай для ліквідацыі арганізацыі, як палічылі ў Міністэрстве юстыцыі, сталі «паўторныя парушэнні заканадаўства». Вярхоўны суд стаў на бок чыноўнікаў.

Hавiны
«Рэпарцёры без межаў» звярнуліся ў Вярхоўны Суд Беларусі праз ліквідацыю БАЖ
2021.08.16 12:17

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў размове з карэспандэнтам «Белсату» распавёў, што суд і вырак супраць асацыяцыі не сталі нечаканасцю. У абʼяднанні перакананыя, што насамрэч прававых падставаў, каб зачыняць арганізацыю няма. А зроблена гэта ў межах палітыкі, паводле якой улады ў Беларусі зачышчаюць увесь грамадскі сектар у Беларусі.

«БАЖ гэта не толькі офіс і юрыдычны статус, але гэта амаль паўтары тысячы калегаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія абʼяднаныя агульнымі мэтамі і агульным бачаннем свабоднай медыя прасторы. Нашыя калегі прайшлі вельмі шмат выпрабаванняў разам. І гэтае выпрабаванне таксама пройдзем разам. Па-другое, БАЖ – гэта міжнародна прызнаная арганізацыя. Нашыя міжнародныя партнёры ўжо заявілі, што нават калі БАЖ ліквідуюць, то мы застанемся іх сябрамі і яны будуць нас цалкам падтрымліваць у нашай дзейнасці на карысць свабодных медыяў Беларусі», – пракаментаваў «Белсату» вырак намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Менск, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

З 1997 году БАЖ стаў сябрам Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ), а з 2013 году – поўным сябрам Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ). Асацыяцыя за гады існавання атрымала такія прэстыжныя міжнародныя прэміі, як «Залатое пяро свабоды» (Golden Pen of Freedom prize), прэмію імя Сахарава «За свабоду думкі», «Прэмію Свабоды Атлантычнай Рады».

«Я разумею, што можна пазбавіць магчымасці друкаваць газету, можна пазбавіць акрэдытацыі, можна пазбавіць рэгістрацыі, але няма такой сілы, якая пазбавіла б прафесіянала яго прафесіі. Таму ў мяне глыбокая вера ў сваіх калегаў, бо БАЖ – гэта ў першую чаргу супольнасць, журналісцкая супольнасць, прызнаная міжнароднымі арганізацыямі і вядомая ў свеце. Таму не ўдасца перапісаць яскравую гісторыю БАЖу, не выкрасліць. БАЖ быў, БАЖ будзе. Я ў гэтым абсалютна перакананая», – распавяла «Белсату» былая кіраўніца арганізацыі Жанна Літвіна.

Hавiны
Заява БАЖ: Улады спрабуюць знішчыць беларускія незалежныя медыі
2021.07.08 16:13

Жанна Літвіна кіравала БАЖам на працягу 20 гадоў. Яна кажа, што вырак суда – сумная, але даволі прадказальная навіна.

«Больш душа зараз баліць за тых калегаў, якія зараз у зняволенні. Бо БАЖ – гэта супольнасць прафесіяналаў. І сёння за кратамі за сваю прафесію пакутуюць нашыя калегі прафесіяналы. Таксама трэба разумець, што нашыя калегі, бажаўцы – гэта прафесійная супольнасць, якая ніколі не кіне прафесію, ніколі не кіне займацца сваёй прафесіяй. Тым больш, што сёння гэта рабіць дазваляюць тэхналогіі. Таму БАЖ будзе і нікуды не дзенецца, я ў гэтым пераканана. Увогуле я вельмі ўдзячная лёсу, што амаль 20 гадоў майго жыцця былі звязаныя з БАЖам. І спадзяюся, што гэтыя часовыя цяжкасці мы перажывем разам і будзем надалей разам трымацца праўды», – кажа Жанна Літвіна.

Жанна Літвіна, БАЖ.
Фота: moyby.com

Усе 25 гадоў працы БАЖ займаўся абаронай правоў беларускіх журналістаў: гэта тысячы судовых працэсаў, юрыдычных кансультацыяў. Арганізацыя таксама дапамагала журналістам павысіць прафесійны ўзровень калегаў, ладзіла трэнінгі і семінары. Цяпер афіцыйна ладзіць такія мерапрыемствы арганізацыя не зможа.

«Горш іншае. У мяне прадчуванне, што тое, што адбылося з БАЖам абумоўленае таксама і тымі журналістамі, хаця іх складана так назваць, але асобамі, якія працуюць на іншым баку. Гэта людзі, якія абслугоўваюць уладу. У мяне складваецца ўражанне, што там калі не зрошчванне, але шчыльная супраца з спецслужбамі. Першы ператрус у БАЖы быў у аўторак, а ўжо ў пятніцу ў праграме «Клуб рэдактараў» прагучала столькі абразы, столькі нейкіх сведчанняў. У людзей ужо доступ да інфармацыі. І гэта проста зачыстка інфармацыйнай тэрыторыі, інфармацыйнай прасторы.

Але цяпер людзям патрэбная праўда. Таму ніякія Азаронкі, Жукі, Пярцовы, Эйсманты, яны ніколі не ў стане стварыць альтэрнатыву незалежным выданням. Яны бесперспектыўныя. Улада ў любым выпадку зменіцца. І хто ім сказаў, што яны будуць пры іншай уладзе запатрабаваныя? Дзе сёння Рыбакоў, дзе Зімоўскі? Гэта ж былі «каралі эфіраў». І дзе гэтыя людзі сёння. Калі яны мараць захапіць свядомасць, фармаваць грамадскую думку, то ў іх гэта не атрымаецца, бо сёння іншы час», – падкрэслівае Жанна Літвіна.

Аб’ектыў
«Кожны выхад з мікрафонам – рызыка трапіць на содні». Як ціснуць на беларускіх журналістаў і іх асацыяцыю
2021.06.22 22:54

Барыс Гарэцкі таксама дадае, што аналіз апошніх падзеяў году паказвае вялізны попыт грамадзянаў Беларусі на не падцэнзурную, праўдзівую, хуткую і дакладную інфармацыю і сітуацыя такая, што нават у выпадку блакавання, прызнання экстрэмісцкімі, медыі ўсё роўна застаюцца паспяховымі і ўплывовымі. Грамадства чытае навіны менавіта незалежных сродкаў.

У якасці прыкладу, намеснік старшыні БАЖ прыводзіць TUT.by. Сёння людзі чытаюць навіны гэтага рэсурсу ў Telegram ці на сайце Zerkalo. Пасля таго, як »Белсат« прызналі экстрэмісцкім, навіны тэлеканалу надалей чытаюць і глядзяць.

Hавiны
Суд ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў
2021.08.27 18:52

СК belsat.eu

Стужка навінаў