Затрыманні на падставе фільму аб пратэстах 2020 года. Хроніка рэпрэсіяў 28 ліпеня


Сілавікі працягваюць рэпрэсіі і затрыманні грамадзянаў Беларусі ў многіх гарадах краіны, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу за 28 ліпеня.

Затрыманне маладога чалавека, які імаверна трапіў у фільм Delfi пра пратэсты.
Фота: скрыншот з відэа ГУБАЗіК

Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал распавядае пра арышт жыхара Менску, якога сілавікі нібыта апазналі на кадрах дакументальна фільму, апублікаванага літоўскім парталам «Delfi». Сілавікі паведамляюць, што маладога чалавека абвінавачваюць паводле крымінальнай справы. Таксама затрымалі дзяўчыну хлопца.

Фільм пра падзеі 2020 года «Хроніка сучаснасці» апублікавалі, каб нагадаць аб праблемах Беларусі. Але ў выніку сілавікі заявілі, што гэта стане для іх дапамогай у пошуку людзей, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту.

Hавiны
ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне ўдзельніка дакументальнага фільму аб пратэстах 2020 года
2023.07.28 18:14

У Магілёве сілавікі схапілі былога дырэктара Музею гісторыі Магілёву Аляксея Бацюкова. Паводле рэсурсу «MAYDAY TEAM», гісторыка забралі з ягонага дому ранкам 28 ліпеня.

Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музею гісторыі Магілёва.
Фота:Белсат

Сілавікі затрымалі жыхара Барысава пасля стрыму ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Комарам. Жонку барысаўца, якая была побач з мужам у гэты час, «пакуль пакінулі ўдома». Пра гэта 28 ліпеня паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. Адзначым, што ў сям’і чацвёра дзяцей. Затрыманыя – Галіна і Аляксей Касцюкевічы.

Hавiны
Пасля размовы ў чат-рулетцы з правакатарам затрымалі шматдзетнага бацьку з Барысава
2023.07.28 13:53

У судзе Барысаўскага раёна 28 ліпеня суддзя Таццяна Шыман разглядала скаргу палітвязня Змітра Дашкевіча на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Верагодна, што суддзя скаргу не задаволіла, таму палітвязень застанецца ў СІЗА ў Жодзіне.

Зміцер Дашкевіч.
Фота: Наша Ніва

Дзіцячага паэта і выкладчыка Дзмітрыя Юртаева прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). Суддзя Анжэла Касцюкевіч прысудзіла Дзмітрыю 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзмітрыя схапілі 21 верасня летась байцы ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца: нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў допісы ў Facebook і «УКантакце». Таксама ў праўладных каналах зʼявіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.

Дзмітрый Юртаеў. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У Фрунзенскім судзе Менску 10 ліпеня асудзілі адразу пяць асобаў за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Суддзя Юлія Крэпская прызначыла Уладзіміру Ганусевічу, Аляксандру Конанаву, Альберту Гарбузу, Сяргею Глінскааму, Максіму Сташулёнку па году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Менскім гарадскім судзе да 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітвязня Яўгена Верхаводкіна. 34-гадовага жыхара сталіцы абвінавацілі ў адміністраванні Telegram-канала «Чижовка Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле)», які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» 2 снежня 2022 года. Таксама яго прызналі вінаватым ў «закліку да санкцый». Прысуд агучыла суддзя Анжэла Кацюкевіч. 

Яўген Верхаводкін.
Фота: Вясна / Тэлеграм

У Гомелі пачалі судзіць жыхарку Рэчыцы Наталлю Белую, якую абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Жанчыне пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Справу разглядае суддзя Вадзім Бобыраў.

Затрыманага 17 ліпеня ў Менску журналіста Ігара Карнея перавялі ў СІЗА з ізалятару часовага ўтрымання на Акрэсціна, паведаміла ягоная дачка Паліна Карней у Facebook. Гэта азначае, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.

Ігар Карней.
Фота: Радыё Свабода

Стан здароўя палітыка Міколы Статкевіча, які цяпер утрымліваецца ў калоніі, пагоршыўся. Пра гэта тэлеграм-каналу «Позірк» распавяла крыніца, блізкая да ягонай сям’і.

Паводле крыніцы, атрымаць больш інфармацыі пра стан палітзняволенага фактычна немагчыма з увагі на ўмовы ягонага ўтрымання: большую частку часу Мікола Статкевіч застаецца ў адзіночнай камеры ва ўмовах асаблівага рэжыму і бачыць людзей, толькі калі яго адтуль пераводзяць у штрафны ізалятар.

Hавiны
У палітвязня Міколы Статкевіча ў калоніі пагоршыўся стан здароўя
2023.07.28 15:56

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў