У гістарычным цэнтры Магілёва задумалі збудаваць яшчэ адзін гмах. Мясцовыя збіраюць подпісы супраць


17-павярховы будынак «шматфункцыйнага бізнес-цэнтру» збіраюцца паставіць на Ленінскай 50а. Дзеля гэтага хочуць знесці дарэвалюцыйны дом з карэтнай, які не мае ахоўнага статусу, але мусіць быць «абаронены» суседнімі гістарычнымі будынкамі.

Праект 17-павярховага гмаху на вул. Ленінскай 50а ў Магілёве. Выява: mogilev.gov.by

На сайце Petitions.by з’явілася петыцыя супраць пабудовы гмаху і зносу старога дому. У ёй адзначаюць, што гмах задумалі ў зоне рэгуляванай забудовы гістарычнага цэнтру – каля будынкаў, залічаных у гістарычна-культурныя каштоўнасці. Акрамя таго, могуць быць праблемы ў пажарнікаў: шырыня праедзу з боку стадыёну складае ўсяго 5,6 метра.

Ды побач ужо ёсць 14-павярховы лекавальна-дыягнастычны цэнтр, 7-павярховы банк, 9-павярховы тэхнапарк. У петыцыі пішуць, што ўжо наяўная забудова дысгарманічная, а 17-павярховы гмах толькі пагоршыць сітуацыю, будзе дамінаваць над навакольнаю забудовай, асабліва над суседнімі 2-павярховымі будынкамі са статусам гітарычна-культурнай каштоўнасці.

Развязанне – або занізіць аб’ект утрая, або наагул не будаваць, мяркуе аўтар петыцыі. Грамадскае абмеркаванне праходзіць з 16 ліпеня да 10 жніўня. Прэзентацыя прайшла 21 ліпеня, цяпер заўвагі можна высылаць на адрас: вул. Першамайская, 28а, каб. 313, 212030, г. Магілёў, або на электронную пошту: uamgik1@rambler.ru.

Забудова гістарычнага цэнтру Магілёва слаба рэгулюецца

Архітэктар Уладзіслаў Чаховіч тлумачыць «Белсату»: будаўнічая дзейнасць у цэтры Магілёва сапраўды рэгулюецца дакументам, планаваны гмах трапляе ў зону рэгуляванай забудовы, але той дакумент прымалі надта даўно.

Праект 17-павярховага гмаху на вул. Ленінскай 50а ў Магілёве. Выява: mogilev.gov.by

Правілы распрацавалі аж у 2005 годзе, і гэта быў адзін з першых такіх дакументаў у краіне, таму «ён больш нагадвае сачыненне на вольную тэму, чым кіраўніцтва». Так, там прапісана, што ўсе віды будаўніцтва рэгулююцца паводле функцыі і вышыні, але нідзе не прапісана, як менавіта яны рэгулюцца, якой вышыні мусяць быць будынкі.

«Такая недакладнасць у праектах зонаў аховы ўжо вылілася, напрыклад, у Менску ў будаўніцтва неадэкватна высокага жылога комплексу «Vogue» паміж праспектам і паркам Чалюскінцаў, – кажа Чаховіч. – Гэта хіба выправілі, але ўжо пасля пачатку будаўніцтва. Цяпер да такіх праектаў ставяцца даволі строга ў Мінкультуры, але Магілёву даводзіцца жыць з тым, што ёсць».

Будаўніцтва жылога комплексу «Vogue» (злева) у парку Чалюскінцаў. Менск. 28 студзеня 2019 года.
Фота: Белсат

Паводле законаў, кожны з помнікаў архітэктуры, што ў спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў значацца асобнымі пазіцыямі, мусіць мець уласныя зоны аховы, без якіх нельга зацвярджаць праектавай дакументацыі на будаўніцтва побач. Патэнцыйная будоўля акружаная такімі будынкамі, таму рыхтаванне дакументаў зойме больш за год.

«Што датычыць самога дому, то, відавочна, гарадскія ўлады больш зацікаўленыя ў офісе на яго месцы, і нават калі падрыхтаваць прапанову на наданне ахоўнага статусу, яе не прымуць, – мяркуе Чаховіч. – З іншага боку, дом можа быць абаронены ад знішчэння рэгламентамі зонаў аховы суседніх дамоў, якія, як я казаў, яшчэ не распрацаваныя. Пакуль жа яны не распрацаваныя, ні будаўніцтва новага будынку, ні знос старога паводле заканадаўства немагчымыя. Але не ўпэўнены, што гэта разумеюць у гарвыканкаме».

Каштоўныя будынкі абароненыя, але ёсць «некаштоўныя»

На думку Чаховіча, час, калі насуперак рэгламентам будавалі грахі, пазбаўлялі статусу і зносілі старыя камяніцы, «засталіся ў цёмных 2000-х – пачатку 2010-х». Але працягваецца вынішчэнне і дэградацыя аб’ектаў, якія не маюць ахоўнага статусу.

Праект 17-павярховага гмаху на Ленінскай 50а ў Магілёве. Выява: mogilev.gov.by

Архітэктар пералічвае: знеслі сцяну за «Чырвонаю зоркаю», старасвецкі дом каля мосту цераз Дзебру, плануецца маштабная зачыстка дарэвалюцыйнай забудовы на тэрыторыі гарадской лякарні, няўдала адрамантавалі міжваенку на Болдзіна 5, сталінку на Піянерскай 29…

Не вядуцца капітальныя рамонты (а тым больш рэстаўрацыйныя працы) на афіцыйных помніках, якія б дазволілі прывесці ў парадак фасады, аднавіць страчаны дэкор. Не выстаўляюцца на рэалізацыю ўчасткі з умоваю навуковага аднаўлення каштоўных аб’ектаў, што размяшчаліся раней на гэтым месцы – падобная практыка ўжо мае месца ў Берасці і Горадні, адзначае Чаховіч.

«З пазітыўнага можна адзначыць, што летась быў падвышаны статус гістарычнага цэнтру з 3-га (рэгіянальнага значэння) да 2-га (рэспубліканскага значэння), што падвысіла і кантроль за рэкламай у цэнтры, – дадае ён. – Калі раней Мінкультуры ўзгадняў толькі рэкламу на помніках, то цяпер – на ўсіх аб’ектах у ахоўнай зоне цэнтру».

Ілюстрацыйнае фота. Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Фота: belsat.eu

Пасля скаргаў і зваротаў, згадвае архітэктар, не быў зрэалізаваны дом на рагу вуліцы Лазарэнкі і Камуністычнага завулку, які мусіў паглынуць сваім шматпавярховым абʼёмам помнік архітэктуры.

Не быў зрэалізаваны і комплекс шматпавярховых дамоў на вуліцы Сурганава ў Пячэрску: як адзначае Чаховіч, «на іронію лёсу» на гэтым месцы была псіхіятрычная больніца (былы палац архібіскупа), якая з ініцыятывы гарадскіх уладаў калісьці была пазбаўлена ахоўнага статусу і хутка знесеная, але адзін «недабіты» дом захаваў статус. Менавіта яго ахоўная зона не толькі цалкам забараніла будаўніцтва новых дамоў, але і заклала паўнавартаснае аднаўленне знесенага раней «некаштоўнага» комплексу. Чаховіч бачыць у гэтым «архітэктурны рэванш».

АА belsat.eu

Стужка навінаў