Таццяна Хоміч: Улады настолькі баяцца Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, што не могуць дапусціць іхнага зʼяўлення на публіцы


Сёння адвакаты Марыі Калеснікавай і Максіма Знака даведаліся, што першае паседжанне ў справе іхных падабаронных адбудзецца 4 жніўня. Працэс будзе закрыты.

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч пракаментавала намер уладаў закрыць працэс.

«Улады баяцца Марыю і Максіма настолькі, што нават не могуць дазволіць правесці суд у адкрытым рэжыме, не могуць дапусціць іхнага з’яўлення на публіцы. Таксама гэта кажа пра тое, што яны не хочуць агалошваць матэрыялаў справы. Калі яны ўбачылі склад злачынства і гэтак упэўненыя ў сваёй правасці, дык хай пакажуць усім дэталі.

Калі гэта была змова, то ў чым яна выражалася, як і калі здарылася? Хто браў удзел? У чым пагроза нацыянальнай бяспецы? Артыкулы абвінавачання кажуць пра тое, што заявы былі зробленыя публічна, то бок тое, пра што мы ўсе чулі. Але мы дасюль не ведаем ніякіх падрабязнасцяў. Бо адвакаты ўвесь гэты час пад падпіскаю пра неразгалашэнне».

Hавiны
«Я ў любым выпадку іду да канца». Правілы жыцця Марыі Калеснікавай
2021.04.24 09:00

Таццяна Хоміч дадала, што закрыты суд – гэта найперш парушэнне правоў Марыі і Максіма:

«Правядзенне суда ў закрытым рэжыме адразу ставіць пад сумнеў давер да суда і рашэння, якое прымуць».

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу: гэтак улады расцанілі дзейнасць Каардынацыйнай рады.

Максім Знак у няволі з 9 верасня. Марыя Калеснікава застаецца за кратамі таксама з пачатку верасня, куды яна трапіла пасля таго, як адмовілася ад прымусовага вывазу з краіны і парвала пашпарт.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў