«Трэба даказаць, што ў Беларусі небяспечна». Паразмаўлялі з беларускай валанцёркай Анісіяй Казлюк


Беларуская валанцёрка Анісія Казлюк 28 чэрвеня зноў не змагла атрымаць дакументы, якія давалі б ёй законнае права заставацца ва Украіне. Яна зноў паспрабуе атрымаць паперы 29 чэрвеня – і спадзяецца на падтрымку.

Анісія Казлюк. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Мне сказалі, што ў мяне не хапае штрафу на арганізацыю, якая мяне прымала ў лютым, – расказвае Анісія Казлюк «Белсату». – Гэты штраф мусілі выпісаць за тое, што я не падала дакументы [ў міграцыйную службу], але я не падала дакументы, бо міграцыйная служба не працавала і не прымала дакументы. Калі я гэта акрэсліла, мне сказалі, што ў такім выпадку мне трэба было ехаць у Беларусь.

Калі я абурылася і спытала, як я магу ехаць зараз у Беларусь, калі гэта для мяне небяспечна, мне сказалі, што тады я мушу даказаць, што для мяне гэта небяспечна. Вельмі здзівіліся, што не магу проста зараз паказаць пратаколы і ўсё астатняе».

Анісія мае магчымасць зноў падаць дакументы і збіраецца зрабіць гэта 29 чэрвеня а 10:30 разам з юрыстамі ў аддзеле міграцыйнай службы ў Кіеве, на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 10. Яна кажа, што хацела б, каб туды прыйшло шмат людзей у ейную падтрымку.

З’язджаць з Украіны яна не хоча: кажа, «Украіна стала другім домам», а з хваляй нянавісці ўкраінцаў да беларусаў, якая цяпер палае ў сацсетках, яна не сутыкалася ў асабістым жыцці:

«Людзі, з якімі я маю стасункі, вельмі ўдзячныя беларусам за дапамогу – расказвае Анісія. – Так, зразумела, што беларуская дзяржава стала краінай-агрэсарам, але людзі, з якімі я маю стасункі, адрозніваюць Белоруссию і Беларусь, адрозніваюць людзей, якія жывуць у гэтых краінах».

Анісія абяцае, што будзе працягваць працу і валанцёрскую дзейнасць ва Украіне, але падкрэслівае: хацелася б дзеля гэтага знаходзіцца ва Украіне і быць там легальна. Цяпер жа яна не можа нават перасоўвацца па краіне, пакуль не атрымае належны легальны статус.

Абноўлена
Беларуская праваабаронца Анісія Казлюк, якую затрымлівала міграцыйная служба ў Кіеве, атрымала штраф
2022.06.27 17:18

Анісію затрымала дзяржаўная міграцыйная служба Украіны 24 чэрвеня, на выхадзе з цягніка ў Кіеве нібыта за нелегальнае знаходжанне ва Украіне. На яе склалі адміністратыўны пратакол. 27 чэрвеня Анісія атрымала штраф у памеры 1700 грыўняў (57 долараў). Таксама ёй паведамілі, што яна можа прыйсці 28 чэрвеня і падаць дакументы на легалізацыю.

Затрыманне Анісіі Казлюк 24 чэрвеня атрымала розгалас, а ў справу ўмяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай. Кіраўнік прадстаўніцтва Офісу ў Кіеве Валер Кавалеўскі звярнуўся да старшыні Камітэту ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Дмытра Лубянца.

У 2018-м 21-гадовая Анісія трапіла ў спіс самых перспектыўных асобаў Еўропы да 30 гадоў у намінацыі «Права і палітыка» паводле версіі часопісу «Forbes». У пачатку 2021-га яна адсядзела на Акрэсціна 17 содняў без перадачаў, яе затрымалі нібыта за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» ды «непадпарадкаванне».

Гісторыі
«Тут 9 гадоў майго жыцця». Беларуска, якая даследуе расейскія злачынствы, вымушаная з’ехаць з Украіны
2022.06.27 18:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў