Чым скончыцца ядравы шантаж на фоне калінінградскага крызісу?


Літва з 18 чэрвеня абмежавала транзіт у Калінінград расейскіх падсанкцыйных тавараў, што выклікала абурэнне ў Маскве і хвалю пагрозаў у бок літоўцаў. У звязку з крызісам Расея заявіла пра намер перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр», здольныя несці ядравыя боегалоўкі. Belsat.eu тлумачыць, што цяпер адбываецца і да чаго гэта можа прывесці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фотавыстава са здымкамі вайны ва Украіне на віленскім чыгуначным вакзале, дзе праходзяць цягнікі з Масквы ў Калінінград. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

Як узнік калінінградскі крызіс

Апоўначы 18 чэрвеня Літва спыніла транзіт падсанкцыйных грузаў з Расеі ў Калінінградскую вобласць. Гэта была не аднабаковая пастанова Літвы, а вынік санкцыяў Еўразвязу, зацверджаных яшчэ ў сакавіку. Транзітныя абмежаванні літоўскае кіраўніцтва ўвяло пасля кансультацыяў з Еўракамісіяй і пад яе кіраўніцтвам.

Забарона на транзіт можа мець сур’ёзныя наступствы для прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сферы будаўніцтва вобласці. Пад абмежаванні трапілі да 50 % усёй наменклатуры грузаў, якія перавозіліся паміж Калінінградам ды іншымі рэгіёнамі РФ. Сярод іх – металы, будаўнічыя матэрыялы, рэактыўнае паліва, лес, шкло, угнаенні, прадметы раскошы, ікра, парфумерыя, бытавая тэхніка ды інш. Абмежаванні супраць алкаголю, вугалю, нафты і некаторых іншых тавараў набудуць моц да канца году.

Забарона транзіту праз Літву не азначае, што санкцыйныя тавары цяпер зусім немагчыма перамяшчаць паміж Калінінградам і Расеяй. Іх па-ранейшаму можна перавозіць марскім шляхам. Але гэты варыянт звязаны са значнымі дадатковымі выдаткамі. Цяпер на лініі Усць-Луга (Ленінградская вобласць) – Балтыйск (Калінінградская вобласць) проста няма дастаткова судоў, каб пры іх дапамозе цалкам кампенсаваць чыгуначныя перавозкі.

Аналітыка
Што азначае абмежаванне транзіту ў Калінінград і да чаго гэта можа прывесці?
2022.06.21 20:42

Як адказвае на транзітныя абмежаванні Масква

У Расеі вельмі рэзка адрэагавалі на новыя абмежаванні. Літву вінавацяць у парушэнні дамовы 2002 года аб свабодным транзіце ў Калінінградскую вобласць і з яе, падпісанай паміж ЕЗ і Расеяй. Расейскі бок лічыць, што санкцыі не могуць парушаць гэтага пратаколу.

Часовай паверанай Літоўскай Рэспублікі ў МЗС РФ уручылі дыпламатычную ноту, у якой расейскі бок ва ўльтыматыўным парадку заклікаў улады Літвы аднавіць транзіт грузаў у Калінінград. У адваротным выпадку «Расея пакідае за сабою права на дзеянні для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў». Сакратар Савету Бяспекі РФ Мікалай Патрушаў паабяцаў, што адказ «будзе сур’ёзным і адчувальным для жыхароў Літвы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагоны расейскіх грузавых цягнікоў з Калінінграда на памежнай чыгуначнай станцыі ў Кібартаі, Літва. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

23 чэрвеня ў Маскве прайшла сустрэча міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна і міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Падчас перамоваў Шайгу заявіў, што «абставіны дыктуюць неабходнасць прыняцця тэрміновых супольных захадаў дзеля ўмацавання абароназдольнасці Саюзнай дзяржавы, павышэння боегатовасці рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) і адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА».

25 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу адбыліся перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Адной з асноўных тэмаў быў як раз калінінградскі крызіс.

Лукашэнка заявіў, што ізаляцыя Калінінграду «падобна абвяшчэнню нейкай вайны». Ён таксама папрасіў Пуціна аб «люстэркавым адказе» на палёты самалётаў NATO, якія нібыта трэнуюцца несці ядравыя боегалоўкі.

«Я не хаваю, я стаўлю пытанне аб тым, каб мы маглі быць гатовыя да ўсяго, нават да выкарыстання самай сурʼёзнай зброі для таго, каб абараніць нашую Айчыну ад Берасця да Уладзівастоку», – заявіў Лукашэнка.

Пуцін у адказ паабяцаў Лукашэнку перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», здольныя несці ядравыя боегалоўкі. Таксама ён прапанаваў правесці ў Расеі пераабсталяванне самалётаў Су-25, што стаяць на ўзбраенні ў Беларусі.

Hавiны
Пуцін не прыедзе ў Горадню, але абяцае перадаць «Іскандэры»
2022.06.25 20:06

Што азначаюць заява пра «Іскандэры» ў Беларусі

Заявы ў Санкт-Пецярбурзе выглядаюць як дэманстратыўны ядравы шантаж Захаду на фоне калінінградскага крызісу. Такі шантаж ужо даўно зрабіўся адметнай рысай палітыкі Масквы. Эксперты не раз адзначалі, што Крэмль пры пэўных умовах сапраўды здольны выкарыстаць ядравую зброю, хаця імавернасць такога сцэнара застаецца ўсё ж нязначнай.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Праўда, праз тры дні пасля заяваў у Санкт-Пецярбургу прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў удакладніў, што Пуцін не казаў пра перадачу Беларусі менавіта ядравай зброі. «Ён казаў пра комплексы, якія тэхнічна здольныя несці розныя віды зброі», – адзначыў Пяскоў.

Так ці інакш у ваенным плане перадача «Іскандэраў» Беларусі нічога не зменіць. Насамрэч на тэрыторыі Беларусі гэтыя ракетныя комплексы з’явіліся яшчэ ў студзені-лютым 2022 году ў межах падрыхтоўкі да ўварвання ва Украіну. «Іскандэры» застаюцца ў Беларусі дагэтуль. Генштаб ЗСУ ў пачатку чэрвеня заяўляў, што яны размешчаны каля мяжы з Украінай, а маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляла 22 чэрвеня, што мінімум адзін ракетны комплекс знаходзяцца ў Мазырскім раёне.

У Калінінградзе таксама ёсць «Іскандэры». У траўні расейскае камандаванне нават адпрацавала імітацыйны запуск балістычных ракетаў па вайсковых абʼектах умоўнага суперніка. На Захадзе ўпэўнены, што ў Калінінградзе знаходзяцца і ядравыя боегалоўкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мабільныя ракетныя комплексы малой далёкасці «Іскандэр-М» на Краснай плошчы падчас параду ў Маскве, Расея. 9 траўня 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Таму з ваеннага пункту гледжання перадаваць «Іскандэры» (тым больш з ядравымі боегалоўкамі) на ўзбраенне Беларусі для Масквы няма ніякага сэнсу. Навошта аддаваць пад кантроль Лукашэнкі тое, чым Расея можа карыстацца ў рэгіёне самастойна? Да таго ж некаторыя вайсковыя эксперты адзначаюць, што ў Беларусі можа не быць тэхнічнай магчымасці абслугоўваць ядравыя боегалоўкі.

Але з палітычнага пункту гледжання падобныя дэкларацыі маюць сэнс. Крэмль такім чынам пагражае Захаду эскалацыяй канфлікту, калі той не пойдзе на саступкі. Прычым гэты сцэнар можа быць зрэалізаваны «пад чужым сцягам»: Расея размесціць «Іскандэры» непасрэдна каля мяжы з Літвой, але фармальна яны будуць належыць беларускай арміі і адказнасць за эскалацыю ляжа на афіцыйны Менск.

Звяртае ўвагу і той факт, што Пуцін быццам бы дае Захаду час на разважанні: ён заявіў пра перадачу «Іскандэраў» цягам «бліжэйшых некалькіх месяцаў» і спачатку ўсе дэталі мусяць прапрацаваць міністры абароны. Гэта не вельмі падобна на тэрміновыя вайсковыя рашэнні, якія па ідэі мусяць прымацца ў «вельмі сур’ёзнай сітуацыі», як яе ахарактарызаваў Лукашэнка.

Ці можа распачацца вайна на сувальскі калідор?

Некаторыя медыі каментуюць калінінградскі крызіс як гатовы casus belli (нагоду для вайны). Выданне Politico у сувязі з гэтым адзначыла, што гіпатэтычны сувальскі калідор паміж Беларуссю і Калінінградам цяпер самае небяспечнае месца на планеце. Гэты вузкі 100-кіламетровы пас тэрыторыі ўздоўж літоўска-польскай мяжы, паводле заходніх вайскоўцаў, можа стацца адною з першых цэляў Расеі. Напад на Літву ў сваю чаргу будзе азначаць вайну Расеі з NATO.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканскія і брытанскія войскі правялі першае маштабнае абарончае вучэнне NATO на мяжы паміж Польшчай і Літвой, у сувальскім калідоры, адпрацоўваючы магчымы сцэнар, пры якім Расея можа паспрабаваць адарваць краіны Балтыі ад астатняй часткі заходняга альянсу. Чэрвень 2017 года.
Фота: Ant Upton / eyevine / East News

Але большасць экспертаў лічаць, што наўрад ці Расея вырашыцца ваяваць за сувальскі калідор. У Крамля, хутчэй за ўсё, проста няма рэсурсаў, каб весці адразу дзве вялікія вайны. Найбольш баяздольныя расейскія сілы задзейнічаны ў вайне супраць Украіны, дзе яны зазнаюць значныя страты.

Аналітыка
Новыя лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея
2022.06.06 19:22

Перакідванне новых расейскіх падраздзяленняў у Беларусь таксама не назіраецца, а без гэтага сухапутную аперацыю ў сувальскім калідоры ўявіць немагчыма – арміі Лукашэнкі для рашэння гэтай задачы яўна не хопіць.

Пакуль Расея абмяжоўваецца толькі дэманстрацыяй вайсковай актыўнасці: у Калінінградскай вобласці расейскія вайскоўцы адпрацоўваюць высадку дэсанту і авіяўдары. Прычым гэтыя трэніроўкі маюць лакальны характар, у іх задзейнічаны невялікія сілы. Па сваіх маштабах іх нельга параўнаць з буйнымі манеўрамі NATO «Baltops» у рэгіёне Балтыйскага мора, якія адбыліся ў пачатку чэрвеня.

Рашучасць Літвы і сумневы ў ЕЗ

Пакуль што адзіны рэальны крок Расеі ў адказ на абмежаванне транзіту ў Калінінград – гэта хакерская атака на дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы Літвы, якая была здзейснена 27 чэрвеня. Атаку правялі хакеры з групоўкі «Killnet», звязанай з Расеяй (яны самі заявілі, што гэта помста за дзеянні Літвы ў дачыненні Калінінграду). Варта дадаць, што перад уварваннем ва Украіну расейцы таксама праводзілі маштабныя хакерскія атакі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: La Nacion / Zuma Press / Forum

Урад Літвы на сітуацыю рэагуе спакойна: там кажуць, што прывыклі да рыторыкі Масквы і заклікаюць аддзяляць «дэзынфармацыю і прапаганду ад рэальных магчымасцяў». Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што пра саступкі ў адказ на пагрозы Крамля не можа быць і гаворкі.

Але нельга выключаць, што Еўразвяз у цэлым не гатовы праявіць такой рашучасці. Дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштрявічус на мінулым тыдні распавёў, што ў Бруселі прайшло абмеркаванне цяперашняй сітуацыі і адна з краінаў прапанавала перагледзіць парадак рэалізацыі санкцыяў. У выніку Еўракамісія пачала распрацоўку адпаведных рэкамендацыяў, якія дазваляюць транзіт санкцыйных тавараў з Расеі ў Расею. Аднак Літва выступае супраць унясення любых правак у першапачатковы дакумент. Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Масква ўспрыме такі крок як прыкмету слабасці, што толькі падштурхне Расею да агрэсіўных дзеянняў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў