Фонд спартовай салідарнасці просіць пазбавіць БТ права на трансляцыю Алімпіяды


Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасці (BSSF) Аляксандра Герасіменя звярнулася да арганізацыйнага камітэту Алімпіяды ў Токіа з заклікам прыняць да ўвагі інцыдэнт з затрыманнем у Менску ўдзельнікаў гонкі трыятланістаў і пазбавіць беларускія дзяржаўныя медыя права на трансляцыю Гульняў-2020.

Таксама кіраўніцтва фонду патрабуе ад міжнародных спартовых федэрацый забраць у Беларусі права на правядзенне любых рэйтынгавых турніраў. Заява апублікаваная на старонках BSSF у сацсетках.

26 чэрвеня падчас спаборніцтваў у трыятлоне ў Менску сілавікі затрымалі Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку. Спартоўцаў даставілі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а затым у ІЧУ да суду.

Hавiны
Раварысты, затрыманыя ўчора на спаборніцтве па трыятлоне, правялі ноч на Акрэсціна
2021.06.27 10:28

У сваю чаргу алімпійская прызёрка ў плаванні Аляксандра Герасіменя запэўніла: фонд зробіць усё, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выкарыстанні празмернага і беспадстаўнага гвалту проста падчас спаборніцтваў і дапаможа пацярпелым.

Яна таксама звярнула ўвагу, што дзяржаўныя СМІ пасля інцыдэнту распаўсюдзілі «прызнанні» затрыманых. Гэты інцыдэнт чарговы раз даказвае, што ў Беларусі ніводнаму спартоўцу, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў ня можа быць гарантаваная бяспека.

«Наш фонд неаднаразова папярэджваў міжнародныя арганізацыі пра небяспеку правядзення якіх-небудзь спартовых мерапрыемстваў. Мы зноў бачым, як арганізатары нават адкрытых нацыянальных спаборніцтваў ня ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконню. Такая сітуацыя ставіць пад сумнеў магчымасць правядзення нават аматарскіх стартаў», – гаворыцца ў заяве.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці заклікаў узмацніць ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі і пазбавіць яго чарговай забавы – тэлетрансляцый Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Hавiны
Аляксандра Герасіменя выказалася пра затрыманне раварыстаў на менскім трыятлоне
2021.06.27 14:01

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў