«Нацыя, што псуе планы Расеі». Як крымскія татары дапамагаюць вярнуць Крым Украіне


18 траўня ва Украіне адзначалі Дзень памяці генацыду крымскататарскага народу, а ўжо 24 траўня ўлады анексаванага Расеяй Крыму заявілі пра канфіскацыю будынку, які належаў Меджлісу – органу самаўраду крымскіх татараў. Пра становішча і надзеі карэнных жыхароў паўвострава, якія ўжо 9 гадоў жывуць пад акупацыяй, «Белсат» паразмаўляў з палітолагам Варшаўскага ўніверсітэту Нэдымам Усэйнавым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хлопчык трымае сцяг крымскіх татараў падчас мітынгу, прысвечанага гадавіне масавай дэпартацыі крымскіх татараў з рэгіёну ў 1944 годзе. Еўпаторыя, Украіна. 18 траўня 2021 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Гісторыя Крыму і яго дачыненняў з Расеяй нечым нагадвае гісторыю Беларусі. Як і Беларусь, Крым быў далучаны да Расейскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя, а дакладней, у 1783 годзе. У 1917-м на хвалі распаду імперыі і росту нацыянальнай свядомасці тут абвесцілі Крымскую народную рэспубліку, адным з лідараў якой быў, дарэчы, беларускі татарын Мацей Сулькевіч. Нацыянальныя сілы былі разгромленыя бальшавікамі, але на паўвостраве тым не менш была ўтвораная Крымская АССР, дзе татары мелі сваю аўтаномію, прадстаўнікоў ва ўрадзе, а іхная мова была адною з афіцыйных.

Але ўсё змянілася 18 траўня 1944 года, калі савецкія ўлады пачалі дэпартацыю крымскіх татараў. За тры дні з Крыму ў Цэнтральную Азію і Расею вывезлі 190 тысяч асобаў, з якіх 40 % памерлі ад голаду, хваробаў і знясілення. На тых, хто ацалеў, улады СССР навесілі цэтлік здраднікаў і калабарантаў.

«Была гэта вясна 1944 года, а значыць, Другая сусветная вайна яшчэ працягвалася, і большасць мужчынаў ваявала тады, у асноўным у Чырвонай арміі. Калі мужчыны вярнуліся з вайны, высветлілася, што іхныя дамы занятыя расейцамі», – распавёў «Белсату» крымскі татарын Нэдым Усэйнаў, палітолаг Варшаўскага ўніверсітэту.

Паводле суразмоўцы, рабілася гэта для таго, «каб меншасці растварыліся і асіміляваліся сярод расейцаў, каб у будучыні яны не маглі прэтэндаваць на якія-небудзь правы на свае землі, сваю малую радзіму».

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Вярнуцца крымскія татары здолелі толькі з распадам СССР. У 1989–1993 гадах у Крым пераехалі каля 200 тысяч асобаў. Але сустрэлі іх там непрыхільна, адзначыў Усэйнаў:

«Нашыя бацькі, бабулі і дзядулі пачалі патрабаваць вылучэння ўчасткаў пад будаўніцтва дамоў. Трэба было змагацца за кожны метр, бо адміністрацыя рабіла ўсё, каб татары нічога не атрымалі. Я кажу пра мясцовыя ўлады, не ў Кіеве, пра мясцовую посткамуністычную наменклатуру, дэ-факта прарасейскую».

Татараў лічылі «людзьмі ніжэйшай катэгорыі», якіх можна было беспакарана абражаць і затрымліваць. У выніку з прычыны «расейскага расізму» сярод татараў было самае высокае беспрацоўе, «доступ да сацыяльнай лесвіцы быў найгоршым», адзначыў суразмоўца. Кіеўскія ж улады на той момант не былі здольныя «інтэграваць Крым з Украінаю палітычна, эканамічна ды інфармацыйна».

Новыя рэпрэсіі

Скарыстаўшыся пратэстамі 2014 года ва Украіне, Расея пастанавіла захапіць Крым. Але, падкрэсліў Усэйнаў, крымскія татары, якія 26 лютага выйшлі на пратэст да будынку мясцовага парламенту на падтрыманне захавання паўвострава ў складзе Украіны, сапсавалі Крамлю карцінку нібыта ўсенароднага ўхвалення анексіі.

«За гэта Крэмль помсціць крымскім татарам і іхнаму Меджлісу, які склікаў мітынг. За гэта ён саджае людзей у турмы – на 20 гадоў за пост у Facebook, за тое, што яны прыйшлі да суда падтрымаць калегу, каляжанку. Бо жанчыны таксама рэпрэсаваныя: напрыклад, адвакаткі, якія абараняюць палітвязняў. Расейцы дасюль лічаць татараў нацыяй, што псуе іхныя планы, не дазваляючы цалкам захапіць Крым і сцерці з гісторыі тое, што калісьці было нерасейскім», – адзначыў палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падазраваныя ў пашкоджанні газаправоду ў Крыме перад судом у Сімферопалі. Як паведаміў журналістам суддзя, адзін з затрыманых у справе – Нарыман Джэлялаў, намеснік старшыні крымскататарскага Меджлісу. 6 верасня 2021 года.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Паводле статыстыкі Крымскататарскага рэсурснага цэнтру, з моманту акупацыі Крыму станам на 5 лістапада 2022 года палітычны пераслед у крымінальных справах зазналі 287 жыхароў паўвострава, з іх 197 – крымскія татары. Загінулі 60 асобаў (28 – крымскія татары), а 21 асоба сталася ахвяраю гвалтоўнага знікнення, у тым ліку 15 татараў. Пераследуюць крымскіх татараў і на тэрыторыях, якія РФ акупавала з 2022 года, у тым ліку ў суседняй з Крымам Херсонскай вобласці.

Супраціў не спыняецца

Аднак рэпрэсіі не спыняюць крымскататарскага супраціву. 18 траўня 2023 года, у гадавіну дэпартацыі, крымскататарскі рух «Атэш» узяў на сябе адказнасць за падрыў чыгункі каля Бахчысараю. На яго рахунку таксама іншыя дыверсіі на акупаваных тэрыторыях і нават у самой Расеі, у тым ліку замах на расейскага прапагандыста Захара Прылепіна.

«У перакладзе з крымскататарскай «Атэш» азначае агонь. Гэта нефармальны крымскататарскі корпус у складзе ўкраінскіх партызанаў. Менавіта крымскія татары ў будучыні павінны стаяць на варце Крыму і ўкраінскага кантролю над паўвостравам. За 23 гады [да анексіі ў 2014 годзе. – Заўвага рэд. belsat.eu] мы звярталіся да Кіева з просьбай умацаваць нашыя пазіцыі, бо мясцовыя ўлады нас не пускалі ні ў войска, ні ў паліцыю, у нас не было доступу да зброі і навучання. У 2014 годзе ў нас не было магчымасці абараніць Крым. Цяпер мы выпраўляем гэтыя памылкі, змагаючыся ў шэрагах Збройных сілаў Украіны, у тым ліку ў Бахмуце. У Крыме ваююць партызаны, падначаленыя ГУР [Галоўнае ўпраўленне выведкі. – Заўвага рэд. belsat.eu] і МУС. Але пасля вызвалення нам спатрэбіцца мець у Крыме ўласны корпус ЗСУ. Які будзе абараняць ўкраінскасць і крымскататарскасць Крыму», – распавёў Усэйнаў, падкрэсліўшы, што «ўсе дзеянні «Атэшу» кантралююцца ўкраінскаю дзяржаваю».

Паводле палітолага, «нават у сучаснай Еўропе сіла голасу той ці іншай нацыі ў дыскусіі залежыць ад яе вайсковых магчымасцяў. Таму крымскія татары ўтвараюць корпус «Атэш».

Будучыня татараў – ва Украіне

Суразмоўца падкрэсліў, што крымскія татары «не бачаць сваёй будучыні па-за межамі Украіны». Размовы пра незалежнасць Крыму ці яго інтэграцыю з Турэччынаю не маюць падтрымання ў грамадстве і ўспрымаюцца як шаленства. Крым «занадта малы і не самадастатковы» для незалежнасці, але пры гэтым «занадта салодкі для недэмакратычных рэжымаў, якія яго атачаюць».

«Крымскія татары – рэалісты, яны маюць вельмі выразна вызначанага ворага і самую вялікую крыніцу пагрозы – Расею ў любым выглядзе. Таму адзіная альтэрнатыва сёння – дэмакратычная Украіна, як мага лепш інтэграваная з Захадам, з NATO, Еўрапейскім Звязам. Украіна, у якой крымскія татары змогуць жыць мірна, бяспечна і аднаўляць уласную культуру», – заявіў Усэйнаў.

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

Тым не менш ва Украіне крымскія татары ўсё ж разлічваюць на аўтаномію, якая б дазваляла «развіваць уласную культуру, літаратуру, мову, гістарыяграфію, гістарычную памяць і забяспечваць адукацыю на сваёй нацыянальнай мове».

«Але гаворка вядзецца не пра вывучэнне крымскататарскай мовы два разы на тыдзень толькі ў тых школах, дзе вучацца татары. Калі крымскататарская мусіць быць (разам з украінскай і расейскай) афіцыйнаю моваю, то яе павінны вучыць у школах усе вучні, бо татарскія дзеці вывучаюць украінскую і расейскую мовы. Гэта, у тым ліку, для таго, каб чыноўнік умеў размаўляць на афіцыйнай мове з просьбітам. Таксама ў музеях татарская культура павінна быць рэпрэзентаваная нароўні з украінскай і расейскаю», – заявіў палітолаг.

Таксама аўтаномія мусіць гарантаваць татарам, што без іх не будуць прымаць ніякіх стратэгічных рашэнняў адносна Крыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня нацыянальнага сцяга крымскататарскага народу ў Запарожжы. 26 чэрвеня 2020 года.
Фота: Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Як вярнуць Крым

У пытанні вяртання Крыму татары, паводле Усэйнава, здольная «на ўсё, што загадае Кіеў»:

«Калі прыйдзе загад яшчэ раз падарваць Крымскі мост – яго падарвуць. Калі спатрэбіцца, будзе падарваная чыгунка, якою расейцы забяспечваюць войскі, што забіваюць украінцаў. Могуць быць спаленыя рэлейныя шафы. Вядома, нявінных людзей не будуць забіваць, бо ўкраінскія жаўнеры не забіваюць мірных жыхароў. Пакуль мірныя жыхары не возьмуць зброі ў рукі, не распачнуць калабаранцкіх дзеянняў, да таго партызаны не пачнуць ніякіх вайсковых дзеянняў супраць насельніцтва. Любы іншы загад з Кіева будзе выкананы».

Каментар
Калі згніе «гэты монстр»? Расейскія сепаратысты – пра будучыню РФ і незалежнасць народаў
2023.04.24 16:24

Палітолаг таксама мяркуе, што запланаваны ўкраінскі контрнаступ ужо пачаўся. Пакуль перадусім у форме ўздзеяння на расейскую армію, калабарантаў і сепаратыстаў:

«Мэта ўкраінцаў – запалохаць іх да такой ступені, каб яны беглі з Крыму. І гэта працуе, бо расейскія афіцэры ўжо вывозяць свае семʼі з Крыму і паўднёвых вобласцяў Украіны. Яны баяцца, што, калі пачнецца контрнаступ, будзе ўжо запозна. Гэта таксама элемент псіхалагічнай дзейнасці ўкраінскага боку».

На думку палітолага, мэта ўкраінскага вайсковага камандавання не забіць расейскіх жаўнераў, а мінімізаваць свае страты. Гэтак паўздзейнічаць на расейцаў, каб яны адступалі і не супраціўляліся, як гэта было ў выпадку з Херсонам:

«Расейцы не лічацца са смерцю сваіх жаўнераў, а ўкраінцы – так. Гэта дзве мадэлі: расейская дэспатычная і ўкраінская дэмакратычная. Украіне патрэбныя людзі, каб аднавіцца пасля вайны, а гэта дзяржава з вельмі развітой інфраструктурай. Яна не можа безразважна адпраўляць людзей на вайну і прымае толькі неабходныя страты. Так што, пакуль псіхалагічная аперацыя, на думку Генеральнага штабу і палітыкаў, эфектыўная, яна будзе працягвацца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна. 27 чэрвеня 2020 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Не расчляніць, але аслабіць

«Атэш» заяўляе, што мае свае арганізацыі таксама сярод татараў Татарстану і Сібіры. Але суразмоўца не ўпэўнены ў тым, што «гэты рух ужо дастаткова развіты, каб цяпер пачаць узрываць рэйкі ў Казані ды іншых нерасейскіх рэгіёнах Расеі».

«Такія акты, вядома, будуць мець месца, але наўрад ці будуць дастаткова масавымі, каб паўплываць на сітуацыю ў самой Расеі. Але гэта не значыць, што нічога не здарыцца. Легіён «Свабоды Расеі» нядаўна абвясціў у відэазвароце, што хутка тысячы расейцаў-антыпуціністаў нагадаюць пра сябе. Усё гэта ўжо адбываецца. Мне здаецца, гэта частка грандыёзнага плану. Аперацыя, якая будзе звязваць расейскія войскі ўнутры краіны, адцягваючы іх ад украінскага контрнаступу», – мяркуе Усэйнаў.

Але, паводле палітолага, рабіцца гэта будзе не для таго, каб расчляніць Расею, а каб «аслабіць яе і пераканаць рэгіянальныя ўлады, атачэнне Пуціна, што калі яны хочуць, каб Расея не разляцелася, яны павінны самі адхіліць Пуціна ад улады». Бо мэта ўкраінцаў – не разбіць Расею на кавалкі, а вярнуць сабе ўласныя землі.

Аналітыка
«Беларусь – адназначны прыярытэт». Як Смаленск, Пскоў і Цвер рыхтуюцца да пост-Расеі
2023.01.26 07:00

Piotr Jaworski, Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў