Белы, чырвоны, чорны… У Варшаве прэзентавалі фотапраект «Колеры беларускага пратэсту»


У варшаўскай прасторы «Media Port» 27 траўня прэзентавалі фотапраект «Колеры беларускага пратэсту». У стварэнні фотакнігі ўзялі ўдзел 26 беларускіх фатографаў, якія працавалі падчас пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі. Але галоўны герой выдання – колер. А дакладней – колеры.

«Мне падавалася, што калі глядзець на тое, што адбылося ў 2020 годзе, з вялікай адлегласці, то там сапраўды прысутнічаюць тры асноўныя героі, тры нейкія сілы, тры энергіі, якія выяўляюць сябе праз колеры: чорны, белы і чырвоны», – сказала на пачатку прэзентацыі аўтарка канцэпцыі выдання (імёнаў стваральнікаў кнігі не называем у мэтах бяспекі).

Паводле яе, тэарэтычнае абгрунтаванне канцэпцыі стваральнікі праекту знайшлі ў працах вядомага беларускага мастака і культуролага Міхала Анемпадыстава і французскага гісторыка і філосафа Мішэля Пастуро.

Прэзентацыя фотакнігі «Колеры беларускага пратэсту». Варшава, Польшча. 27 траўня 2022 года.

Палітра «каляровай рэвалюцыі»

Але нават «магутная трыяда» – белы, чырвоны, чорны – не закрывала цалкам «кадр» той глыбокай з’явы, якую называем беларускім пратэстам. Зʼявіўся яшчэ адзін герой. Шэры.

«Узгадваючы гісторыі маіх шматлікіх сяброў-фатографаў, якія працавалі на вуліцах, я зразумела, што ў нас застаецца яшчэ нейкі не зняты фон, які ні ў якім разе не павінен быў знікнуць і забыцца: гэта нязробленыя фотаздымкі. Гэта той досвед удзелу ў маршах, супраціву і салідарнасці, які застанецца толькі ва ўспамінах удзельнікаў і які самы час сабраць, пакуль ён яшчэ з намі…» – патлумачыла аўтарка канцэпцыі.

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

Расповеды фатографаў пра здымкі, якія не адбыліся, увайшлі ў асобную кнігу – з шэрай вокладкай. Яна складаецца з 18 аповедаў.

Такім чынам, «Колеры беларускага пратэсту» – гэта, па сутнасці, чатыры кнігі, абʼяднаныя адной тэмай і палітрай энергіяў беларускай «каляровай рэвалюцыі».

Прывабна пахнуць, выдатна аформленыя, перацягнутыя ў адно цэлае гумкамі колераў «трыады».

«Выстройвалі нелінейна, без якіх-кольвек подпісаў, каб гэта эмацыйна прабівала чалавека», – патлумачыла ўдзельнікам прэзентацыі фотарэдактарка праекту.

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

«Зрабіць гэты здымак… я не мог»

Менеджар праекту заўважыў, што чацвёртая кніга, у якой сабраныя ўспаміны фатографаў пра «неадбытыя» фотаздымкі, зрабілася «магічным адкрыццём». І прызнаўся, што асабіста для яго тэкставая частка праекту – «самая цікавая, глыбокая і значная».

«Пачытайце ўспаміны Вадзіма Заміроўскага. Ён ляжыць у аўтазаку з заламанымі рукамі, а думае ў гэты момант вось пра што: «Як шкада, што не магу зрабіць фота!» Бо ўсё супала: велізарны чалавек у чорным, дубіна, мацюкі, за ягонай спінай – чырвона-зялёны сцяг… Нармальны чалавек у такой сітуацыі проста баіцца, а не думае, якая крутая фотка б выйшла!» – падзяліўся менеджар фотакнігі «Колеры беларускага пратэсту».

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

Сваймі гісторыямі пра нязробленыя фотаздымкі падзяліліся падчас прэзентацыі кнігі і самі фатографы.

Зміцер Вайноўскі расказаў, што наўмысна здымаў маршы на чорна-белую стужку, каб глыбей спазнаць «душу беларускага пратэсту». Падчас аднаго з маршаў стаў сведкам таго, як людзі ў чорным хапалі жанчын і цягнулі іх за валасы ў аўтазакі. Потым апынуўся разам з людзьмі ў цемры аднаго з падʼездаў. Побач з ім сядзела дзяўчына, якая праз нейкі час пачала гаварыць, спрабуючы шэптам выказаць свае боль і гнеў…

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

«І было бачна, што ў свае 20 гадоў яна ўпершыню ўбачыла – твар у твар! – такое невытлумачальнае зло. І, гледзячы на яе твар, на якім святло малявала цьмянае акенца, я бачыў у гэтым спрасаваным імгненні сталенне чалавека… І ў той момант убачыў тое, чаго так шукаў, што хацеў зафіксаваць ад самага пачатку.

Але дастаць фотаапарат і зрабіць гэты здымак… я не мог. І ўпэўнены, што ні мой старэнькі «Pentax», ні светлаадчувальная стужка не змаглі б зафіксаваць тое, што бачыў на ўласныя вочы…

Не шкадую, што не зрабіў таго здымку. Бо яго трэба было адчуць…» – расказаў Зміцер.

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

«Такое магло быць толькі ў кіно»

Пазітыўных эмоцыяў дадала вядомая фатографка Ірына Арахоўская, распавёўшы пра сваю нерэалізаваную фотагісторыю падчас затрымання ў Салігорску. Расказала, што звычайна не падпарадкоўвалася міліцэйскім камандам «Не здымаць!». Але ў Салігорску пасля падобнай каманды схавала фотаапарат. Думала – не затрымаюць.

І памылілася. Апынулася ў выніку ў РАУСе. Балазе на той момант у Салігорску да журналістаў супрацоўнікі МУС ставіліся яшчэ «троху па-іншаму» – запарылі нават кавы.

«І тут я разумею, што ў мяне канцэрт «РСП» у Менску і што я ўжо спазняюся. Абсалютна абураная, кажу ім: «Усё, тры гадзіны – і мне трэба ехаць». А яны: «А хто такі «РСП»? І вось у выніку яны ўключаюць «РСП» – «Ружовы закат», і гэтая песня грае на ўвесь РАУС.

А я сяджу і думаю: «Госпадзі, чаму я зараз не магу дастаць сваю камеру?..» Бо такое магло быць толькі ў кіно. Яны круцілі гэтую песню два разы…» – расказала Ірына Арахоўская.

Сваймі гісторыямі падзяліліся таксама ўдзельнікі праекту – фатографы Яўген Атцецкі, Павел Крычко, Алесь Пілецкі. Напрыканцы сустрэчы былі агучаныя пранізлівыя радкі тэксту Андрэя Дубініна – пра «белы дзень» 13 жніўня 2020 года.

«Было адчуванне, што цемра адступіла і што гэта – дзень перамогі. Я проста не змог бы гэта зняць, бо бачыў толькі пачуцці…» – напісаў фатограф.

Тры колеры: чорны

Напрыканцы імпрэзы каманда стваральнікаў нагадала, што чорнага як абсалютнага зла проста не існуе. Паводле Міхала Анемпадыстава, гэта колер неапазнанай тэрыторыі, якая заўжды мае шанец быць спазнанай і названай. Чорны – гэта проста нешта, што мае шанец стаць белым. Святлом. Беларускім светам.

Праект «Колеры беларускага пратэсту» ажыццяўляўся цягам года. Прэзентаваны ў Варшаве, бо калі б зʼявіўся ў Беларусі, адразу трапіў бы ў чорны спіс «экстрэмісцкіх» выданняў.

Фотакніга «Колеры беларускага пратэсту». Аліса Ганчар / Белсат

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў