«Народу ў вочы глядзець будзе не сорамна!» Гісторыя Уладзіслава Барысава

Алена Барысава, маці Уладзіслава Барысава, які быў затрыманы 13 верасня. Менск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

13 верасня 2020 года – дзень, калі Алена Барысава апошні раз бачыла свайго сына Уладзіслава. Мы паразмаўлялі з маці, якая ўжо 8 месяцаў то з адчаем, то з надзеяй і аптымізмам спрабуе чым-кольвек дапамагчы свайму зняволенаму сыну.

«Раніцою 13 верасня я з’ехала на лецішча. А Улад разам са сваім сябрам Мікітам запланаваў чарговую нядзельную роварную вандроўку. Хлопцы апынуліся ў раёне станцыі метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся найбольш актыўныя нядзельныя пратэсты. Недзе а 13:00 мне затэлефанавалі ўзрушаныя суседзі і распавялі, што ў наш двор прыехалі аўтазакі, прывезлі Улада, правялі вобшук ягонага самахода. Сведчылі, што Улад быў моцна збіты. З гэтага дня і да сёння сына я больш не пабачыла».

Уладзіслаў Барысаў. Менск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Уладзіслава Барысава 1999 года нараджэння завезлі на Акрэсціна, дзе ён, згодна з пастановаю суда, павінен быў адбыць 13 содняў пакарання. Але і праз 13 дзён маладзён на волю не выйшаў. Зʼявіўся новы артыкул, гэтым разам крымінальны. Некалькі разоў вязню мянялі «прапіску»: Жодзіна, «Валадарка», зноў Жодзіна. У лютым 2021-га Уладзіслава вярнулі ў ізалятар на Валадарскага і выставілі абвінавачанне. Каб знайсці падставы, спатрэбілася больш за 7 месяцаў. Паводле адваката, яму інкрымінуюць першую і другую часткі 293 артыкулу, а таксама першую, другую і трэцюю часткі 342 артыкулу.

Не ясна, у чым канкрэтна вінавацяць Уладзіслава і ягоных сяброў

«Адвакат, якога дапамог знайсці праваабарончы цэнтр «Вясна», шчыра прызнаецца, што такой «дзіўнай справы ў ейнай практыцы яшчэ не было», – распавядае спадарыня Алена.

Да сёння не ясна, у чым канкрэтна вінавацяць Уладзіслава і ягоных сяброў. З ім у гэтай справе праходзяць Мікіта Літвіненка, Уладзімір Мацюш і маладзён Ян, прозвішча якога, на жаль, маме Уладзіслава не вядомае. Як мяркуе спадарыня Алена, адзіным фактам крымінальнага злачынства сына следчыя лічаць фотаздымкі, якія Уладзіслаў рабіў ля станцыі метро «Пушкінская» 10 жніўня 2020 года падчас найбольшага супрацьстаяння пратэстоўцаў з сілавікамі. Гэтыя здымкі былі знойдзеныя падчас вобшуку, менавіта яны маглі стацца падставаю для пачатку крымінальнага пераследу.

Алена Барысава. Менск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

«Апошні ліст ад сына быў датаваны 19 траўня. А 2 чэрвеня Улад у вязніцы будзе сустракаць сваё 22-годдзе. За гэтыя гады сын скончыў юрыдычны каледж. Паступіў у БДУ на юрыдычны факультэт і паспеў скончыць 3 курсы. Але паколькі былі патрэбныя грошы на навучанне, то вырашыў сысці ў акадэмічны адпачынак. Працаваў на «Белаўкцыёне» фатографам. Улад меў два хобі: фатаграфія і ровар. Мой асноўны боль палягае ў перажываннях за фізічны стан Улада. У сына сурʼёзная хвароба – коксартроз (запаленне кульшы, або тазабедраных суставаў). Існуе вострая патрэба два разы на год у лячэнні хондрапратэктарамі. Менавіта праз гэта яго не ўзялі на вайсковую службу».

Палітычным вязнем Улада пакуль не прызналі

Спадарыня Алена доўга распавядае пра тое, якімі чалавечымі якасцямі надзелены ейны сын. Спакойны, ураўнаважаны, разумны, паважаны суседзямі ды знаёмымі – гэта толькі некаторыя з словаў, якімі апісвае свайго сына маці.

Сама спадарыня Алена мае інваліднасць 3-й групы. Паслугі адваката аплочвае сям’я. За ўсе 8 месяцаў дапамогі ад якіх-кольвек фондаў не мае. І палітычным вязнем Улада пакуль, на вялікі жаль, не прызналі. Улад у вязніцы таксама перажывае эмацыйныя арэлі. Але пераважае настрой, як у гэтым кавалачку ліста: «Шчыра табе скажу, што мяне наагул перастала турбаваць гэтая камедыя. Колькі дадуць? Але ж важна не колькі, а за што. За тое, што я выказаў тое, што ў мільёнаў у галаве. За тое, што я не пабаяўся выйсці. За тое, што я нашмат больш свабодны за гэтых бяздарнасцяў: магу рабіць тое, што напраўду хачу, і магу не рабіць таго, чаго не хачу. А народу ў вочы глядзець будзе не сорамна».

Алена Барысава. Менск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Распавяла спадарыня Алена і яшчэ пра адзін цікавы эпізод з жыцця гэтых 8 месяцаў. Аднойчы з вязніцы прыйшоў ліст, напісаны Уладам на чысцюткай беларускай мове. Як кажа маці, гэта быў сапраўдны эмацыйны шок, бо Улад заўсёды размаўляў і пісаў па-расейску. Пазней яна даведалася, што прычынаю такой раптоўнай беларусізацыі стаўся Павел Севярынец, з якім ейны сын сядзеў у адной камеры на «Валадарцы» цягам двух месяцаў.

Мама Улада з памяці пераказвае і яшчэ адну, на ейны погляд, важную цытату з ліста сына. «Прыйшоў, пабачыў, адсядзеў!» – так выказваецца вязень аб прычынах свайго зняволення, сцвярджаючы, што нічога крымінальнага ці наўпрост дрэннага ён не здзейсніў.

Спадарыня Алена вельмі спадзяецца, што калі днямі выставяць канчатковае абвінавачанне і справу накіруюць у суд, то і праваабаронцы, і журналісты, і проста неабыякавыя суайчыннікі не пакінуць гэтага працэсу без сваёй увагі. А мы яшчэ раз нагадваем, што вязні чакаюць нашага падтрымання. Пішам лісты, кантактуем з роднымі і блізкімі, выказваем свае спачуванні!

Алена Барысава. Менск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Пісаць Уладзіславу Барысаву можна на наступны адрас: СІЗА № 1, камера 101, вул. Валадарскага, д. 2, 220030, Менск.

СГ belsat.eu

Hавiны