Гадаваць янотаў і паехаць у кругасветнае падарожжа. Асуджаны на 7 гадоў Яўген Афнагель абмяркоўвае з жонкаю планы пасля вызвалення


Падчас выбараў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель адседжваў 15 содняў, якія атрымаў за прысутнасць на адным з пікетаў Святланы Ціханоўскай. Калі выйшаў на волю, убачыў безліч людзей, бел-чырвона-белыя сцягі і ланцугі салідарнасці. Раней з жонкаю Кацярынай яны дамовіліся, што пасля выбараў пастановяць, ці заставацца ў Беларусі. І ў выніку зразумелі, што хочуць быць менавіта ў гэтай краіне і побач менавіта з гэтымі людзьмі. Яўген паспеў адчуць эйфарыю ад народнага ўздыму, але ў верасні аказаўся затрыманым і абвінавачаным паводле крымінальных артыкулаў. 25 траўня актывісту прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А ён стаяў з паплечнікамі ў клетцы і смяяўся. Яшчэ да агучвання выраку мы сустрэліся з Кацярынай, якая засталася даглядаць дом і трох сабакаў.

«Вядома, яго затрымалі не за ўдзел у масавых беспарадках, а за актыўную пазіцыю і шматгадовую барацьбу. Усё, што Жэня рабіў, цяпер я гэта разумею, было недарэмна. У тым ліку дзякуючы яму ў нас паўсюль бел-чырвона-белы сцяг. Яны ведалі, што Жэня прынцыповы, што ён можа зарганізаваць людзей, і такім чынам пазбавіліся ад небяспечнай для сябе асобы».

Каця чытае ліст ад мужа, палітвязня Яўгена Афнагеля. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Хутка будзе ўжо 10 гадоў, як Кацярына і Яўген разам. Яны пазнаёміліся ля Валадаркі, на акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі, а стасункі пачалі ў Літве, куды абое з’ехалі праз асабістую небяспеку.

«Ён прыходзіў да мяне на працу і карміў кібінамі ды ежаю з «МакДоналдсу», і я адразу ж скарылася. Жэня ўвогуле вельмі добры, з ім весела, ён авантурыст. За мяжою мы засталіся на пяць гадоў, спачатку ў Літве, потым у Польшчы, але нас кожны дзень цягнула сюды. Мы хацелі вярнуцца, гэта нават не абмяркоўвалася, але не было ўпэўненасці, што на Жэню не завялі крымінальную справу. У выніку ён рызыкнуў і паспрабаваў проста перасячы мяжу. І ўсё прайшло добра».

Каця і Яўген Афнагелі ў падарожжы. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Ажаніліся маладзёны пяць гадоў таму, і Кацярына спаўна зазнала, што значыць быць жонкаю палітычнага актывіста ў Беларусі – з ягонымі штрафамі, арыштамі і дзясяткамі амапаўцаў вакол дому.

«Гэта, безумоўна, складана, пагатоў калі астатнія беларусы жывуць у смак і ўсяго гэтага не бачаць. Калі выйшаў палітвязень Міхаіл Жамчужны, я зразумела, што мы ўсе жылі ўласнымі праблемамі, пакуль чалавек несправядліва сядзеў столькі гадоў. Нам жа дапамагала тое, што я падзяляю ідэі Жэні: для мяне свабодная Беларусь – самая вялікая мара. Да таго ж мы заўсёды стараліся нечым ураўнаважваць дрэнныя падзеі. Напрыклад, мінулы Новы год Жэня таксама правёў у турме, і мы адразу вырашылі з’ездзіць куды-небудзь адпачыць. Таму да гэтага арышту нашае жыццё было вясёлым і шчаслівым».

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

А гісторыя гэтага арышту ўмоўна пачалася яшчэ ў чэрвені, калі зняволілі Паўла Севярынца, а вакол дому Афнагеляў раптам з’явіліся каля пяцідзесяці амапаўцаў, якія тыдзень дзень і ноч дзяжурылі па перыметры.

«Мы разумелі, што лепш заціхарыцца, таму Жэня ўвесь час быў удома, а ў краму і выгульваць сабакаў хадзіла я. І адразу бачыла назіранне. Было непрыемна, хаця, калі б я ведала, на што гэтыя людзі здольныя, мне было б страшна. Мы часам перасякаліся, і яны паводзілі сябе больш-менш прыязна. Дом штурмам не бралі, відаць, нейкія межы яшчэ былі».

Каця, жонка палітвязня Яўгена Афнагеля. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Пара пераседзела асаду і хутка Яўген з’ехаў у канспіратыўную кватэру, куды прыйшлі 31 ліпеня, выламалі дзверы ды забралі яго на 15 содняў. А праз месяц пасля вызвалення Яўгена зноў забралі, гэтым разам надоўга. Паводле Кацярыны, кватэру, у якой ён тады быў, узялі штурмам, са зброяй. У той жа дзень арыштавалі іншых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

«Для маці Жэні самае страшнае, што яна не дажыве да ягонага вызвалення»

З моманту затрымання да прысуду ў сужэнцаў не было ніводнага спаткання, 8 месяцаў камунікацыя адбывалася праз лісты і адваката. Працэс у Магілёве быў закрытым, на яго не пусцілі нават сваякоў. «Гэта быў удар: усе гэтыя месяцы мы чакалі суда, каб убачыцца, у лістах толькі пра гэта і пісалі. Я пахадзіла па Магілёве, вярнулася дадому і праспала дванаццаць гадзінаў, бо стрэс быў каласальны». Убачыць Яўгена жонка здолела толькі на абвяшчэнні выраку, а ўжо на наступны дзень – на спатканні.

У сваіх лістах Яўген прапаноўвае Каці загадаваць янота. Каця пакуль не пагаджаецца. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У студзені актывісту не дазволілі трапіць на пахаванне бацькі. Для Кацярыны смерць свёкра зрабілася самым цяжкім момантам за ўвесь гэты час, да таго ж усе клопаты ёй давялося ўзяць на сябе.

«Жэня пісаў, што трымаецца, усё-такі ягонаму бацьку было 83 гады, але ў лісце сяброўцы прызнаўся: маўляў, праз стрэс наагул не помніць апошняга тыдня. Ужо пасля пахавання да Жэні дайшоў ліст ад бацькі, яны дасылалі адзін аднаму шахматныя задачы і геаграфічныя рэбусы. Я хвалявалася: як гэта, атрымаць ліст ад таты пасля ягонай смерці? Але Жэня быў задаволены».

Праз гэта маці Яўгена – ёй 85 гадоў – стала хвалявацца, што больш ніколі не ўбачыць сына. «Для яе гэта самае страшнае, яна ўвесь час знаходзіць у сабе розныя хваробы і баіцца, што не дажыве да вызвалення Жэні. Пакуль я ўсталявала ёй Telegram і YouTube, яна можа днямі глядзець розныя палітычныя відэа і такім чынам адцягвае ўвагу».

Кацярына займаецца ўсімі побытавымі пытаннямі, даглядае дом і трох сабакаў. Старэйшы сабака тым часам сумуе па гаспадару, бывае, проста сядзіць і вые ў пустэчу.

Каця, жонка палітвязня Яўгена Афнагеля. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Мяне папракаюць, што я распесціла Жэню, але я купляю яму ўсё найлепшае, кшталту круасанаў з «Т’еры», замаўляю выпечку і торцікі, перадаю шмат смачнага. Калі ў Магілёве ўвялі новыя правілы, ён дарваўся да колы і марозіва. Перадачы, лісты і сустрэчы з адвакатам, вядома, займаюць час, але гэта не складана, куды складаней адной даглядаць дом. У мяне была вясёлая зіма: то газавы кацёл зламаўся, то аўтаматычныя вароты замерзлі. Я развязвала 100500 побытавых пытанняў. Цяпер вось трэба думаць, як пакасіць участак».

У гэты час сваім галоўным абавязкам дзяўчына лічыць падтрыманне мужа: «Ён павінен ведаць, што ў нас усё добра, бо тады і ў яго ўсё будзе добра. У лістах Жэня пастаянна піша, што ён нармальна пратрымаецца, але і мы павінны не раскісаць».

У святы Яўген умудраўся адпраўляць жонцы кветкі, у гадавіну дасылаў адмысловыя лісты, некаторы час таму распачаў цэлую янотную кампанію: «Ён малюе мне кучу янотаў і кажа, што, калі выйдзе, трэба будзе іх тэрмінова загадаваць. На малюнках яны вельмі прыгожыя, але не, ніякіх янотаў, трох сабакаў дастаткова».

«Што б у свеце ні адбывалася, у Жэні пазітыўны настрой»

«Пасля этапавання ў Магілёў Жэня пісаў, што з трыццаці палітычных у этапе толькі ён і Павел Севярынец былі прызнаныя палітычнымі вязнямі. Пра астатніх ніхто не ведае, і з гэтым трэба нешта рабіць: палітвязняў насамрэч не чатырыста, а каля трох тысячаў. Я ўяўляю, як гэтыя людзі сядзяць без аніякай падтрымкі і, напэўна, шкадуюць, што выказалі сваю пазіцыю».

Пасля затрымання Яўгена Кацярыне здавалася, што ўсё развяжацца хутка і Новы год яны сустрэнуць разам. Калі яна абмяркоўвала гэта з блізкімі, усе гаварылі, што справа нават не дойдзе да суда. Потым, калі справа дайшла да суда, думалі, што да калоніі Жэня ўсё ж не даедзе.

У Каці і Яўгена ёсць тры сабакі – аляскінскія маламуты. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Цяпер я наагул не магу рабіць прагнозаў. За гэты час я навучылася спадзявацца на лепшае, а рыхтавацца да горшага. Мне вельмі не стае Жэні. Я сумую па тым, як мы прачыналіся раніцай і ён гатаваў сняданак, каву з карыцай. Як мы глядзелі серыялы. Цяпер мне даводзіцца ў лістах пераказваць кожную серыю «Аповеду служанкі». Па тым, як мы разам бавілі час, гулялі з сабакамі, каталіся на роварах, абмяркоўвалі ўсё на свеце і проста былі побач. Каб абстрагавацца, я ўвесь час старалася знайсці сабе нейкі занятак. Перад Новым годам паставіла задачу ўстанавіць самую прыгожую ялінку ў свеце. І мне ўдалося. Потым задумала рамонт і ўклала ў яго шмат высілкаў. Сёння я проста баўлю час з сабакамі, сябрамі і планую кругасветнае падарожжа, у якое мы з Жэнем паедзем, калі ён выйдзе. Але ў цэлым сілы ўжо канчаюцца, у мяне асабліва больш няма ідэяў, як адцягваць увагу».

Каця, жонка палітвязня Яўгена Афнагеля, побач з дрэвам, якое ён пасадзіў некалькі гадоў таму. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Яўген Афнагель у зняволенні гуляе ў шахматы, чытае кнігі, займаецца спортам, вучыць англійскую, у Валадарцы крыху падвучыў турэцкую. У турме ў актывіста з’явіліся сябры.

«Жэня добра трымаецца, але ён заўсёды добра трымаецца. Што б у свеце ні адбывалася, у яго пазітыўны настрой. Ягоная жыццёвая пазіцыя: калі здараецца нешта дрэннае і гэта нельга змяніць – няма сэнсу расстройвацца, трэба браць ад жыцця ўсё і радавацца добрым рэчам. Я ведаю, поўны тэрмін Жэня сядзець не будзе. І ягонае вызваленне, упэўненая, будзе нечаканым. Думаю, гэта будзе званок, можа быць, з вакзалу, і мне трэба будзе несціся яго сустракаць. Я хутчэй прывязу яго дадому, спяку што-небудзь смачнае, паклічам нашых мам. Я ўяўляю, як ён будзе бегаць па доме, радавацца і ціскаць сабачак, а сабакі будуць радавацца яшчэ больш».

Стол, за якім працаваў Яўген Афнгаель. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў