У Менску асудзілі стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага


У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы палітзняволенага Сяргея Франчука, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Сяргея асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Сяргей Франчук. Крыніца: spring96.org

Сяргея Франчука абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 КК за знявагу Лукашэнкі, арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт 130 («Распальванне варожасці»), а таксама паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Вырак вынес суддзя Яўген Пісарэвіч, які даў палітзняволенаму роўна такі тэрмін, якога патрабаваў дзяржабвінаваўца Раманенка.

У жніўні 2022 года бабруец Сяргей Франчук мусіў выйсці на волю пасля 15 содняў адміністратыўнага арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыі, але застаўся за кратамі – супраць яго завялі крымінальную справу.

Як паведамілі сваякі Сяргея пасля затрымання, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. Гэтак, 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек з менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі Сяргея пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея Франчука.

На наступны дзень у тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, было апублікаванае «пакаяннае» відэа з Сяргеем, у якім ён казаў, што «катэгарычным чынам» не ўхваляе дзеянняў брата, і распавёў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе. Таксама ён дадаў, што абражаў міліцыянтаў у чаце тэлеграм-каналу палка. Раней на допыт у КДБ выклікалі стрыечную сястру намесніка камандзіра палка і ейнага мужа. Ім задавалі пытанні пра Вадзіма Кабанчука.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў