Прайшло паседжанне камісіі для вяртання на чале з генпракурорам


У Менску 28 красавіка прайшло першае паседжанне Камісіі для разгляду зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія застаюцца за мяжой, у пытаннях учынення імі правапарушэнняў. Паседжанне ўзначальваў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, паведамляе Генпракуратура.

Паседжанне камісіі для вяртання.
Фота: prokuratura.gov.by

У ведамстве паведамілі, што за ўвесь час у камісію праз электронную пошту і тэлеграм-бот паступіла больш за 60 зваротаў. На пачатку красавіка генпракурор Беларусі Андрэй Швед заяўляў, што ў камісію для вяртання беларусаў, якія з’ехалі, паступіла 56 заяваў. Камісія працуе з 6 лютага, за першы месяц у яе звярнуліся 23 асобы.

Андрэй Швед на паседжанні камісіі для вяртання.
Фота: prokuratura.gov.by

Па выніках сустрэчы і разгляду зваротаў былі прынятыя рашэнні аб інфармаванні шэрагу грамадзянаў аб адсутнасці ў іхным дачыненні на дату звароту ў камісію распачатага адміністратыўнага працэсу або пачатай крымінальнай справы. Таксама некаторыя з тых, хто звярнуўся, будуць праінфармаваныя аб іхным працэсуальным становішчы ў справе аб адміністратыўным правапарушэнні, крымінальнай справе.

Колькі зваротаў змагла разгледзець камісія і колькі грамадзянаў атрымаюць інфармацыю аб існаванні крымінальнай або адміністратыўнай справы супраць сябе – не паведамляецца.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў указ «Аб разглядзе зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў», праз месяц запусцілі сайт камісіі.

У склад камісіі разам з генпракурорам увайшлі такія сілавікі, як старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель і міністр унутраных справаў Іван Кубракоў; прапагандысты Грыгорый Азаронак, Марат Маркаў, Андрэй Мукавозчык, Іван Эйсмант і іншыя.

Ва ўказе гаворыцца, што беларусы, якія жадаюць вярнуцца ў краіну праз камісію для вяртання, павінны раскаяцца, прынесці публічныя прабачэнні і пакрыць прычыненую шкоду. З каментароў у дзяржаўных медыях вынікае, што па вяртанні нават праз камісію беларусаў можа чакаць зняволенне. Праваабаронцы ж заклікаюць не звяртацца ў камісію, бо існуюць выпадкі, калі беларусаў па вяртанні на радзіму праз такія праграмы ўсё роўна затрымлівалі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў