З журналісткі «Нашай Нівы», якую ў 2020 годзе ранілі сілавікі, хочуць спагнаць грошы за бальнічны


З журналісткі «Нашай Нівы» Наталлі Лубнеўскай, якую сілавікі паранілі ў нагу падчас працы на пратэстах у жніўні 2020 года, страхавая кампанія хоча спагнаць грошы за бальнічны. Пра гэта яна расказала на сваёй старонцы ў Facebook.

У цэнтры — параненая журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«З мяне хочуць спагнаць грошы за бальнічны – той самы, які я правяла пасля таго, як нейкі баец стрэліў мне ў нагу. Патлумачу. Сродкі на аплату бальнічнага работніку звычайна выдаткоўвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У маім кейсе, калі гэта няшчасны выпадак на вытворчасці, бальнічны аплочвае «Белдзяржстрах».

Каб закрыць справаздачу, ім патрэбны дакумент пра тое, што справа закрытая (з любым вынікам). Следчы камітэт перыядычна дасылаў адказ, што праверка працягваецца – крымінальная справа па факце ранення так і не была заведзена. Апошнія месяцы патрэбнага ліста ад яго не было. Праверка так і не скончана. Таму «Белдзяржстрах», не атрымаўшы патрэбныя ім дакументы, пагражае спагнаць грошы з мяне», – напісала журналістка.

Журналістку Наталлю Лубнеўскую паранілі ў нагу гумовай куляй 10 жніўня 2020 года падчас працы. Тады дзяўчына рабіла рэпартаж для выдання «Наша Нiва», асвятляла пратэст і затрыманні на вуліцы Кальварыйскай.

Пасля ранення дзяўчына месяц правяла ў шпіталі.

Hавiны
«Вітаем у гестапа». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза
2022.04.27 21:53

АД belsat.eu

Стужка навінаў