Рознакаляровыя каты, калі я спыняюся каля іх на вуліцы Шаўчэнкі, пачынаюць церціся аб мае ногі і гучна муркаць. Спецыяльна прызапашаныя для такога выпадку пакуначкі з каціным кормам сталі абавязковым атрыбутам ваеннага журналіста, як бронекамізэлька і каска. Адразу відаць, што гэта былыя хатнія гадаванцы, якія апынуліся на вуліцы. Маю здагадку пацвярджае жыхар суседняй вуліцы Аляксей, які падыходзіць з бляшанкаю кансерваў.

Хлопец прыходзіць сюды штодня карміць і гладзіць бяздомных жывёлінаў. Ён кажа, што сёння гэта ягоны ўчастак фронту:

«Кожны робіць, што можа. Мой брат цяпер на вайне, абараняе нашую краіну, а я дапамагаю ахвярам вайны. Жывёліны – таксама ахвяры».

Жыхар Чарнігава Аляксей, якой прыглядае за катамі на вуліцы Шаўчэнкі.
Фота: Аляксей Бараноўскі для «Вот Так»

Аляксею цяпер сямнаццаць. Маладзён вучыцца ў каледжы і чакае паўналецця, каб пайсці ў ваенкамат, а затым адправіцца на фронт добраахвотнікам. Васямнаццаць гадоў яму споўніцца ў чэрвені. Ну а пакуль увесь вольны час ён прысвячае апецы над пухнатымі ахвярамі вайны. Пачухаць за вухам і патрымаць на руках трэба кожнага з дзясятка бяздомнікаў.

У чарнігаўскім ветэрынарна-стэрылізацыйным цэнтры «Шаг к животным» цяпер жывуць 200 сабакаў і 60 катоў. «Першапачаткова цэнтр быў разлічаны толькі на сабакаў, але мы не можам адмовіць у абароне і катам, гэта было б як мінімум не сумленна ў дачыненні іх», – кажа кіраўніца цэнтру Таццяна Дзідзенка. З першага дня вайны яна не пакідае працоўнага месца, застаецца са сваімі чатырохралапымі падапечнымі.

«Дахі вальераў знесла, былі ўзгаранні, аскепкамі пасекла платы», – успамінае страшныя дні пад абстрэламі зоаабаронца.

Цэнтр для жывёлінаў, размешчаны на ўскраіне Чарнігава, апынуўся проста на лініі агню паміж украінскімі пазіцыямі і расейскімі захопнікамі. За гэты час страцілі 30 сабакаў: хтосьці загінуў пад абстрэламі, хтосьці ўцёк і не вярнуўся, калі вальеры былі разбураныя. Цяпер намаганнямі працаўнікоў цэнтру і валанцёраў ужо больш-менш наведзены парадак, ідзе рамонт памяшканняў і вальераў.

«Нам трэба 80 кг корму на суткі. Вось прыязджае да нас тона – шмат гэта ці мала? Для кватэры, дзе жыве адна або некалькі жывёлінаў, – шмат, а для нас – пратрымацца 12 дзён, – падлічвае Таццяна Дзідзенка. – Таму дапамогі трэба шмат і мы ўдзячныя ўсім: і валанцёрам, і дабрачынцам, і замежным фондам, і гарадскім уладам Чарнігава. Мы спадзяёмся, што фінансаванне і падтрыманне з іхнага боку не спыняцца».

Дырэктарка ветэрынарна-стэрылізацыйнага цэнтру «Шаг к животным» Таццяна Дзідзенка не пакінула жывёлінаў нават пад абстрэламі.
Фота: Аляксей Бараноўскі для «Вот Так»

Сёння «Шаг к животным» – гэта сапраўдны зоаабарончы хаб для ўсёй Чарнігаўскай вобласці. Сюды прывозяць кармы для прытулкаў і заацэнтраў рэгіёну. «Прыехала да нас, напрыклад, пяць тон корму ад «UAnimals». Тона нам, і чатыры тоны мы мусім пераправіць іншым прытулкам, што жывуць у нястачы, а гэта клапотная праца – каардынацыя, лагістыка, фасаванне, захоўванне і гэтак далей. Але нічога, працуем, дапамога ўсім патрэбная», – распавядае Таццяна Дзідзенка.

Пытаюся, ці адчувае яна сябе героем на перадавой, бо нават проста заставацца пад абстрэламі не кожны зможа, а тым больш на працоўным месцы. «Не, гэта не гераізм – любіць сваю краіну, любіць сваю справу, гэта не гераізм – несці адказнасць, якую ты сам на сябе ўзяў. Я ўзяла на сябе адказнасць за гэты цэнтр і за жыцці тых, хто тут жыве, і не магу ад яе адмовіцца», – адказвае Таццяна і дадае, што на працоўным месцы ў самыя цяжкія дні вайны заставалася не толькі яна, але і іншыя працаўнікі, за што яна ім вельмі ўдзячная.

Юрыдычна «Шаг к животным» – гэта камунальнае прадпрыемства, то бок гарадская ўстанова. Фінансаванне з бюджэту невялікае – каля 3 млн грыўняў на год ($ 99 тыс. пры цяперашнім курсе), пры гэтым зоаабаронцам даводзіцца плаціць ПДВ. Таццяна Дзідзенка адзначае, што праца цэнтру – важная сацыяльная праграма для ўсяго Чарнігава, бо гэта і гуманізацыя грамадства, і аблічча гораду: шмат бяздомных жывёлінаў – гэта дрэнна і для людзей, і для чатырохлапых. Таццяна ўжо 12 гадоў у зоаабароне, яна актыўна ўдзельнічала ў мадэрнізацыі заканадаўства, датычнага жывёлінаў, і ў стварэнні камунальнага прадпрыемства, якое пасля (з 2018 года) узначаліла.

Дзвюм з паловай сотням жывёлінаў у чарнігаўскім ветэрынарным цэнтры «Шаг к животным» трэба больш за 80 кг корму на содні. Яго дапамагаюць знайсці валанцёры і дабрачынцы.
Фота: Аляксей Бараноўскі для «Вот Так»

Цэнтр не прымае жывёлінаў ад насельніцтва. Тут знайшлі прытулак толькі траўмаваныя жывёліны і сабакі небяспечных пародаў: алабаі, нямецкія аўчаркі і г. д. «Такія буйныя сабакі не могуць жыць на вуліцы, іх проста заб’юць. Былі ўжо такія выпадкі ў вёсках Чарнігаўшчыны, – тлумачыць Таццяна Дзідзенка. – Нават пасля стэрылізацыі іх проста нельга і няма куды выпускаць».

Пакуль мы размаўляем, на тэрыторыю цэнтру прыязджае мікрааўтобус з валанцёрамі, якія прывезлі некалькі дзясяткаў мяхоў корму. Таццяна раз-пораз пераключаецца на званкі і развязанне адміністрацыйных пытанняў. Пакуль дырэктарка занятая, іду глядзець царства катоў. Яны жывуць тут асобнай камунай, адгароджанай ад сабакаў, у адміністрацыйным будынку са шпацырным надворкам.

Лёсы ў катоў таксама несалодкія: у кагосьці няма хваста, хтосьці кульгае, у некаторых жывёлінаў засталіся раны на цельцы. Адказная за катоў валанцёрка тлумачыць, што тут жывуць тыя, хто загіне на вуліцы і таму не можа быць вернуты ў гарадское асяроддзе пражывання.

«Гэта жывёліны-інваліды, у некаторых з іх сардэчная недастатковасць, хранічныя захворванні, ёсць аднавокія, пацярпелыя ад рук жывадзёраў або збітыя машынамі. Такіх жывёлінаў уладкаваць у сям’ю цяжка, але некаторым шанцуе», – распавядае валанцёрка.

Валанцёрка Таццяна з кацянём у ветэрынарным цэнтры «Шаг к животным».
Фота: Аляксей Бараноўскі для «Вот Так»

У Чарнігаве, як і ў шмат якіх іншых гарадах Украіны, працуе сістэма АСВВ: адлоў – стэрылізацыя – вакцынацыя – вяртанне. Гэта сучасная сусветная практыка гуманнай рэгуляцыі (памяншэння) колькасці вулічных жывёлінаў. Цэнтр «Шаг к животным» у гэтай схеме – тая арганізацыя, што рэалізуе прынцыпы АСВВ у Чарнігаве. «З 2009 года ў горадзе забаронены адлоў і эўтаназія вулічных жывёлінаў, але за год намаганнямі валанцёраў і зоаабароны ўдавалася стэрылізаваць толькі 300–400 жывёлінаў. З 2018 года, калі быў створаны наш цэнтр, мы стэрылізуем ужо каля дзвюх тысяч жывёлінаў на год. Частку праграмы фінансуе бюджэт, частку – дабрачынцы», – тлумачыць Таццяна Дзідзенка. Пры гэтым праз вайну ўсе намаганні зоаабаронцаў змарнаваліся.

«Ваенныя дзеянні адкінулі нас на 8–10 гадоў назад», – адзначае дырэктарка цэнтру. – Праз разбурэнні жылога сектару на вуліцах апынуліся нават не сотні, а тысячы хатніх жывёлінаў. Некаторыя безадказныя людзі не захацелі браць з сабой у эвакуацыю сваіх чатырохногіх сяброў, некаторыя проста не паспелі гэтага зрабіць», – разводзіць рукамі Таццяна Дзідзенка.

Тым часам у ветэрынарны цэнтр прыходзяць людзі, якія хочуць узяць сабаку. Гэтая працэдура не такая простая, як можа здацца на першы погляд. Трэба аформіць адпаведную дамову, запісаць усе пашпартныя звесткі «ўсынаўляльніка», дасылаць фотасправаздачы з новага дому жывёліны. «Такія ўмовы адпужваюць нядбайных і безадказных сабака- і котаўладальнікаў, але гэта неабходная захада, – тлумачыць Таццяна Дзідзенка. – Адказнае стаўленне да жывёлінаў пачынаецца ад першага кроку».

На вуліцы Шаўчэнкі, дзе на руінах прыватнага сектару жывуць дзесяць катоў, таксама адказна ставяцца да жывёлінаў. Акрамя Аляксея, які прыходзіць сюды з суседняй вуліцы, я сустракаю тут яшчэ дзвюх жанчын – Галіну і Ганну. Адна прыносіць катам мясныя вантробы, другая – сасіскі. «Сама сасісак не ем, катам купляю», – кажа са смехам Ганна. У кожнага з апекуноў з вуліцы Шаўчэнкі ўдома свае каты, у некаторых нават па некалькі. Аднак пакінуць у бядзе пушысцікаў, якія засталіся без жытла, яны не могуць і таму прыходзяць сюды кожны дзень.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

Аляксей Бараноўскі для «Вот Так» / ІР