Восем чалавек загінулі на пажары ў незаконным гостэле ў цэнтры Рыгі


А 4:43 раніцы 28 красавіка здарыўся пажар у гостэле Japanese Style Centrum на вуліцы Меркеля ў Рызе, перадае латвійскае агенцтва Delfi. Пажар лакалізавалі толькі ў 8:03, агонь ахапіў каля 140 м² памяшканняў і дах будынку, працавалі паўсотні пажарных.

На месцы знайшлі целы васьмі загінулых, яшчэ дзевяць чалавек пацярпелі ў агні, з іх шасцёра даставілі ў шпіталі ў стане сярэдняй цяжкасці. Агулам эвакуявалі 20 чалавек, у тым ліку двух дзяцей.

Большасць людзей у гостэле былі замежнікамі. Ці былі сярод іх грамадзяне Беларусі, не вядома. Выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржаўнай паліцыі Латвіі не змог паведаміць журналістам, грамадзяне якіх краінаў загінулі, і дапусціў, што для высвятлення асобаў ахвяраў давядзецца рабіць тэсты ДНК.

Амбасада Беларусі ў Латвіі і Міністэрства замежных справаў не каментавалі здарэння.

Паліцыя распачала крымінальную справу праз злачынства супраць грамадскай бяспекі і парадку. За парушэнне супрацьпажарнай бяспекі, праз якое загінулі два і больш чалавекі, вінаватаму можа пагражаць да 8 гадоў турмы. Затрыманых у справе пакуль няма.

Мэр Рыгі, міністр унутраных справаў і супрацоўнікі аператыўных службаў склікалі надзвычайную прэс-канферэнцыю, на якой расказалі, што памяшканні пад гостэл былі перададзеныя незаконна, а на дзейнасць установы раней былі скаргі. У гостэл раней накіроўвалі пажарнага інспектара, але ўладальнік кватэры не пусціў яго, за што 24 сакавіка быў аштрафаваны на 500 еўраў.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў