Ціханоўская стэлефанавалася з прэзідэнтам Польшчы

Святлана Ціханоўская зладзіла тэлефонную размову з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, паведаміляе офіс экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва.

Паводле Telegram-каналу Святланы Ціханоўскай, яна павіншавала Анджэя Дуду і ўвесь польскі народ з Днём Канстытуцыі, які ў Польшчы адзначаюць 3 траўня. У Беларусі гэты дзень не адзначаецца на афіцыйным узроўні, хоць 3 траўня 1791 году беларускія і польскія землі разам былі ў складзе Рэчы Паспалітай. Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ таксама ганарыцца той Канстытуцыяй — першай у Еўропе і другой у Свеце.

Ціханоўская і Дуда абмеркавалі:

  • сітуацыю з польскай меншасцю ў Беларусі, арышты і абвінавачанні супраць прадстаўнікоў Саюзу палякаў;
  • праграмы падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў у Польшчы;
  • падтрымку Польшчай студэнтаў, акадэмікаў, гісторыкаў, журналістаў, IT-сектару і беларускай дыяспары ў Польшчы;
  • будучую інтэграцыю дэмакратычнай Беларусі ў Бата-Чарнаморскі саюз і «Люблінскі квартэт» (з Польшчай, Украінай і Літвой);
  • удзел беларускіх дэмакратычных актывістаў ва «Ўсходнім партнёрстве»;
  • супрацу з Польшчай у межах АБСЕ, Рады ААН па правах чалавека і іншых арганізацыях, каб наблізіць перамовы з уладамі Беларусі і расследаваць злачынствы супраць беларусаў;
  • прыняцце 4-га павету санкцый Еўразвязу.

Ціханоўская таксама прасіла Дуду працягваць дапамагаць «Белсату», «Еўрарадыё» і «Радыё Рацыя», стыпендыяльнай праграме Каліноўскага; падтрымаць пачатак яе кантактаў з кіраўніцтвам Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Ціханоўская і Дуда пакуль не сустракаліся асабіста, магчымасць зладзіць такую сустрэчу пакуль толькі абмяркоўвалі з амбасадарам Польшчы ў Беларусі. Але яшчэ ў верасні 2020 году з Ціханоўскай сустрэўся прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Святлана Ціханоўская ў Аўстрыі: «Вельмі плённая сустрэча з прэзідэнтам»

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны