Больш за 100 чалавек загінулі ў часе пратэстаў у М'янме за содні


Падчас разгону пратэстаў у розных гарадах М’янмы 27 сакавіка загінулі як мінімум 102 асобы, паведамляе мясцовае выданне «The Irrawaddy».

Пратэсты ў М’янме пасля дзяржаўнага перавароту.
Фота: EPA-EFE

Сярод загінулых ёсць чацвёра дзяцей векам ад 5 да 15 гадоў, а агульная колькасць ахвяраў за ўвесь час пратэстаў ужо дасягнула 429 асобаў.

У ААН гэты дзень назвалі самым крывавым з моманту перавароту.

«Місія ААН у М’янме ўзрушаная бессэнсоўнаю гібеллю людзей сёння, калі паведамляюць пра дзясяткі застрэленых вайскоўцамі па ўсёй краіне», – заявілі там, заклікаўшы прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Пратэсты ў краіне трываюць з 1 лютага, калі ў М’янме адбыўся дзяржаўны пераварот. Вайскоўцы не пагадзіліся з вынікамі восеньскіх выбараў, на якіх кіроўная партыя перамагла. Вайскоўцы абвесцілі роспуск ураду і затрымалі прэзідэнта М’янмы Ўін М’іна і лідарку партыі Аўн Сан Суў Чы, якая займала пасаду дзяржаўнага дарадцы і кіраўніцы МЗС.

Праз некаторы час у краіне пачаліся пратэсты на падтрыманне зрынутага ўраду.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў