Айцішнікі, лётчыкі і выхавальнікі. Паглядзелі, у каго самыя вялікія заробкі


Сярэдні намінальны заробак у Беларусі ў студзені склаў 1 991,2 рубля. Гэта на 279,8 рубля менш, чым у снежні 2023 года, распавёў Белстат. Паглядзелі, як заробак змяніўся за год і хто атрымлівае больш і менш за ўсіх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У рэальным выражэнні, гэта значыць з улікам інфляцыі, сярэдні намінальны заробак у студзені знізіўся на 13 % у параўнанні са снежнем. Аднак, калі параўноўваць са студзенем 2023 года, то ў сярэднім беларусы сталі атрымліваць на 11,8 % больш.

Сярэдні заробак бюджэтнікаў у студзені склаў 1 577,1 рубля. У параўнанні са снежнем 2023 года ён знізіўся на 159,3 рубля. У рэальным выражэнні зніжэнне за месяц – 9,9 %. А ў параўнанні са студзенем 2023 года рэальная аплата працы бюджэтнікаў вырасла на 11,3 %.

Калі разглядаць заробкі паводле сфераў дзейнасці, то больш за ўсё ў студзені атрымлівалі ў IT, а дакладней – у галіне «інфармацыйных тэхналогіяў і дзейнасці ў галіне інфармацыйнага абслугоўвання» – 6 900,4 рубля. У цэлым у сферы «інфармацыя і сувязь» заробак склаў 5 182,1 рубля.

Далей ідуць:

  • дзейнасць паветранага транспарту – 4 780,8 рубля;
  • фінансавыя паслугі, акрамя страхавання і дадатковага пенсійнага забеспячэння, – 3 767,1 рубля (агулам «фінансы і страхаванне» – 3 533,9 рубля);
  • горназдабыўчая прамысловасць – 3 686 рублёў;
  • вытворчасць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі – 3 417,7 рубля.

Адны з самых маленькіх заробкаў у:

  • работнікаў сферы творчасці, спорту, забаў, адпачынку – 1 450,8 рубля;
  • паштовай і кур’ерскай дзейнасці – 1 449,1 рубля;
  • у сферы адміністрацыйных і дапаможных паслугаў – 1 388,7 рубля;
  • выхавальнікаў дашкольнай адукацыі – 1 344,9 рубля;
  • спецыялістаў па доглядзе ў спецыялізаваных установах і прадастаўленне сацыяльных паслугаў – 1 208,3 рубля.

Такім чынам, калі самыя высокааплатныя работнікі зарабляюць больш за 2 тыс. долараў, то самыя нізкааплатныя не дацягваюць да запаветных 500 долараў.

У разрэзе абласцей самыя высокія сярэднія заробкі ў студзені аказаліся ў Менску – 2 697,9 рубля. На другім месцы Менская вобласць – 2 011,8 рубля. Далей – Гомельская вобласць, дзе сярэдні заробак склаў 1 827,7 рубля. На чацвёртым месцы Гарадзенская вобласць – 1 763,4 рубля. За ёй – Берасцейская вобласць з сярэднім заробкам 1 739,1 рубля. Яшчэ менш зарабляюць у Віцебскай вобласці – 1 668,2 рубля і ў Магілёўскай – 1 666,9 рубля.

Hавiны
Белстат: рэальныя прыбыткі выраслі летась на 6,3 %. У аўтсайдарах – Менск
2024.02.28 09:23

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў