Кіраўнік адміністрацыі Мядзведзева адказаў на пытанні беларускіх журналістаў


Афіцыйная Масква не выключае магчымасці наладжвання кантактаў з апазіцыяй ды абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў спекуляцыях на тэму Саюзнай дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргей Нарышкін заявіў, што не выключае, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе ўбіць клін паміж прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Расеі ў падыходзе да беларускага пытання. Пра гэта ён заявіў 13 кастрычніка ў Крамлі на брыфінгу для беларускіх журналістаў.

Паводле словаў Нарышкіна, расейскі бок не вінаваты ў тым, што не рэалізавалася большасць праектаў, акрэсленых у дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі ад 8 снежня 1999 года. “Беларускі бок у пэўным сэнсе спекулюе тым, што вінаваціць расейскі ў адыходзе ад прынцыпаў стварэння Саюзнай дзяржавы, бо беларускаму боку не падабаецца пераход на ўніверсальныя прынцыпы рынкавых адносінаў у гандлі паміж дзвюма краінамі”, – сказаў кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі.

“З-за кан’юнктурных інтарэсаў, асабліва на фоне перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі, нападкі ўзмацніліся і перайшлі ў лаянку і абразы. Я не хацеў бы каментаваць некаторых выказванняў – проста няёмка”, – дадаў Нарышкін.

Беларускае кіраўніцтва спрабуе растлумачыць выбарнікам памылкі ды пралікі сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі нібыта несяброўскімі крокамі з боку Расеі – упэўнены кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Нарышкін.

Высокі чыноўнік таксама падкрэсліў, што афіцыйнай Маскве не абыякавы лёс зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. На пытанне, чаму Расея толькі праз 10 гадоў узняла гэтае пытанне, Нарышкін адказаў: “Калі Расея афіцыйна не ўзнімала гэтага пытання, гэта не азначае, што нас як грамадзянаў краіны, прыхільнай дэмакратычнаму шляху развіцця, гэтае пытанне не хвалявала”.

Што да фільмаў “Хросны бацька”, то, паводле словаў Нарышкіна, ён глядзеў іх “кавалачкамі” і не мае “поўнага ўражання” пра іх. З’яўленне гэтых фільмаў звязанае з “перапаўненнем цярпення ў журналістаў, якія ўжо не маглі стрымліваць свайго жадання расказаць аб сваіх расследаваннях”, – лічыць Нарышкін.

Паводле кіраўніка адміністрацыі Мядзведзева, расейскі бок можа пайсці на павелічэнне бязмытных продажаў нафты ў Беларусь пры наяўнасці пераканаўчых доказаў неабходнасці гэтага, а не галаслоўных заяваў. Як зазначыў чыноўнік, цяперашні аб’ём (6,3 млн т у 2010 годзе) разлічваўся і вызначаўся з улікам унутраных патрэбаў Беларусі. Што да кошту на расейскі газ, які з 2011 года ўжо не будзе транспартавацца на ільготных умовах, то гэта, лічыць расейскі чыноўнік, прадмет дамоўленасцяў паміж эканамічнымі суб’ектамі.

Каментуючы намеры Менску штогод набываць у Венесуэле да 10 млн т нафты, Нарышкін заявіў, што гэта “суверэнная справа” Беларусі. “Расейскі экспарт энерганосьбітаў велізарны, і на Беларусь прыпадае невялікая яго частка. Калі Беларусь знойдзе для сябе больш выгаднага пастаўляльніка, у чым я сумняюся, то выдаткі расейскага боку не будуць істотныя з прычыны таго, што сусветная эканоміка выходзіць з крызісу, і спажыванне энергарэсурсаў расце”, – адзначыў Нарышкін.

belsat.eu

Стужка навінаў