У Менску рабаўнікі нахабна скралі ў мужчыны 17 тысяч еўраў


У міліцыю звярнуўся мужчына, які паведаміў, што ў яго пасярод дня скралі ў аддзяленні банку 17 тысяч еўраў. Злачынцаў затрымалі.

Момант выкрадання грошай у банку.
Фота: кадр з аператыўнага відэа МУС Беларусі/ Telegram

Жыхар Гарадзенскай вобласці збіраўся набыць аўта з Еўропы. Каб перавесці аплату на замежны рахунак, ён знайшоў праз знаёмых мужчыну, згоднага дапамагчы з афармленнем. Мужчына прыехаў у Менск, узяўшы з сабою буйную суму гатоўкаю.

У аддзяленні банку мужчына перадаў грошы пасярэдніку, той забраў усю суму і выбег з будынку. Пацярпелы спрабаваў дагнаць рабаўніка, але той з’ехаў машынаю без рэгістрацыйных нумароў.

Па гарачых слядах міліцыі ўдалося затрымаць 52-гадовага менчука і ягоных памагатых, якім было 25 і 26 гадоў. Роля маладзейшых злачынцаў заключалася ў тым, каб дапамагчы хутка эвакуявацца з месца злачынства.

Завялі крымінальную справу за рабаўніцтва. 52-гадовы мужчына раней быў асуджаны за забойства.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў