Каму патрэбны сербскі майдан? Чые вушы тырчаць у Бялградзе?

У Бялградзе не сціхаюць пратэсты сербаў супраць вынікаў парламенцкіх і мясцовых выбараў 17 снежня. Па сцвярджэнні ЦВК, зноў перамагла партыя Аляксандра Вучыча. Пратэстоўцы абвінавачваюць улады ў маштабных махінацыях.

Акцыя пратэсту супраць вынікаў усеагульных і мясцовых выбараў у Бялградзе, Сербія. 24 снежня 2023 года.
Фота: Filip Stevanovic / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Між тым міжнародная назіральная місія заявіла, што СНС (Српска напредна странка) атрымала несправядлівую перавагу, дзякуючы парушэнням пры галасаванні, у тым ліку, подкупе выбаршчыкаў, а таксама прадузятасці СМІ і неправамерным умяшанні ў электаральны працэс прэзідэнта Аляксандра Вучыча. Самі ўлады не прызнаюць ніякіх парушэнняў.

Тварам пратэстаў з’яўляюцца студэнты. Многія з іх уваходзяць у Бялградскую студэнцкую арганізацыю «Барацьба». Яны патрабуюць перагляду выбарчых спісаў, якія на іх думку зʼяўляюцца крыніцай фальсіфікацыяў.

Увечары 24 снежня паміж пратэстоўцамі і паліцыяй адбыліся сутыкненні. Некалькі чалавек пацярпелі, у тым ліку восем ​​паліцыянтаў. Дзясяткі ўдзельнікаў вулічных пратэстаў былі затрыманыя. 25 снежня студэнты заблакавалі вуліцы каля будынку Міністэрства дзяржаўнага і мясцовага самакіравання Сербіі. Галоўны лозунг пратэстаў – ануляваць вынікі выбараў.

Паводле папярэдніх звестках Рэспубліканскай выбарчай камісіі, кіруючая папулісцкая Сербская прагрэсіўная партыя набрала 46,72% галасоў, а апазіцыйны блок «Сербія супраць гвалту» заняў другое месца з вынікам 23,23%. Улады папярэджваюць, што не дазволяць зладзіць сербскі Майдан.

Напэўна, нічога нечаканага няма ў тым, што амбасадар Расеі ў Сербіі Аляксандр Бацан-Харчанка заявіў, што пратэсты арганізаваны па прынцыпе майданных рэвалюцый ва Украіне. Дарэчы, Крэмль яшчэ 18 снежня, не чакаючы афіцыйнай абʼявы вынікаў выбараў, павіншаваў Вучыча з перамогай. Што да пратэстаў, то расейскія аглядальнікі наперабой крычаць аб тым, што за імі стаіць Захад. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў:

«У наяўнасці працэсы і спробы трэціх сіл, у тым ліку з-за мяжы, справакаваць падобныя беспарадкі ў Бялградзе. Гэта тое, што мы назіраем. Мы не сумняваемся, што кіраўніцтва рэспублікі забяспечыць законнасць у краіне».

Прэмʼер Сербіі Ана Брнабіч паспяшалася падзякаваць спецслужбам РФ за «папярэджанне аб беспарадках, якія рыхтуюцца».

Пратэсты ў Сербіі, паводле назіральнікаў, маюць даволі слабы і перманентны характар, таму тое, што апазіцыя выйдзе на вуліцы пасля выбараў, ні для сербскіх уладаў, ні для грамадства не стала нейкай нечаканасцю. Але з’явіўся адзін нюанс, які заўважылі мясцовыя журналісты: у пратэстах актыўна сталі ўдзельнічаць прарасейскі настроеныя групы, якія пры гэтым негатыўна ставяцца да персоны самога Вучыча.

Прыхільнікі апазіцыі спрабуюць патрапіць у будынак гарадской рады Бялграда падчас акцыі пратэсту ў Бялградзе, Сербія. 24 снежня 2023 года.
Фота: Oliver Bunic / AFP / East News

Пратэстоўцы ўвесь час падкрэсліваюць, што дэманстрацыі мусяць быць мірнымі і заклікаюць людзей не паддавацца на правакацыі. Калі студэнты блакуюць уваход у нейкую ўстанову, то робяць тое літаральна на пару гадзін у дзень. Усе журналісты, якія працуюць на вуліцы, адзначаюць, што няма лідара і прыкметаў арганізацыі пратэстаў.

Тым часам Масква ўвесь час падлівае масла ў агонь і заклікае ўлады Сербіі як мага хутчэй скончыць з пратэстамі, каб не дапусціць дэстабілізацыі сітуацыі. Але якія прычыны такіх паводзін Крамля? Чаго дабіваецца РФ?

Не варта забывацца, што на сённяшні дзень прэзідэнт Сербіі Вучыч лічыцца праеўрапейскім палітыкам. Ён карыстаецца падтрымкай Еўрапейскага Звязу. Што да пазіцыі Сербіі ў вайне ва Украіне, то яна нейтральная. Ці можа гэта задавальняць Крэмль? Адказ відавочны.

Канешне, нельга адкідаць тое, што прарасейскія настроі ў грамадстве ёсць, і гэта, на думку аналітыкаў, ці ледзь не палова насельніцтва краіны. Але ж палова гэта не ўсё насельніцтва і сама краіна ўсё ж такі не прарасейская. Студэнцтва якраз выступае за еўрапейскі шлях развіцця. Краіна імкнецца ў Еўразвяз і, мяркуючы па тым, што за еўрапейскі шлях выступае моладзь, перспектыва такая ў Сербіі ёсць.

А што здарыцца, калі Вучыч паслухае сваіх дарадцаў з Масквы і пойдзе на жорсткі разгон пратэстаў гэтак жа, як гэта зрабіў Лукашэнка? Што, калі ён зробіць крывавы разгон і без таго слабенькага Майдана з наступнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці?

Першае, што адбудзецца, гэта еўрапейскія санкцыі і вялікае пытанне аб уступленні Сербіі ў Еўразвяз.

Хто ў такім выпадку становіцца найлепшым сябрам і «абаронцам ад Еўрамайдану» урада краіны? Канешне, толькі Расея. А што ўзамен мусіць зрабіць Сербія? Як самы магчымы варыянт – развязаць вайну з Косава. Усё роўна пад якім лозунгам, напрыклад, для аднаўлення справядлівасці, барацьбы там нечага з нечым.

Проста тое, што патрэбна Крамлю менавіта зараз – гэта вайна на Балканах. Вялікім падарунка будзе для Расеі тое, што яна ў выніку набудзе яшчэ адну, цалкам залежную ад яе краіну, ды яшчэ і з адкрытым канфліктам у самой Еўропе.

Hавiны
Пратэстоўцы ў Бялградзе спрабавалі штурмаваць мэрыю. Паліцыя ўжыла сілу
2023.12.25 10:38

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў