Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Латвіі


27 лістапада Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністаркай Латвіі Эвікай Сілыняй. Сустрэча адбылася падчас працоўнага візіту беларускай дэмакратычнай лідаркі ў Рыгу.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністаркай Латвіі Эвікай Сілыняй. Рыга, 27 лістапада 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya.org

На сустрэчы ўздымаўся шэраг юрыдычных пытанняў, пачынаючы ад выдачы пашпартоў замежніка і відаў на жыхарства і заканчваючы выдачай візаў, у прыватнасці – гуманітарных.

Падчас размовы прэм’ерка паведаміла, што Латвія працягвае выдаваць візы беларусам у віцебскім кансулаце.

У сваю чаргу, Святлана Ціханоўская падзякавала латышскай прэм’ерцы за рашэнне не ўводзіць у краіне абмежаванняў у дачыненні аўтамабіляў з беларускімі нумарамі і падкрэсліла: гэта важны знак таго, што Латвія выразна адрознівае лукашэнкаўскі рэжым і беларускі народ, а таксама падзяляе Беларусь і Расею.

Адной з тэмаў абмеркавання была сітуацыя на мяжы, у звязку з чым Святлана Ціханоўская адзначыла, што нельга дапусціць таго, каб беларусы трапілі ў ізаляцыю ў выніку бяздумнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Таму, на ейную думку, важна захаваць пасажырскі рух паміж дзвюма краінамі.

Закрануўшы пытанні падтрымання медыяў і грамадзянскай супольнасці, Святлана Ціханоўская і Эвіка Сілыня абмеркавалі супрацу паміж латышскімі і беларускімі НДА, а таксама ідэю запусціць беларускамоўную праграму на тэлебачанні ці радыё для шматлікіх беларусаў, якія жывуць у Латвіі.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы закранулі пытанне прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці. Святлана Ціханоўская папрасіла прэм’ерку Латвіі падтрымаць працу беларускіх праваабаронцаў у межах Міжнароднай платформы для Беларусі дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці (IAPB).

Нагадаем, што гэта ўжо другая сустрэча беларускай лідаркі з прэм’ер-міністаркай Латвіі цягам восені. Першая сустрэча адбылася ў кастрычніку ў Гранадзе.

Аб’ектыў
Стасункі паміж Менскам і Рыгай пагаршаюцца
2023.11.03 20:31

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў