Стасункі паміж Менскам і Рыгай пагаршаюцца


«Службовыя асобы Латвіі адкажуць за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва», – кажуць у лукашэнкаўскім Следчым камітэце. Ды распавядаюць падрабязнасці крымінальнай справы за нібыта давядзенне да смерці 12 мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Адначасова з гэтым урад забараніў увозіць шэраг тавараў з нашай паўночнай суседкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На адным з відэа, якое некалькі дзён таму апублікавала памежная служба Латвіі, відаць, як мігранты з беларускага боку прыносяць на мяжу цела, кладуць яго, а пазней прыносяць яшчэ адное. Праз некаторы час трупы знікаюць, а Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі рапартуе, што стаўленне латышскіх вайскоўцаў да мігрантаў зрабіліся не проста «жорсткім, але пераўтварылася ў форму садызму».

«Некаторыя ахвяры паміраюць у спробах перасекчы мяжу, а іхныя целы выкідваюць за агароджу карныя батальёны Еўразвязу. Дадзенае беззаконне робіцца з маўклівай згоды кіроўных асобаў Латвійскай Рэспублікі, якая прасоўвае ідэі расавай перавагі і аўтарытарызму», – гэтак сёння афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч пракаментаваў крымінальную справу супраць службовых асобаў Латвіі, распачатую паводле артыкулу 128 – за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. Пасля беспаспяховай міграцыйнай атакі 2021-га года перадусім супраць Польшчы і Літвы Лукашэнка ўзяўся і за паўночную суседку – Латвію.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік і аўтар праграмы «Двубой» на «Белсаце» звяртае ўвагу на адзін момант:

«Латвійская мяжа – праз тое, што да яе было менш увагі, яна менш ахоўвалася, і на гэтым кірунку было менш мігрантаў. Цяпер яны ўсе кінуліся туды. Адпаведна, і там з’явілася гэтая крызісная сітуацыя. Латвіі давядзецца прымаць нейкія захады, а яны, натуральна, успрымаюцца негатыўна афіцыйным Менскам».

Толькі за апошнія содні незаконна трапіць на тэрыторыю Еўразвязу праз беларуска-латышскую мяжу спрабавалі 34 мігранты, усяго ж з пачатку года гэтая лічба дасягае амаль 13-ці тысячаў.

Латвійскі эканаміст і палітык Вячаслаў Дамброўскіс заўважае:

«Калі Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю як плацдарм для нападу на Украіну, значыць, зразумела, што для сённяшняга кіраўніцтва не складзе ніякай праблемы прадставіць сваю тэрыторыю як плацдарм для нападу на Латвію, Літву ці Польшчу»х

Не толькі крымінальным пераследам, але і забаронай на ўвоз шэрагу тавараў з Латвіі афіцыйны Менск вырашыў адказаць нашым суседзям, якія ў верасні закрылі адзін з двух прапускных пунктаў на мяжы – «Сілэнэ – Урбаны». Савет Міністраў бачыць пагрозу ў латышскіх каве, джэмах, піве, гарэлцы, мармеладзе, шкарпэтках і нават цэгле. Вячаслаў Дамброўскіс падкрэслівае, што ў першую чаргу гэтая захада ўдарыць па беларусам:

«Мы знаходзімся ў Еўрапейскім звязе, дзе вялікая колькасць краінаў з высокай пакупніцкай здольнасцю. Таму, я думаю, мы знойдзем, куды прадаваць сваю цэглу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяжа Латвіі.
Фота: Flickr

Гэта не першая такая справа. Напрыклад, два гады таму сілавікі Лукашэнкі пачалі крымінальнае вядзенне ў дачыненні службовых асобаў суседняй Польшчы. Адказнасць паводле ўсё таго ж 128-га артыкулу прадугледжвае ад 7 да 25 гадоў зняволення ды нават смяротнае пакаранне. Як новая справа – гэтым разам супраць латышскіх службовых асобаў – паўплывае на стасункі паміж Рыгай і Менскам?

«Відаць, будзе даволі істотнае ўзмацненне мяжы, і, магчыма, будзе закрыццё нейкіх пунктаў. А ад гэтага, магчыма, будуць і палітычныя ўскладненні з афіцыйным Менскам», – кажа Віталь Цыганкоў.

Тым часам афіцыйны Менск адмаўляе сваю датычнасць да міграцыйнага крызісу. Да нават судзіць тых, хто нібыта арганізуе плыні нелегальнай міграцыі ў Еўропу. Гэтак, пракуратура Віцебшчыны скіравала ў суд крымінальную справу супраць чатырох жыхароў сталіцы за дапамогу 12 мігрантам нелегальна перабрацца ў Еўразвяз праз Браслаўскі раён – акурат на мяжы з Латвіяй.

Віталь Бабін, «Белсат»