Беларуская незалежная кінаакадэмія абвясціла збор праектаў для прэзентацыі на Еўрапейскім кінарынку ў межах «Берлінале»


Беларуская незалежная кінаакадэмія на кінафестывалі «Bulbamovie» 26 лістапада запрасіла кінематаграфістаў дасылаць свае праекты на розных стадыях працы ў якасці заявак на ўдзел у пітчынгу. Падзея мае адбыцца ў межах Еўрапейскага кінарынку 74-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю ў лютым будучага года. З дасланых заявак будуць адабраныя да сямі ўдзельнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар і прадстаўлены рэдакцыі.
Фота: Зміцер Брушко

Пасля паспяховай прэзентацыі Беларускай незалежнай кінаакадэміі, а таксама дзесяці праектаў беларускіх фільммэйкераў на «Берлінале» летась каманда БНКА шукае новыя фарматы, якія былі б карысныя для прафесійнай рэалізацыі кінематаграфістаў. На папярэднім Еўрапейскім кінарынку свае праекты ў працы прэзентавалі такія рэжысёры і рэжысёркі, як Дар’я Жук, Аляксей Палуян, Мара Тамковіч, Андрэй Куціла, Воля Чайкоўская, Мікіта Лаўрэцкі ды іншыя. З абвешчаным на «Bulbamovie» колам мэта акадэміі – сабраць праекты ігравых, дакументальных альбо анімацыйных поўнаметражных фільмаў, якія паводле фармату і амбіцыяў маюць на мэце развіццё ў міжнароднай кінаіндустрыі ды патрабуюць для гэтага партнёраў і падтрымання. Падзея на «Берлінале» папярэдне запланаваная ў фармаце пітчынгу перад прафесіяналамі кінаіндустрыі, прадстаўнікамі міжнародных кінаінстытуцыяў ды кінафестываляў, а таксама экспрэс-знаёмствы (speed dating) з тымі, хто мэтанакіравана шукае кінапраекты.

Каб падаць заяўку на ўдзел, трэба да 10 снежня даслаць свой праект на адрас belfilmacademy@gmail.com з пазнакаю «European Filmmarket». Заяўка мусіць утрымліваць наступную інфармацыю:

1. Назва/Title

2. Ігравы, дакументальны альбо анімацыйны/Feature, documentary or animation

3. Жанры/Genres

4. Краіны вытворчасці/Countries

5. Стадыя праекту/Project status

6. Фінансаванне: агульны бюджэт, пацверджаны бюджэт, неабходны бюджэт/Financing status:

Total budget, Confirmed budget, Required budget

7. Партнёры, якія шукаюцца/Partners wanted

8. Логлайн/Logline

9. Сінопсіс/Synopsis (да 1000 сімвалаў)

10. Візуальная канцэпцыя/Visual Concept

11. Кадры/Stills (калі ёсць)

12. Teaser/Trailer (калі ёсць)

13. Чым фільммаркет можа дапамагчы праекту/What’s your motivation to participate

14. Папярэднія пітчынґі праекту/Previous pitchings

Заяўкі трэба падаваць на дзвюх мовах – па-беларуску і па-англійску.

Стужка навінаў