Былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнкін: Людзей звальняюць за «не тыя» подпісы


Хваля прымусовых звальненняў праз палітычныя прычыны закранула не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і ўрадавыя структуры. Пра сітуацыю ў Міністэрстве замежных справаў «Белсат» пагутарыў з былым першым сакратаром упраўлення Еўропы МЗС Беларусі Паўлам Слюнкіным.

Людзей звальняюць за «не тыя» подпісы. Пачалі звальняць і тых, хто ўзначальваў камісіі, дзе перамогу атрымала Святлана Ціханоўская. Практычна ўва ўсіх беларускіх пасольствах за мяжою, пачынаючы з Казахстану і да Злучаных Штатаў Амерыкі, перамогу атрымала Святлана Ціханоўская, кажа суразмоўца «Белсату».

Фота: pavel.slunkin / facebook.com

– Паводле вашых падлікаў: колькі людзей страціла Міністэрства замежных справаў?

– Паводле маіх падлікаў, гэта ўжо больш за 15 % ад усяго складу Міністэрства замежных справаў і замежных дыпламатычных місіяў. Але гэтыя раптоўныя вакансіі лёгка закрываюцца кадравым рэзервам, які ў МЗС заўсёды быў вельмі вялікі. Гэта выпускнікі факультэтаў міжнародных дачыненняў, гэта могуць быць і работнікі іншых дзяржаўных органаў, бо ў кожным міністэрстве ёсць асобны кірунак міжнароднай супрацы.

Шмат якія дыпламаты выказаліся супраць гвалту, рэпрэсіяў. Яны рабілі пасты ў сацыяльных сетках, публікавалі фотаздымкі з акцыяў пратэсту, у якіх яны бралі ўдзел. Гэта было, скажам так, пераважнаю меншасцю працаўнікоў.

Астатнія не выказаліся, бо не верылі, што змены магчымыя. У большасці чыноўнікаў было глыбокае перакананне: нягледзячы на тое, што адбываецца на вуліцах, улада ўтрымаецца.

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

– Як працаўнікі МЗС ставяцца да даручэнняў Лукашэнкі?

– Даручэнні прэзідэнта ў МЗС заўсёды ўспрымаліся як найбольш важныя. Да іх асаблівая ўвага і кантроль былі заўсёды. Але пры гэтым людзі, якія працуюць у міністэрстве, выконваючы даручэнні, стараліся ўключаць здаровы глузд. Даручэнні Лукашэнкі маглі нашкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі, нашкодзіць за мяжой. У такіх выпадках выканальнікі маглі іх змякчаць, выконваць не старанна, зацягваць іх выкананне. Усяляк не дазвалялі гэтым даручэннях нанесці шкоды.

– Лукашэнка шукае сабе падтрыманне ў рэгіёнах. Як там ідуць справы з кадравым патэнцыялам?

– У любой дзяржаве сталіца прыцягвае найбольш падрыхтаваныя кадры. І канкурэнцыя ў Менску заўсёды была найвышэйшая. Рэгіянальным уладам даводзіцца здавольвацца тым кадравым патэнцыялам, якія самі рэгіёны могуць для сябе стварыць. Якасць падрыхтоўкі такіх людзей значна ніжэйшая. Менск заўсёды быў найменш лаяльным да Лукашэнкі, а ў рэгіёнах адсотак людзей, якія галасавалі за яго, заўсёды быў вышэйшы. Часта мы чуем пра карупцыю ў рэгіёнах. Вядома, там людзі зацікаўленыя ў захаванні ўлады вельмі моцна. Цяпер крытэры ды патрабаванні да лаяльнасці вельмі моцна ўзраслі.

– Ці дапамагае праява сімпатыі да цяперашніх уладаў прасоўвацца па карʼернай лесвіцы?

– Так. Публічна адданыя людзі атрымліваюць высокія пасады. Вось гэтая гісторыя з Баскавым. І гэта працуе для вельмі многіх людзей, і для супрацоўнікаў сілавых органаў: напрыклад, Карпянкоў. Калі верыць інфармацыі ад некаторыя штабоў апазіцыйных палітыкаў, то яго ўжо збіраліся звальняць незадоўга да выбараў, а цяпер ён стаў другой асобай у Міністэрстве ўнутраных справаў. Я думаю, што ягоны ўзровень уплывовасці не моцна саступае ўплыву самога міністра Кубракова. Менавіта тыя, хто публічна падтрымлівае, дэманструе, што ён адданы, любіць гэтую ўладу шчыра і ўсім сэрцам, і разглядаюцца ў выпадку прызначэння на нейкія высокія пасады ў прыярытэтным парадку.

Чытайце таксама:

AM belsat.eu

Стужка навінаў