Лукашэнка пагражаў тым, што ўцекачы з Афганістану пойдуць у Еўразвяз ужо не толькі праз Беларусь, а яшчэ і праз Украіну, і ўжо могуць ісці са зброяй і выбухоўкай. Літва сур’ёзна ўспрыняла гэтыя словы.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас у інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» пракаментаваў нядаўнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым далейшым развіцці міграцыйнага крызісу.
Ён адзначыў, што хоць плынь нелегальнай міграцыі на мяжы Літвы і Беларусі ў апошнія тыдні рэзка скарацілася, сітуацыя застаецца напружанай: штодзень спыняюць пару сотняў спробаў незаконнага пераходу мяжы, і пад літоўскай мяжой у Беларусі знаходзіцца каля паўтарох тысяч мігрантаў, якія збольшага падыходзяць да мяжы, азіраюцца і адступаюць.
Літва не выключае, што мігрантаў з лагістычнага цэнтру «Брузгі» скіруюць на межы Польшчы або Літвы. Таксама Літва «вельмі сур’ёзна» ставіцца да выказванняў Лукашэнкі пра ўцекачоў з Афганістану, зброю і выбухоўку.
Журналіст спытаў кіраўніка Службы аховы мяжы, як той ацэньвае выказванні Лукашэнкі і ці верагодны сцэнар, у якім у Літву пойдуць узброеныя талібы (тэрарысты, якія захапілі ўладу ў Афганістане).
Дзеянні памежнікаў, адказаў Любаевас, узгодненыя з вайскоўцамі, бо «адзін з магчымых сцэнароў для нелегальных мігрантаў – уварванне ў Літву з ужываннем зброі».
Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў «Брузгі» 26 лістапада казаў:
«І ўжо не самалётамі, а сухапутным шляхам у заходнім напрамку пачалі рухацца афганцы. Яны імкнуцца прайсці не толькі праз Беларусь, але і праз Украіну».
Ён дадаў, што ў самалётах «зброю і выбухоўку не правязеш», а пры міграцыі сухапутным шляхам «гэта ўсё будзе не пад кантролем».
Украіна таксама сур’ёзна ставіцца да пагрозаў Лукашэнкі: 24-25 жніўня на мяжы з Беларуссю ўкраінцы правялі вучэнні і «ўзмацніліся, каб кантраляваць групы людзей так званай групы міграцыйнай рызыкі».
АА belsat.eu