На аўкцыёне з другой спробы прадалі гадзіннікі Віктара Бабарыкі


На аўкцыёне «БелЮрЗабеспячэння» прадалі дзве мадэлі гадзіннікаў Віктара Бабарыкі, піша Zerkalo.io.

Гадзіннік «Vacheron Constantin».
Фота: e-auction.by

Аўкцыёны адбыліся 26 кастрычніка. На кожны з іх зарэгістраваліся па чатыры ўдзельнікі.

Прадавалі гадзіннікі «Vacheron Constantin» і «Patek Philippe». Яны выстаўляюцца на аўкцыён ужо другі раз, папярэднім разам пакупнікоў не знайшлося.

На «Vacheron Constantin» стартавая цана была Br 39 400, потым яе знізілі да Br 31 520. Прадалі лот за Br 48 829,60.

Гадзіннік «Patek Philippe».
Фота: e-auction.by

Гадзіннік «Patek Philippe» спачатку прадаваўся за Br 47 500, потым цану знізілі да Br 38 тысяч. Прадалі ўрэшце за Br 52 560.

Маёмасць Віктара Бабарыкі пачалі прадаваць у 2021-м . За два гады з малатка пайшлі арыштаваны аўтамабіль былога банкіра «Ford Fiesta», сем наручных хранометраў. На аўкцыён таксама выстаўляліся аптычны прыцэл і долі ва ўстаўным капітале трох кампаніяў – «Прыватлізінг», «Прававы дыялог» і «Сістэмы апрацоўвання інфармацыі».

Дакладнай інфармацыі пра тое, дзе і ў якім стане Віктар Бабарыка, няма ўжо шэсць месяцаў.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка меў намер балатавацца ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе. Аднак 18 чэрвеня 2020-га яго затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 235 КК РБ («Легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і арт. 430 КК («Атрыманне хабару»).

Агляд
Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома
2023.06.18 07:01

У судзе Маскоўскага раёну Менску 6 ліпеня 2021 года суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі пакараў Бабарыку 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Акрамя гэтага, палітычнага вязня пакаралі штрафам Br 145 тысяч (5000 базавых велічыняў), таксама ён павінен будзе выплаціць больш за Br 46 мільёнаў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду. Таксама Віктара пазбавілі права займаць кіроўныя пасады на некаторы час. Віктар Бабарыка віны не прызнаў.

З вясны 2023 года ад Віктара Бабарыкі няма лістоў і званкоў, да яго не пускаюць адваката. Пры гэтым вядома, што ў ноч на 25 красавіка Бабарыка трапіў у аддзяленне хірургіі Наваполацкай цэнтральнай гарадской больніцы. У палітычнага вязня выявілі пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Існуе падазрэнне, што шпіталізацыя сталася вынікам збіцця ў калоніі.

13 кастрычніка «BELPOL» паведаміў, што Віктар Бабарыка ізаляваны ад іншых вязняў і ўтрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, мае праблемы са здароўем – збоі ў працы сэрца.

Hавiны
«BELPOL»: У Віктара Бабарыкі праблемы са здароўем – збоі ў працы сэрца
2023.10.13 18:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў