На польска-беларускай мяжы ў Свіслачы знайшлі цела 23-гадовага мігранта


Польскія памежнікі 25 кастрычніка знайшлі ў памежнай рацэ Свіслач цела 23-гадовага чарнаскурага мужчыны, які, верагодна, патануў. Паліцыянты не падаюць інфармацыю аб тым, кім быў загінулы – пры ім не было ніякіх дакументаў. Пра гэта паведамляе «Gazeta Wyborcza».

Польска-беларуская мяжа. Далей на здымку – рака Свіслач.
Фота: wyborcza.pl

Цяпер цела перададзена ў Інстытут судовай медыцыны, дзе эксперты ў тым ліку вызначаць, калі і як памёр гэты чалавек.

Усё паказвае на тое, што гэта 23-гадовы суданец, які знаходзіўся ў вышуку з пачатку кастрычніка.

«Усе падрабязнасці супадаюць з гісторыяй, расказанай суданцам, які суправаджаў зніклага 23-гадовага юнака», – распавядае адзін з валанцёраў гуманітарнай службы.

Паводле слоў польскага валантэра, малады чалавек у пачатку кастрычніка перасек беларуска-польскую мяжу разам яшчэ з трыма людзьмі. Пры пераходзе праз раку Свіслач ён страціў раўнавагу праз цяжкі заплечнік і ўпаў. Плаваць ён не ўмеў.

Двух іншых суданцаў адціснулі назад у Беларусь польскія памежнікі, а аднаму з групы ўдалося застацца ў Польшчы, цяпер ён знаходзіцца ў цэнтры прыёму ўцекачоў. Ён і паведаміў пра гэты выпадак валанцёрам і папрасіў знайсці яго знаёмага.

Паводле афіцыйных звестак, гэта 19-я ахвяра гуманітарнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Сапраўднай колькасці ахвяр ніхто не ведае.

Hавiны
Прэм’ер Польшчы мяркуе, што Пуцін і Лукашэнка могуць ізноў кінуць мігрантаў на штурм польскай мяжы
2022.10.13 10:50

Нагадаем, 2 кастрычніка па інфармацыі беларускага боку каля польскай агароджы на беларуска-польскай мяжы выявілі труп уцекача «неславянскага выгляду без вопраткі». Побач былі знойдзеныя асабістыя рэчы. Тады ў Памежнай ахове Польшчы заявілі, што яшчэ 1 кастрычніка польскія памежнікі заўважылі з беларускага боку чалавека, які ляжаў за некалькі дзясяткаў метраў ад мяжы на абочыне. Яны праінфармавалі беларускіх калегаў, але тыя з’явіліся толькі праз дзесяць гадзінаў пасля неаднаразовых зваротаў польскага боку. Разам з патрулём прыбылі і журналісты тэлебачання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў