Юрыст: Прызнанне чатаў экстрэмісцкімі фармаваннямі – пераслед паводле палітычных мэтаў


Улады працягваюць наступ на Telegram-каналы. З ініцыятывы МУС Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» і чат «Я выхожу/МКБ» прызналі экстрэмісцкім фармаваннямі. Адміністратар каналаў распавёў «Белсату», што з юрыдычнага погляду такая захада неадпаведная. Нягледзячы на пагрозы, людзі надалей чытаюць навіны.

Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» і чат «Я выхожу/МКБ» улады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Міліцыянты папярэджваюць, што ўдзельнікі каналу могуць панесці крымінальную адказнасць, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе нават да 7 гадоў турэмнага зняволення.

«Наколькі я разумею, падпісантам Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» можа пагражаць да 7 гадоў зняволення. Што датычыць нейкай юрыдычнай справы, то гэта нешта новае. Да нядаўна прызнавалі экстрэмісцкімі толькі асобныя матэрыялы. Як засцерагчы сябе? Тут складана сказаць, бо ў краіне вядома, што адбываецца. Калі будзе трэба, яны самыя могуць падпісаць чалавека на любы канал, могуць выбіць пры неабходнасці паролі. Калі ты цяпер у Беларусі, то немагчыма спадзявацца на закон. Калі захочуць, яны могуць каго заўгодна зрабіць экстрэмістам ці тэрарыстам», – распавёў «Белсату» адміністратар Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Сяргей Бяспалаў.

Юрысты ў сваю чаргу адзначаюць, што прызнанне Telegram-каналаў экстрэмісцкім фармаваннем супярэчыць Закону аб экстрэмізме ў Беларусі:

«Напрыклад, у законе пазначаецца, што экстрэмісцкае фармаванне – гэта група грамадзянаў. То бок відавочна: калі прызнаеш штосьці, чымсьці, напрыклад, групу грамадзянаў, то трэба іх неяк ідэнтыфікаваць. А як гэта можна зрабіць, незразумела. Ці то гэта ўсе, хто чытае гэты чат, ці тыя, хто каментуе або посціць. А тыя, хто робіць пост, таксама незразумела: напрыклад, калі нехта перакладае пост, ён таксама экстрэміст ці не? Ці той, хто стварае кантэнт? З юрыдычнага погляду гэта не мае анічога агульнага з правам.

Навошта Закон аб экстрэмізме? Напрыклад, калі з’явіцца аб’яднанне, скажам, супраць «МакДоналдсу», і яно паставіць на мэце забіваць усіх, хто ходзіць у гэты рэстаран. Тады менавіта будзе правільна ўсіх, хто асацыюе сябе з гэтым аб’яднаннем, прызнаваць экстрэмістамі, пераследаваць іх як злачынную групоўку. А ў выпадку з Telegram-каналамі мы бачым, што няма такой мэты. Дастаткова здаровага сэнсу, каб пабачыць, што тут існуе пераслед паводле палітычных мэтаў», – распавёў «Белсату» Міхал Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў НАУ і прадстаўнік у юрыдычных пытаннях у Каардынацыйнай радзе.

Міхаіл Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Юрыст кажа, што ўлады імкнуцца запалохаць людзей. Дзеля гэтага і гучыць пагроза пра турэмнае зняволенне ажно да 7 гадоў.

«Мне ў гэтым сэнсе прыгадваецца артыкул Ігара Ільяша, які пісаў, што ў такіх таталітарных рэжымах, як у Беларусі, цяпер не вельмі і істотна, што занатавана ў законе. Яны могуць напісаць што заўгодна, напрыклад, прызналі тэрарыстамі ўсіх падпісантаў каналу Ціханоўскай, а гэта 100 тысяч асобаў. Але няма магчымасці пасадзіць за краты такую колькасць людзей, гэта немагчыма ні фізічна, ні арганізацыйна, ні ідэалагічна. Таму застаецца толькі палохаць, каб людзі адпісваліся ад каналаў, каб баяліся камунікаваць паміж сабою. І ўзровень рэпрэсіяў залежыць не ад таго, што занатавана ў законе, узровень рэпрэсіяў залежыць ад таго, наколькі актыўна супраціўляюцца гэтаму беларусы і як грамадства рэагуе на гэта», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Абноўлена
МУС прызнала першае «экстрэмісцкае фармаванне»: партал Dze.chat
2021.10.18 15:21

У сваю чаргу беларусы пасля таго, як тэлеграм-каналы прызнаюць экстрэмісцкімі фармаваннямі, працягваюць чытаць навіны, не пакідаюць супольнасці.

«Я пакуль павальнай адпіскі не заўважыў. Але і да гэтага людзі адпісваліся. У той момант, калі першы раз пусцілі такую чутку, што за падпіску на экстрэмісцкія каналы будуць караць зняволеннем, то тады сапраўды была масавая адпіска. Людзі выходзілі з каналаў паўсюль, нават з тых, якія не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Людзі наагул пачалі пакідаць Telegram. Цяпер жа не было моцнай адпіскі», – кажа Сяргей Бяспалаў.

Забараніць людзям чытаць навіны сёння, калі на незалежную інфармацыю існуе вялізны попыт, немагчыма, кажа адміністратар Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь».

«Людзі адпісаліся, але нават пасля гэтага могуць заходзіць у канал. Наагул большасць жа каналаў адкрытыя. Іх можна чытаць і праглядаць, нават не падпісваючыся. Таму такой праблемы няма. Скажу, што ахопы, нягледзячы на адпіскі, у нас засталіся такія ж, як і былі. Вядома, цяпер ахоп не такі, як летась. Відаць, што людзі займаюцца сваймі справамі, абстрагуюцца, цікавасць падае ўва ўсім Telegram», – кажа Сяргей Бяспалаў.

Мова Нанова
Новы блогер НІХТО вучыць экстрэмізму і кітайскай
2021.10.25 20:43

СК belsat.eu

Стужка навінаў