«Працягваць здаваць па 4 рублі на БРСМ?» Пагаварылі са студэнтамі, якія пасля пратэстаў працягнулі навучанне за мяжой


Студэнцкія пратэсты працягваліся ўсю восень 2020-га года. Студэнты выказвалі сваю нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і выступалі супраць жорсткасці сілавікоў. Навучэнцы мірна пратэставалі ў будынках і дварах сваіх універсітэтаў, адміністрацыя выклікала на іх АМАП. Як пачынаўся студэнцкі пратэст ва ўніверсітэтах? Калі ўсё пайшло не так? Чаму студэнтаў выйшла так мала? «Белсат» пагаварыў з былымі студэнтамі трох беларускіх ВНУ.

Анастасія, 22 года, былая студэнтка МДЛУ. Насця пакінула Беларусь дзеля перастрахоўкі. Пазней даведалася, што яе прозвішча ёсць у базе ГУБАЗікА.

Акцыі падчас вялікіх пераменаў у МДЛУ праходзілі штодня ад 1 верасня. Студэнты выходзілі з плакатамі, збіралі подпісы, іх падтрымлівалі некаторыя выкладчыкі. Каля ВНУ збіраліся студэнты іншых універсітэтаў.

Паводле Анастасіі, студэнты ўдзельнічалі ў пратэсце яшчэ да пачатку навучальнага года: станавіліся ў ланцужкі салідарнасці, хадзілі на нядзельныя маршы. Перад першым днём вучобы студэнты вырашылі, што трэба рабіць стачку, і 1 верасня сабраліся перад МДЛУ.

Студэнцкі блок на адным іх нядзельных маршаў. На фота Анастасія трымае банэр. Фота прадастаўлена гераіняй

У першыя дні, калі ўсё было мірна, некаторыя выкладчыкі МДЛУ падтрымлівалі студэнтаў: спачатку махалі з вокнаў, потым самі сталі далучацца да студэнтаў і выступалі з прамовамі, спрабавалі абараняць іх. Да пратэстоўцаў далучаліся былыя выпускнікі і бацькі.

«Самыя вялікія мітынгі былі па сто чалавек, але асноўная частка людзей усё роўна не выходзіла. Думаю, многія проста баяліся. Студэнты казалі, як ім не падабаецца факультэт, як ім не падабаецца дзяржава, але нічога з гэтым не хацелі рабіць і не выходзілі на акцыі. Ведаю аднаго чалавека з БРСМ, які быў за нас, за Ціханаўскую, але хадзіў на праўладныя мітынгі», – успамінае Насця.

«Першы месяц мы верылі ў перамогу. Спадзяваліся, што выкладчыкі далучацца да нас і таксама будуць страйкаваць, бо калі выкладчык не прыйдзе на пары, гэта будзе праблемай для ўніверсітэту.

Страху адлічэнні ў мяне не было. Жаданне выказацца было важней».

Пратэст у МДЛУ пачаў згортвацца пасля Маршу студэнтаў 17 кастрычніка. Тады навучэнцы розных ВНУмусілі сабрацца каля МДЛУ і прайсціся маршам у цэнтры Менску. Але выйшла мала людзей, марш не адбыўся, было шмат затрыманняў. Анастасія атрымала першыя 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анастасія на адным з нядзельных акцый пратэсту. Фота прадастаўлена гераіняй

«Пасля затрымання групы студэнтаў 12 лістапада я цэлы месяц параноіла. Скончыла практыку і з’ехала з Беларусі, каб супакоіцца, адпачыць і вярнуцца. Але 20 снежня былі апублікаваныя злітыя спісы ГУБАЗіКа, у якіх было маё імя. Я вырашыла застацца ва Украіне. Але неўзабаве пачаліся афлайн-заняткі і мяне адлічылі за пропускі».

Пасля гэтага Насця падалася на стыпендыю для адлічаных паводле палітычных матываў студэнтаў з Беларусі. Цяпер дзяўчына залічаная на навучанне ў Германіі.

Паводле Насці, з ёй вучацца і іншыя беларускія студэнты, адукацыя не параўнаецца з беларускай: «Такое адчуванне, што ў нас універсітэты – гэта проста ПТВ, таму што ўніверсітэты павінны працаваць як навуковыя цэнтры, павінны праводзіцца даследаванні, чаму ў нас не вучаць. Тут складаней, але цікавей вучыцца, цікава чытаць тэксты. Тваё меркаванне спытаюць, выкладчыкі вядуць дыскусіі са студэнтамі. Што тычыцца стыпендыі, яна не параўнальная з нашай, за яе можна пражыць».

Што тычыцца пакінутых студэнтаў у Беларусі, Насця ўпэўненая, што цяпер трэба збіраць сілы і рабіць нешта падпольна. «Пратэсты адназначна былі вартыя таго, гэта быў добры досвед для беларусаў. Пакуль нічога не выйшла, але пробамі і памылкамі ўсё атрымаецца».

Аляксандр, 22 гады. Былы студэнт БДУФК

Адна з самых вядомых фатаграфій з акцый студэнцкіх пратэстаў. На ёй Аляксандр падымае бчб-сцяг над натоўпам студэнтаў каля корпуса БДУ.
Фота: busen2pac / Instagram

БДУФК таксама вызначыўся падчас акцый пратэсту і падтрымліваў студэнтаў іншых менскіх ВНУ.

«Да пачатку навучальнага года ў нас не было арганізаванасці і на першым Маршы студэнтаў 1 верасня мы нават не асабліва ведалі адзін аднаго», – распавядае Аляксандр.

Акцыя салідарнасці са студэнтамі МДЛУ і БНТУ прайшла 5 верасня пасля масавых затрыманняў ва ўніверсітэтах, калі міліцыя ўрывалася ва ўніверсітэты. Яна праходзіла каля кінатэатра «Кастрычнік». У той дзень Аляксандра затрымалі і асудзілі на 8 сутак арышту. Праз паўтары тыдні пасля сутак яго пачалі выклікаць у дэканат на прафілактычныя гутаркі.

«30 верасня ў БДУФК прайшла першая масавая акцыя. Я сутыкнуўся са спробай прэсінгу першага прарэктара Сяргея Шаўрука».

Акцыі праходзілі ў амфітэатры перад корпусам. Пасля акцыі прарэктар выклікаў Аляксандра ў свой кабінет.

«Ён сказаў, што з усімі правядзе прафілактычныя гутаркі і, як разумею, іх правялі, бо далейшыя акцыі ўжо не былі такімі маштабнымі, людзей было менш. Разумею тых, хто адмовіўся ад удзелу ў акцыях, бо ў нас спартыўны факультэт і кар’ера будучых спартсменаў моцна залежыць ад фінансавання дзяржавы».

Аляксандр прынёс на сустрэчу з пракурорам Цэнтральнага раёна Мінска бчб-сцяг і прадэманстраваў яго са сцэны. Фота: салідарны БДУФК / Telegram

«У нас было шмат выкладчыкаў, якія былі на баку студэнтаў, але яны не ўдзельнічалі ў акцыях універсітэту. Нашы пары пачыналіся з абмеркавання сітуацыі ў краіне, і так праходзіла мінімум палова занятку.

Мы ўсе верылі ў перамогу, у нас было натхненне. Мы хадзілі са зваротам да рэктара, пастаянна расклейвалі ўлёткі і стыкеры, хацелі правесці тыдзень беларускай мовы, якую нам, зразумела, не дазволілі правесці».

Пратэсты ў БДУФК пачалі скарачацца пасля першых адлічэнняў. «Усё пачало разбурацца 26 кастрычніка, калі быў агульнанацыянальны страйк – з наступнага дня пачаліся адлічэнні».

Саша з’ехаў ва Украіну 10 лістапада, пасля паведамлення у Вайберы з запрашэннем прыйсці ў РУУС паводле абвінавачвання ў народным артыкуле 23.34. Потым 2-3 разы на тыдзень да бацькоў хлопца пачала прыходзіць міліцыя і ваенкамат.

У гэтым годзе суразмоўца belsat.еu працягнуў вучобу ў Польшчы, ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў Познані.

«Вельмі хачу пачаць і хачу зычыць студэнтам, якія засталіся ў Беларусі, цярпення, не адчайвацца і не забываць пра сітуацыю ў краіне».

Надзея, 20 гадоў. Вучылася ў БДЭУ на факультэце маркетынгу і лагістыкі. Адлічылі з 3-га курсу

«Для нас пратэст пачаўся да выбараў, 6-8 жніўня. Мы былі першым універсітэтам, які запісаў відэазварот да выкладчыкаў, якія сядзелі ў выбарчых камісіях, 7 жніўня гэты зварот быў выкладзены ў Instagram. Ужо 8 жніўня нам праз знаёмых перадалі, што хутчэй за ўсё да навучальнага года нас адлічаць», – успамінае былая студэнта БДЭУ.

Маўклівая акцыя пратэсту студэнтаў БДЭУ.
Фота: bseu_initiative / Telegram

Мінулы навучальны год Надзі пачаўся з Маршу студэнтаў. «Студэнты – найбольш свабодная частка грамадства: у нас няма за плячыма крэдытаў, дзяцей, кватэр і машын. І мы, вядома, падтрымлівалі перамены», – тлумачыць свой удзел у акцыях пратэсту суразмоўца «Белсату».

«Чаму выходзілі не ўсе? Мне здаецца, беларусы нараджаюцца са страхам у крыві. І, вядома, у некаторых да 18-20 гадоў ён не паспеў выветрыцца, ну і ўплывае меркаванне бацькоў, страх вылецець з універсітэту. Чаго баяцца? Баяцца страціць абшарпаныя крэслы, сталы? Далей працягваць здаваць па 4 рублі ў месяц на БРСМ?

Ва ўніверы было страшней выходзіць з-за таго, што людзей выходзіла мала і вылічыць удзельнікаў было проста. А на нядзельныя маршы, дзе вялікі натоўп, выходзіла больш студэнтаў.

У нас ва ўніверы была вялікая праблема з колькасцю актыўных людзей, і мы звязваем гэта з тым, што большасць нашых студэнтаў – гэта іншагароднія, якія трымаюцца за ўніверсітэт, бо яны прыехалі скараць Менск, а без гэтага жыццё далей не існуе», – кажа Надзя.

Седзячая акцыі пратэсту каля 4 корпуса БДЭУ.
Фота: bseu_initiative / Telegram

Пераломны момант быў у пачатку лістапада, калі ў правілы ўнутранага распарадку ўнеслі змены і дадалі пункт, аналагічны 23.34 аб масавых мерапрыемствах з выкарыстаннем сімволікі. Як толькі яго падпісалі, усе пачалі баяцца, кажа Надзя, таму што ўсіх асабіста знаёмілі з гэтымі зменамі. Дзяўчыну адлічылі 30 кастрычніка мінулага года. Па радзе сяброў яна падала дакументы на праграму Каліноўскага ў Польшчу.

«Усяго ў нашым універы было 19 чалавек, адлічаных паводле палітычных матываў. Я ўжо адвучылася на моўных курсах па праграме Каліноўскага і паступіла ў эканамічны ўніверсітэт у Познані, буду пачынаць зноўку навучанне па сваёй спецыяльнасці», – успамінае Надзя.

«Справа студэнтаў»

Летась у дні народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай 26 і 27 кастрычніка ў беларускіх ВНУ прайшлі масавыя акцыі пратэсту студэнцтва. А праз два тыдні, 12 лістапада, пачаліся затрыманні студэнтаў. Па «справе студэнтаў» асуджаныя 12 чалавек. Толькі адзін з іх, Глеб Фіцнер, прызнаў віну і атрымаў 2 гады калоніі. Астатнія фігуранты «справы студэнтаў» – 2,5 гады калоніі.

Паводле апошняй інфармацыі ад праваабаронцаў, моладзевую актывістку і сябра Каардынацыйнай рады Алану Гебрамарыям, былую студэнтку БДУ Таццяну Якельчык, былую студэнту БНТУ Вікторыю Гранкоўскую этапавалі ў гомельскую жаночую калонію. Былога студэнта Ягора Канецкага этапавалі ў трэцюю калонію «Віцьба».

Кася Будзько па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску.

Яна Арабейка, Анастасія Булыбенка, Ксенія Сырамалот, Вольга Філатчэнкава і Марыя Каленік знаходзяцца ў СІЗА-3 У Гомлі.

Іллю Трахтэнберга і Глеба Фіцнера ўтрымліваюць у магілёўскай турме №4.

Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволеным.

АД/МВ belsat.eu

Стужка навінаў