«Петля пристрастия» выдала альбом «Не тот человек» і выправілася ў тур


Шосты альбом менскіх пост-панкаў – «пра развітанне, вечнае расстанне з сабой мінулым, са старым светам, са здароўем, у некаторым сэнсе, а таксама пра тых, для каго падарожжа скончылася». Жыўцом ён прагучыць у Польшчы, Расеі і Украіне.

У альбом «Не тот человек» увайшлі як новыя песні, так і некалькі выдадзеных раней, як то «Норма», «Зелёный коридор» і «Забыл». Альбом ужо можна паслухаць на розных пляцоўках, як то Apple Music, Spotify, Youtube і «ВКонтакте», пазней ён мае з’явіцца і на іншых лічбавых пляцоўках.

Сам гурт апісвае альбом як «аўдыяверсію» фільма «Яшчэ па адной» (дацк. «Druk»), «яшчэ па адной між чумой і турмой».

«Мы запісалі гэта ў дастаткова складаных умовах і фізічнага, і псіхалагічнага характару, цяпер радыя падзяліцца сваёй маленькай перамогай, – піша «Петля пристрастия». – Пачастуйцеся забрадзілымі пладамі беларускай восені!»

Канцэртная прэзентацыя пройдзе турам па Украіне, Польшчы і Расеі. Пачнуць з Адэсы 27 кастрычніка, затым Дняпро 28-га, Харкаў 29-га, Кіеў 30-га… Поўны расклад тут.

Выступы ў Беларусі пакуль не плануюцца. Вакаліст «Петли» Ілля Чарапко-Самахвалаў быў затрыманы 22 лістапада 2020 года падчас раённых маршаў, знайшоўся толькі праз чатыры дні ў баранавіцкім СІЗА, выйшаў на волю 7 снежня. «Петля» мела даць канцэрт у Менску ў красавіку 2021 года, але яго скасавалі «праз каронавірус», перанеслі і зноў скасавалі ўжо «з тэхнічных прычынаў».

Hавiны
Плэйліст беларускага пратэсту. Слухай і пражывай 2020 год наноў
2020.12.26 18:32

Гурт «Петля пристрастия» быў заснаваны ў 2004 годзе «на руінах» гурту «Полипы», у якім гралі Чарапко-Самахвалаў і басіст Цімафей Савіцкі. Першы альбом выдалі толькі ў 2009 годзе, кружэлку пазітыўна ўспрынялі расейскія крытыкі, рэакцыя беларускіх была неадназначнай. Наступныя альбомы атрымалі шэраг прэміяў – напрыклад, «Фобос» 2014 года перамог на прэміі «Rock Profi», а «Мода и облака» 2016 года перамог у чатырох намінацыях, у ліку якіх «Альбом года», на прэміі парталу Experty.by. Паралельна з «Петлёй» Чарапко-Самахвалаў з 2001 года спявае ў электронным поп-рок-гурце «Кассиопея», з якім запісаў яшчэ шэсць альбомаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў