news
Аналітыка
Колькасць аграсядзібаў скарацілася ўдвая. Што адбываецца ў беларускім вясковым турызме?
Улады знішчаюць галіну, якую падтрымлівалі 20 гадоў.
27.09.202317:47

Стаўку  на вясковы турызм у Беларусі вырашылі зрабіць яшчэ 20 гадоў таму, на пачатку 2000-х. На дзяржаўным узроўні запускаліся розныя праграмы падтрымкі ахвочых развіваць сваю аграсядзібу, уводзіліся падаткавыя і крэдытныя ільготы. Напрыканцы 2022 года Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ «Аб развіцці аграэкатурызму», пасля чаго сёлета колькасць аграсядзібаў у краіне скарацілася ўдвая. У якой сітуацыі «фішка» Беларусі – вясковы турызм – сёння, і якія перспектывы яго развіцця? Аналізуем разам з уласнікамі аграсядзібаў.

Беларусь – краіна аграэкатурызму

Аграэкатурызм сапраўды актыўна развіваўся ў Беларусі з пачатку 2000-х гадоў аж да пандэміі ковіду і паслявыбарчых падзеяў 2020 года. Дзякуючы простай працэдуры рэгістрацыі, магчымасці ўзяць ільготны крэдыт, раслі як колькасць аграсядзібаў, так і іх гасцей.

У 2016 годзе Беларусь стала краінай аграэкатурызму, паводле часопісу National Geographic Traveler – 24% чытачоў аддалі свае галасы за нашую краіну ў намінацыі «Аграэкатурызм». На другім месцы тады апынулася Італія, на трэцім – Францыя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у дапандэмійным 2019 годзе беларускія сядзібы наведалі больш за 514 тысяч чалавек – на 22% больш, чым у 2018 годзе. Пасля невялікага падзення ў 2020 годзе, у 2021 годзе колькасць турыстаў зноў перакрочыла мяжу 500 і дасягнула 563,6 тысячы. А ў 2022 годзе пачала падаць і склала 559,8 тысяч.

Па стане на 1 студзеня 2020 года ў краіне налічвалася амаль 2,8 тысяч аграсядзібаў, у 2021 – ужо 3150. У 2022 годзе колькасць аграсядзібаў пачала скарачацца і па стане на 1 студзеня 2023 года склала 3043 адзінкі.

Агляд
Дзе адпачыць на вадзе: 7 відаў актыўнасцяў, якімі варта заняцца ў Беларусі
2023.07.30 12:21

Уласнік аграсядзібы: з 2016 па 2020 гады перашкод у дзейнасці не было

Беларус Алег Мяцеліца пачаў займацца аграэкатурызмам у 2016 годзе – заснаваў аграсядзібу ў Бялыніцкім раёне. Мужчына зазначае, што распачаць гэты бізнес на той момант было даволі проста.

«Зарэгістравацца было нескладана. Падаткаабкладанне на той момант таксама не абцяжарвала – у год трэба было плаціць палову базавай велічыні. Потым падатак вырас у два разы, да базавай велічыні. Пра гэта шмат пісалі, але гэта таксама была невялікая сума, – кажа Алег. – Дзяржаўная праграма падтрымкі, якая ішла праз «Аграпрамбанк» была сапраўды накіраваная на тое, каб гэты кірунак дзейнасці развіваўся. Я ёй, праўда, не скарыстаўся. І мне не падабалася, што самі супрацоўнікі выканкамаў і Міністэрства спорту і турызму маглі зарэгістравацца аграсядзібнікамі і атрымаць гэтую падтрымку. Я лічу, што тут быў патрэбен нейкі кантроль».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Nataliya Fedosenko / TASS / Forum

Напэўна, адзінае, што стварала нязручнасці ў працы, – гэта абавязак рэгістрацыі замежных грамадзянаў, зазначае Алег Мацеліца.

«Лічу, што гэта непатрэбная працэдура, бо людзі і так атрымалі дазвол прыехаць у нашую краіну – праз візы ці іншыя працэдуры. Рэгістрацыя стварала нязручнасці, асабліва, калі людзі прыязджалі ўвечары ў пятніцу. У суботу трэба было рэгістраваць , таму з большага я ігнараваў гэтае патрабаванне, бо фізічна гэта было нязручна і я не бачыў у гэтым сэнсу, – кажа былы ўласнік сядзібы. – Агулам жа, за час маёй дзейнасці з 2016 года па 2020 да моманту, пакуль аграсядзіба не была арыштаваная, асаблівых перашкод для дзейнасці я не бачыў».

Hавiны
Лукашэнка даручыў разабрацца з аграсядзібамі
2022.09.09 17:39

Каб адкрыць аграсядзібу, цяпер патрэбны дазвол выканкаму

Амаль год таму, 4 кастрычніка 2022 года, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №351 «Аб развіцці аграэкатурызму». Дакумент акрэсліў характарыстыкі аграсядзібы, змяніў некаторыя ўмовы працы. Напрыклад, цяпер на аграсядзібе павінна быць не больш за 10 пакояў.

Акрамя таго, суб’екты агратурызму абавязаныя весці асабістую падсобную гаспадарку ці вырабляць (перарабляць) нейкую сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама знаёміць гасцей з прыроднымі і архітэктурнымі цікавосткамі рэгіёну, нацыянальнымі традыцыямі і рамёствамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агроусадьба «Буслянка» / Аграсядзіба «Буслянка» / Country House «Buslyanka» / Facebook

Аблвыканкамы атрымалі права складаць спісы населеных пунктаў і месцаў, дзе ствараць аграсядзібы забаронена.

Заяўны прынцып рэгістрацыі аграсядзібаў змяніўся на дазвольны. Цяпер распачаць бізнес у аграэкатурызме можна толькі пасля дазволу выканкаму. Да 1 ліпеня 2023 года, згодна з гэтым указам, аграсядзібы павінны былі прайсці перарэгістрацыю. Адмысловыя камісіі з выканкамаў мусілі вызначыць, ці адпавядае сядзіба новым крытэрам і такім чынам вырашыць, ці можа яна працягваць працу. Указ быў прыняты нібыта з мэтай размежавання аграсядзібаў і аб’ектаў гатэльнага і рэстараннага бізнесу.

Акрамя неабходнасці прайсці перарэгістрацыю, з 1 ліпеня аграсядзібы ў Беларусі мусілі перайсці на падатак на прафесійны даход (10% ад гадавога даходу, пры сумах ад 60 тысячаў рублёў – 20% ). Аднак улады маюць права пакінуць гаспадару аграсядзібы, які прайшоў перарэгістрацыю, магчымасць плаціць збор аграэкатурызму ў памеры 37 рублёў у месяц.

На мяжы з Украінай адкрываць аграсядзібы забаранілі

Выглядала, што ўказ прывядзе да скарачэння колькасці аграсядзібаў, што ў выніку і атрымалася. З больш як трох тысяч уладальнікаў аграсядзіб толькі 1,6 тысячы звярнуліся па перарэгістрацыю ў выканкамы, а дазвол у выніку атрымалі 1,2 тысячы. Найбольш актыўна камісіі з выканкамаў клікалі да сябе гаспадары аграсядзібаў з Менскай вобласці, дзе ўвогуле знаходзяцца больш за траціну ўсіх аграсядзіб у краіне. Такія лічбы напрыканцы ліпеня прыводзіла дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня». Таксама выданне тлумачыць, навошта ўвогуле была задуманая перарэгістрацыя: «каб прадстаўнікі мясцовых уладаў бліжэй пазнаёміліся з прадпрымальнымі людзьмі раёну і пераканаліся, што сядзіба адпавядае ўсім прынцыпам заканадаўства».

З публікацыяў у раённых выданнях атрымалася даведацца, як склалася сітуацыя з перарэгістрацыяй сядзібаў у асобных рэгіёнах Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка даручыў разабрацца з аграсядзібамі
2022.09.09 17:39

У Нясвіжскім раёне да перарэгістрацыі налічвалася 33 аграсядзібы. Пасля засталося 24. Сем вырашылі закрыцца самастойна, а яшчэ дзве былі зачыненыя па рашэнні райвыканкаму.

У Іўеўскім раёне па стане на 1 студзеня 2023 года дзейнічалі 22 суб’екты аграэкатурызму. Пасля 1 ліпеня засталіся працаваць 10, яшчэ адна была адкрытая з нуля.

У Барысаўскім раёне на пачатку года працавала 41 аграсядзіба. Пасля выхаду новага ўказу 18 з іх зачыніліся. Працэдуру перарэгістрацыі прайшлі 23, яшчэ адна была адкрытая сёлета.

У Менскай вобласці на 1 студзеня налічваліся 825 аграсядзібаў. На перарэгістрацыю былі пададзеныя 617 заяваў. У выніку былі зарэгістраваныя 358 суб’ектаў агратурызму, у тым ліку 37 новых.

У Шчучынскім раёне на пачатку 2023 года было 28 аграсядзібаў. Перарэгістрацыю з іх прайшлі 17.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны» / Facebook

У Гомельскай вобласці са 134 аграсядзібаў 33 атрымалі дазвол на далейшую дзейнасць. У Рагачоўскім раёне пасля 1 ліпеня засталіся толькі 6 аграсядзібаў. Паводле Флагштоку, шмат аграсядзібаў на Гомельшчыне выстаўленыя на продаж.

З’явіліся пасля 1 ліпеня і мясціны, дзе цяпер нельга ствараць аграсядзібы. Так, забарона закранула мяжу з Украінай, а менавіта 15 вёсак Лоеўскага раёну.

Hавiны
У Беларусі не хапае экскурсаводаў
2023.09.26 20:49

Палітычны пераслед уласнікаў і гасцей аграсядзібаў

Акрамя заканадаўчых новаўвядзенняў, гаспадары і госці беларускіх аграсядзібаў цягам апошніх гадоў церпяць ад палітычнага пераследу. Неаднойчы на аграсядзібы рабілі налёты амапаўцы. Адзін з апошніх выпадкаў адбыўся ў чэрвені ў аграсядзібе «Стулы», дзе берасцейскія амапаўцы сарвалі спектакль беларускага народнага лялечнага тэатру «Батлейка». Былі затрыманыя 6 гледачоў, на 15 содняў асудзілі ўладальніцу аграсядзібы Ларысу Быцко.

Таксама ў чэрвені сілавікі Лепельскага раёну затрымалі музыку, культурнага дзеяча і грамадскага актывіста Васіля Шкіндэра, уладальніка аграсядзібы «Поўсвіж», размешчанай у вёсцы Вялікі Поўсвіж.

У сваёй сядзібе Шкіндэр не толькі прымае гасцей, але і праводзіць культурныя мерапрыемствы – пленэры, майстар-класы рамеснікаў, выставы. Штогод ён праводзіў дазволены ўладамі фестываль «Жнівень», куды з’язджаліся мастакі, рамеснікі, музыкі. У 2017 годзе аграсядзіба «Поўсвіж» стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі «Захавальнік традыцый». Пра Васіля Шкіндэра неаднаразова пісалі дзяржаўныя СМІ.

«Будзе ў нас нармальная дзяржава – будзе ўсё»

«У нас не было выйсця, мы мусілі прайсці перарэгістрацыю, бо аграсядзіба – усё, што ў нашай сям’і ёсць, гэта нашая справа жыцця, – кажа ўласнік аграсядзібы ў Менскай вобласці, які пагадзіўся падзяліцца меркаваннем пра наступствы апошняга ўказу. – Але ў мяне ёсць знаёмыя, якія былі вымушаныя закрыцца. Нібыта не адпавядаюць крытэрам аграсядзібы. Але ж столькі гадоў адпавядалі, а цяпер ужо раптам не адпавядаюць? Не ведаю, навошта ўсе гэтыя ўказы прымаюцца, але яны дакладна не аблягчаюць вясковы турызм. Шмат у каго сядзібы – адзіны занятак. Я не ведаю, што цяпер будуць рабіць гэтыя людзі».

Змяншэнне колькасці аграсядзібаў, наш суразмоўца, аднак звязвае не толькі з новым указам.

«Людзі з’язджаюць з Беларусі і прадаюць сядзібы. І ўвогуле сыходзяць з гэтага бізнесу, бо стала цяжэй, менш турыстаў», – кажа мужчына.

Яшчэ адзін уласнік аграсядзібы з Віцебскай вобласці распавёў, што нават не стаў падавацца на перарэгістрацыю, бо ведаў, што не пройдзе яе – кажа, што ў яго няма такіх умоваў, як у горадзе.

«Яны ж патрабуюць каб і водаправод быў, і ацяпленне, асвятленне – на вёсцы няма такіх умоваў. Тым больш, я пакуль тут яшчэ толькі будуюся, – кажа гаспадар. – Таму цяпер у мяне не аграсядзіба, а проста сядзіба».

Па словах мужчыны, у некаторых раёнах Віцебскай вобласці былі сотні аграсядзібаў, а цяпер засталіся дзясяткі. Ёсць гаспадары, якія прынцыпова не пайшлі запрашаць камісіі з выканкамаў.

У нашага суразмоўцы цяпер фермерская гаспадарка. Асаблівай розніцы ў дзейнасці ў параўнанні са статусам аграсядзібы ён не заўважае, кажа, толькі на экскурсіі падатак цяпер вышэйшы. Таксама ў апошнія гады стала менш замежных турыстаў, але гэта  звязана не з указам, а з агульнай сітуацыяй у краіне, зазначае суразмоўца.

Прадпрымальнік не збіраецца кідаць дзейнасць і мае шмат ідэяў, якія ў будучыні спадзяецца рэалізаваць.

«Будзе ў нас нармальная дзяржава – будзе ўсё: і замежнікі, турызм, і аграсядзібы», – рэзюмуе гаспадар сядзібы.

«Ім трэба ўзяць пад кантроль усё і ўсіх у нашай краіне»

Паводле Алега Мяцеліцы, заканадаўчыя новаўвядзенні і агулам спроба кантраляваць аграэкатурызм нічым не адрозніваецца ад палітыкі, якую апошнім часам рэжым вядзе і ў іншых кірунках.

«Ім трэба ўзяць пад кантроль усё і ўсіх, што і хто ёсць у нашай краіне», – кажа актывіст.

Алег дадае, што ён бы падтрымаў заканадаўчае размежаванне сапраўдных этнасядзібаў і вялізных комплексаў, якія здаваліся ў арэнду пад нейкія мерапрыемствы.

«У мяне была невялікая этнасядзіба. Да мяне прыязджалі госці з Беларусі, Расеі. Я быў вельмі імі задаволены, бо яны ехалі на сядзібу адмыслова, каб пабачыць гэты зрэз беларускай вясковай культуры, побыту, ім была патрэбная гэтая атмасфера, – кажа наш суразмоўца. – Для іх было важна таксама мець кантакт са мной як з гаспадаром сядзібы, а не проста каб ім аддалі ключы і яны там бавілі час. Я заўсёды дзяліўся ведамі пра Беларусь, пра нашыя традыцыі. У той жа час сапраўды вялікія комплексы нельга было параўноўваць і ставіць у той жа шэраг, што і людзей, якія рабілі не проста паслугі пражывання. Напэўна, у гэтым павінна быць размежаванне».

У якім кірунку трэба развіваць беларускі аграэкатурызм

Паводле Алега, менавіта на традыцыйным вясковым побыце і трэба рабіць акцэнт гаспадарам аграсядзібаў. Дзяржава ж павінна імкнуцца захаваць гэтую культуру і на яе падставе развіваць аграэкатурызм.

«Мне заўсёды было шкада глядзець, як у нас руйнуюць старыя вясковыя дамы. Я перакананы, што іх трэба захоўваць і кансерваваць, што павінна быць асобная праграма па іх захаванні, – дзеліцца думкамі была ўласнік аграсядзібы. – Бо здзівіць замежнікаў вялізнымі сучаснымі катэджамі, еўрарамонтамі цяжка, а вось самабытнасцю, сялянскім побытам – цалкам можна. Я думаю, што ў гэтым кірунку трэба развіваць аграэкатурызм – захоўваць культуру, якая знікае, зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць людзей, якія імкнуцца яе захаваць. Я лічу, што менавіта гэта магло б быць цікавым для гасцей, якія прыязджаюць у Беларусь, ды нават і для беларусаў, асабліва для моладзі, людзей, якія жывуць далёка ад вёскі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ryhor / easyfotostock / East News

Алег Мяцеліца цяпер жыве ў Літве, дзе быў вымушаны ратавацца ад пераследу ў 2020 годзе. У 2021 годзе ягоную маёмасць перадалі Галоўчынскаму сельсавету, знеслі частку пабудоваў – традыцыйную беларускую лазню, іншыя збудаванні. Астатняя частка сядзібы дагэтуль знаходзіцца пад арыштам.

Алег спадзяецца, што аднойчы зможа вярнуцца ў Беларусь і працягнуць сваю любімую справу – «быць уладальнікам аграсядзібы і дзяліцца з людзьмі ведамі пра Беларусь, пра яе гісторыю і культуру».

Аб’ектыў
Змены з 1 ліпеня – перарэгістрацыя рамеснікаў і аграсядзібаў
2023.06.30 22:07

Ганна Ганчар belsat.eu