Змены з 1 ліпеня – перарэгістрацыя рамеснікаў і аграсядзібаў


З першага ліпеня ўладальнікаў аграсядзібаў чакаюць істотныя змены. Тыя, хто не прайшоў перарэгістрацыі ў мясцовых выканкамах, працаваць далей не змогуць. Чарговым этапам заціскання гаек лічыць новаўвядзенне адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

«Усё мае быць падкантрольна, усе маюць быць залежнымі ад вертыкалі ўлады. Аграсядзібы – гэта найніжэйшы ўзровень вертыкалі ўлады. То бок старшыні райвыканкамаў, прызначаныя на месцах, – ім гэта аддадуць на водкуп», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Указ «Аб развіцці аграэкатурызму Аляксандр Лукашэнка падпісаў летась у кастрычніку, заявіўшы, што пад шырмай аграсядзібаў хаваюцца гатэлі ды рэстарацыі. «Тут побач з горадам у цудоўных месцах пабудавалі гатэлі. Я не супраць, але плаціце падаткі, як усе гатэльныя комплексы», – казаў тады Лукашэнка.

Паводле ўказу, цяпер у аграсядзібе можа быць не больш за 10 пакояў, а ўласнік можа мець не больш за дзве сядзібы, якія маюць месціцца ў адным раёне. Апроч жытла аграсядзіба мусіць мець уласную гаспадарку: гарод ці жывёлу, а таксама прапаноўваць прынамсі два віды паслугаў і, між іншага, знаёміць гасцей з традыцыямі рэгіёну.

Гэтыя змены – проста адміністрацыйныя працэдуры і не закрануць працы аграсядзібаў, якіх у краіне больш за тры тысячы, заяўляюць чыноўнікі.

«Летась у нас наведалі агратурызм і адпачылі на аб’ектах агратурызму амаль паўмільёна чалавек», – казаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай турыстычнаму сезону, намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Але, да прыкладу, на Гомельшчыне, паводле інфармацыі Рэчыцкага райвыканкаму, са 134-х дзейных аграсядзібаў заяўкі на перарэгістрацыю на пачатак чэрвеня падалі 66. І толькі палова з іх атрымала дазвол на дзейнасць.

Насамрэч галіна агратурызму ў Беларусі зусім не развітая ў параўнанні з іншымі краінамі, кажа Мікалай Лысянкоў.

«На развіццё агратурызму вылучаліся некалі вялікія грошы з дзяржбюджэту, але, на жаль, гэтыя грошы былі патрачаныя на нейкія дзяржаўныя праекты, але да сялянаў яны не дайшлі», – падкрэслівае адмыслоўца.

Дагэтуль уладальнікі аграсядзібаў плацілі збор 37 рублёў на месяц, ці 444 рублі на год. Цяпер жа падатак на прафесійны прыбытак складае 10 адсоткаў. А калі аграсядзіба працуе з юрыдычнымі асобамі і прыбытак перавышае шэсцьдзесят тысяч рублёў – то 20 адсоткаў.

Такія ж стаўкі падатку з 1 ліпеня маюць і рамеснікі, якія раней плацілі збор 72 рублі за год.

Паводле новых правілаў з 1 ліпеня будуць выдаваць і гастрольныя пасведчанні. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія раней займаліся арганізацыяй канцэртаў, павінны будуць зарэгістраваць юрыдычную асобу. Гэта значна падвысіць падаткі, кажа культурны менеджар Мікіта Броўка.

«У любым выпадку гэта ўскладняе вядзенне бізнесу па арганізацыі мерапрыемстваў у прынцыпе і, адпаведна, проста меншая колькасць прадпрымальнікаў будзе хацець гэтым займацца, таму што гэта будзе не так эканамічна мэтазгодна, бо падаткі – гэта вялікая частка», – падкрэслівае Мікіта Броўка.

Каму выдаць гастрольнае пасведчанне, для каго з рамеснікаў пакінуць падатковы збор і для якіх аграсядзібаў зрабіць ільготныя ўмовы, вызначаюць мясцовыя чыноўнікі. Гэткія новаўвядзенні не толькі абмяжоўваюць развіццё бізнесу, але і даюць прастору для хабараў ды карупцыі, кажуць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»