У Польшчы выйшла «Ледаколка» – першая кніга пра Святлану Ціханоўскую. Для каго яна і што ў ёй новага?


З 28 верасня ў кнігарнях Польшчы пачне прадавацца кніга «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska», напісаная журналістам польскай газеты «Rzeczpospolita» і калумністам «Белсату» Русланам Шошыным. Распыталі аўтара пра кнігу.

Кніга «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska». Аўтар: Руслан Шошын. Выява: Wydawnictwo Literackie

«Lodołamaczka» – неўласцівая польскай мове жаночая форма слова «lodołamacz» (‘ледакол’), аўтарскі наватвор для апісання гераіні. Гэта першая кніга пра Святлану Ціханоўскую, але не толькі пра яе, а і пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі. Кніга пакуль выходзіць толькі на польскай мове, з сённяшняга дня яе можна набыць у кнігарнях або замовіць онлайн.

«Я ведаю, што людзі гатовыя да пераменаў, да пратэстаў і страйкаў. Але я таксама ведаю, што яны выйдуць на вуліцы, калі будуць пэўныя, што гэта іхны апошні крок да перамогі. Нельга прапусціць гэтага гістарычнага моманту». Святлана Ціханоўская, з кнігі «Lodołamaczka».

Пра што кніга?

Руслан Шошын расказвае «Белсату», што хацеў падаць вобраз Святланы Ціханоўскай найперш як чалавека, а не палітыка – паказаць Ціханоўскую, якую «не ведаюць з медыяў» і якую не ведаў сам да пачатку працы над кнігай. Для большасці Ціханоўская з’явілася толькі ў 2020 годзе, дэталёвай біяграфіі нідзе не прачытаць – таму нічога дзіўнага, што яе трэба было напісаць, кажа аўтар.

Задача палягала яшчэ і на тым, каб расказаць пра Ціханоўскую сярэднестатыстычнаму польскаму чытачу, кажа Шошын. А такі чытач амаль нічога не ведае пра Беларусь – хіба толькі тое, што там жорсткая дыктатура.

«Я паспрабаваў паказаць Беларусь апошніх двух гадоў, праз жыццё Святланы Ціханоўскай – як змянялася Беларусь, ейнымі вачыма пабачыць найноўшую гісторыю і прыгоды Беларусі», – кажа Шошын.

У кнізе будзе і пра палітыку, рэпрэсіі, прыгоды беларускіх пратэстоўцаў і журналістаў, але галоўнае – твар простай жанчыны, якая можа бурыць муры або расколваць лёд, абяцае аўтар. Мур у Беларусі яшчэ не разбураны, дадае Шошын, але ледакол не расколвае адразу ўвесь лёд у акіяне – гэта працэс паступовы, які цяпер і адбываецца.

Фрагмент кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska». Аўтар: Руслан Шошын. Выява: Wydawnictwo Literackie

Ціханоўская два гады не здаецца, хоць ейнага мужа кінулі ў турму, а яе і дзяцей пазбавілі сваёй зямлі, лічыць Шошын. І што важна, Ціханоўская дае беларусам надзею. Але аўтар запэўнівае, што кніга не ўсхваляе Ціханоўскую як нацыянальную гераіню, а падае розныя галасы і паказвае рэчаіснасць настолькі, наколькі было магчыма.

«Відовішча было страшнае. Мяне вялі калідорам, запоўненым чорнымі мяхамі з рэчамі арыштаваных. А тыя людзі стаялі, павернутыя тварамі да сцяны, і рукі іхныя былі завязаныя за спінамі. У мяхах званілі іхныя тэлефоны. Падлога была ўся ў крыві, афіцэры хадзілі па ёй, як па лужынах. Адзін з іх падышоў і пляснуў дубінкаю па нагах хлопца, які хацеў толькі выпрастацца, бо зацяклі рукі і шыя. Я не магла паверыць уласным вачам, што беларусы здольныя так ставіцца да беларусаў», – Мар’я Мароз, цытата з кнігі «Lodołamaczka».

Простай хатняй гаспадыні такое будзе цікава?

Аўтар спадзяецца, што так. У 2020 годзе ў Беларусі, кажа ён, былі пераломныя падзеі не толькі выбарчыя і палітычныя, але і сацыяльныя – рэвалюцыя была жаночай. Жанчыны ў беларускай палітыцы амаль «не прысутнічалі», заўважае Шошын і дадае: такое стаўленне да жанчын Аляксандр Лукашэнка стварыў у сваёй сям’і і пераклаў на грамадства.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на мітынгу. Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Ва Украіне была прэм’ерка Юлія Цімашэнка, у Літве была прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце, у Польшчы былі прэм’еркі Бэата Шыдла і Эва Копач, пералічвае ён. А што ў Беларусі, што ў Расеі жанчын ва ўладзе практычна няма: напрыклад, у Беларусі цяпер толькі адна міністарка на 23 міністраў-мужчынаў, у Расеі сярод кіраўнікоў суб’ектаў федэрацыі адна жанчына на 84 мужчынаў (ды і прозвішчы гэтых людзей амаль ніхто не ведае, дадае Шошын).

«Як яны змаглі мяне адолець? Яны сказалі, што ведаюць, дзе мае дзеці, і тыя застануцца сіротамі. Казалі, што як выйду з будынку ЦВК, дык далёка не дайду. Што мяне хутка арыштуюць і пасадзяць у турму. Адзін з іх спытаў: вы ведаеце, як ставяцца да жанчын у беларускіх турмах? Яны таксама казалі: вашыя дзеці апынуцца ў прытулку. Яны ўсё паўтаралі: дзеці, дзеці, дзеці. І я ў выніку здалася», – Святлана Ціханоўская, цытата з кнігі «Lodołamaczka».

Ці ёсць у кнізе сенсацыі?

У кнізе шмат новага, чаго не знайсці ў іншых крыніцах, адказвае аўтар. Сярод гэтага – абставіны апошняга дня Святланы Ціханоўскай у Беларусі і прымусовага вывазу яе за мяжу, складзеныя ў рэтраспектыву. Ёсць новыя рэчы, што расказвалі сведкі падзеяў і людзі, якія былі побач з Ціханоўскай. Ёсць аповед Ціханоўскай пра сваё жыццё і светапогляд, стаўленне да рэлігіі – тое, пра што журналісты не пытаюць штодня.

«Мэркель параіла нам знайсці добрага перамоўцу – такога, які мог бы даць рады ў гэтай справе. Яна рэкамендавала некага з катэгорыі «bad guys». Называла прэмʼер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана і прэзідэнта Сербіі Александра Вучыча, здольных паразумецца з Пуціным і Лукашэнкам. Яна сцвярджала, што ні яна сама, ні іншыя лідары дэмакратычных дзяржаваў не могуць дамовіцца з імі, бо не ведаюць, чаго тыя хочуць», – Франак Вячорка, цытата з кнігі «Lodołamaczka».

Ціханоўская і ейны штаб не ўзгаднялі тэксту кнігі. З усімі героямі кнігі, адзначае Шошын, ён узгадняў толькі іхныя выказванні, але не тэкст агулам. Ён нават не ўпэўнены, ці прачытала ўжогэтую кнігу Ціханоўская. Для аўтара гэта было прыемнай зменай: у беларускага палітыка – ніякай цэнзуры і ніякага вычытвання (а з прадстаўнікамі беларускіх ўладаў і інстытуцыяў яму даводзілася сутыкацца).

«Гэта такая азнака, што ёсць іншая Беларусь і іншыя людзі, ёсць рэальная альтэрнатыва», – працягвае Шошын думку пра цэнзуру ва ўладаў Беларусі і тое, што Ціханоўская не патрабавала правіць кнігу.

Кнігу перакладуць на іншыя мовы?

Шошын не ведае, але спадзяецца на гэта. Прапановы перакладу кнігі на беларускую мову ўжо былі. Але аўтар тлумачыць, што гэтай справай займаецца выдавецтва, а перамовы пра выданні на іншых мовах могуць пачацца толькі пасля польскай прэм’еры.

У першую чаргу Шошын хоча, каб кнігу пераклалі на мовы еўрапейскіх краінаў: кажа, важна, каб людзі ў краінах Еўропы не забывалі пра Беларусь і пра тое, што змаганне беларусаў не скончанае, што ў Беларусі гвалтуюць правы чалавека, што звыш 1300 беларусаў прызнаныя палітычнымі зняволенымі і што за кратамі – журналісты і прадстаўнікі польскай меншасці.

Ён заўважае, што свет цяпер сфакусаваны на расейскай агрэсіі ва Украіне: кажа, несумненна, імперскія амбіцыі і комплексы Уладзіміра Пуціна – гэта галоўная пагроза, але пад бокам у Еўропы ёсць дыктатура Лукашэнкі, ні чым не лепшая за дыктатуру Пуціна. А памяць у еўрапейскіх сталіцах вельмі кароткая, многія маглі ўжо забыць падзеі 2020 года.

«Я была б шчаслівая, калі б муж быў побач са мною. Мне бракуе многіх ягоных якасцяў. Гэта ён здолеў абудзіць людзей, а я толькі падхапіла эстафетную палачку. Я – зусім не ідэальная лідарка. Адныя кажуць, што я ўсяго толькі сімвал, іншыя называюць мяне палітычным трупам, але я атрымліваю таксама і сотні словаў падзякі. Немагчыма быць добрай для ўсіх, ды я да гэтага і не імкнуся. Я ведаю, што мне не стае досведу і пэўнага бачання. Але я зраблю ўсё, што толькі здолею», – Святлана Ціханоўская, цытата з кнігі «Lodołamaczka».

Святлана Ціханоўская на маршы Свабоды ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

***

2 кастрычніка ў Кракаве запланаваная жывая прэзентацыя кнігі «Lodołamaczka» і сустрэча са Святланай Ціханоўскай і Русланам Шошыным. Уваход бясплатны, але патрэбная онлайн-рэгістрацыя.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў