Газаправод «Паўночная плынь» даў цечу пасля моцных падводных выбухаў


Сейсмалагічны цэнтр Швецыі зафіксаваў уначы два моцныя падводныя выбухі, паведамляе тэлеканал «SVT». У выніку былі пашкоджаныя адразу тры ніткі двух газаправодаў «Паўночная плынь».

Наступствы аварыі на газаправодах у Балтыйскім моры 27 верасня 2022 года.
Фота: Danish Defence / forsvaret.dk

Здарэнне адбылося ў Балтыйскім моры ля Даніі і Швецыі. Дацкая армія апублікавала фота і відэа наступстваў аварыі. Суднаходства ў гэтым раёне забаранілі.

«Шведскае радыё» перадае, што мясцовая паліцыя пачала расследаванне і папярэдне кваліфікавала гэта як грубы сабатаж. Улады кажуць, што месцы ўцечак знаходзяцца вельмі блізка адно ад аднаго. Па непацверджаных звестках нямецкага выдання «Der Tagesspiegel», трубы маглі пашкодзіць падчас мэтанакіраванай атакі пры ўдзеле вадалазаў ці субмарыны.

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк абвінаваціў у здарэнні Расею.

«Гэта спланаваны Расеяй тэракт і акт агрэсіі супраць ЕЗ. Расея жадае дэстабілізаваць эканамічную сітуацыю ў Еўропе ды выклікаць паніку перад зімой», напісаў Падаляк у сваім Twitter.

Газаправод «Паўночная плынь 2» быў пабудаваны, але не ўведзены ў эксплуатацыю, прычынай стала прызнанне Масквой незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Па «Паўночнай плыні 1» паліва дагэтуль пампавалася, але газаправод працаваў не на ўсю моц. Расея спасылалася на праблемы з турбінай.

Hавiны
Аператары паведамілі пра падзенне ціску на абедзвюх нітках газаправоду «Паўночная плынь – 1»
2022.09.27 11:54

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў