Менш за 8 % беларусаў жывуць на «па пяцьсот»


Больш за палову беларусаў жывуць на 400–800 рублёў на месяц, толькі кожны соты жыве на больш як 1500 рублёў. Але ёсць не менш за 8095 чалавек, якія маюць заробак звыш 10 000.

Беларускія рублі і еўры. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аляксандр Лукашэнка з 2005 года абяцаў заробкі па 500 долараў ЗША. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за жнівень 2021 года сярэдні налічаны заробак склаў 1463,2 рубля – паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку гэта 583,06 долара. У ліпені было на 8,5 рубля больш.

З суседзяў ад Беларусі ў сярэднім налічаным заробку адстае толькі Украіна. Звестак за жнівень там яшчэ не публікавалі, але ў ліпені сярэдні заробак ва Украіне складаў 14 345 грывень, а гэта каля 527,2 долара. Сярэдні заробак у Расеі за той жа ліпень быў роўны 52 123 расейскіх рублі, гэта каля 705,41 долара.

Ды гэта ўсё – да вынятку падаткаў і збораў, і далёка не заробак сярэднестатыстычнага жыхара краіны. Сярэдні беларус, адносна якога палове краіны налічваюць больш, а палове менш, мае так званы медыянны заробак. Той медыянны заробак публікуюць два разы на год, апошні раз публікавалі ў траўні – было 1018,4 рубля (сярэдні тады быў 1419,60 рубля).

Hавiны
Калі санкцыі падзейнічаюць? Якімі будуць новыя? Спыталі эканаміста і палітолага
2021.09.22 08:30

Тое, колькі рэальна мае грошай чалавек, называюць сярэднім наяўным рэсурсам на асобу. Гэта аб’ём грашовых даходаў за выняткам падаткаў і збораў з улікам ільготаў і выплатаў у натуральнай форме плюс вырашчаныя ў гаспадарках харчы за выняткам выдаткаў на іх вытворчасць. Лічыцца на сям’ю (хатнюю гаспадарку) і дзеліцца на колькасць чалавек у сям’і.

Размеркаванне гэтага рэсурсу ў першым паўгоддзі 2021 года такое:

да 250 рублёў на чалавека на месяц – 2,0 % насельніцтва краіны.

  • 250–300 рублёў – 3,3 %,
  • 300–350 рублёў – 4,8 %,
  • 350–400 рублёў – 6,9 %,
  • 400–500 рублёў – 15,2 %,
  • 500–600 рублёў – 16,5 %,
  • 600–700 рублёў – 13,9 %,
  • 700–800 рублёў – 9,8 %,
  • 800–900 рублёў – 7,1 %,
  • 900–1000 рублёў – 5,6 %,
  • 1000–1100 рублёў – 4,0 %,
  • 1100–1200 рублёў – 2,7%,
  • 1200–1300 рублёў – 1,8%,
  • 1300–1400 рублёў – 1,4%,
  • 1400–1500 рублёў – 1,1%,
  • звыш 1500 рублёў – 3,9 %.

Менш за бюджэт пражыткавага мінімуму маюць 4,2 % беларусаў. У сярэднім гэты бюджэт роўны 283,46 рубля (ён розны для розных групаў насельніцтва, для працаздольных роўны 315,04 рубля, для пенсіянераў – 214,91 рубля, для дзяцей да 3 гадоў – 178,56 рубля).

Значыць, жывуць на больш як 500 долараў (1286,6 рубля паводле сярэдняга курсу на першае паўгоддзе) не больш за 8,2 % беларусаў (рэальна – менш з улікам дыяпазону 1200–1300 рублёў), хоць у сярэднім на ўсіх да вынятку падаткаў і збораў выходзіць заробак, вышэй за абяцаныя «па пяцьсот».

Партал Banki24.by таксама прааналізаваў статыстыку аб заробках арганізацыяў сярэдняга і буйнога бізнесу (ад 100 чалавек). У такіх на травень знайшлося 8095 чалавек з заробкамі звыш 10 тысяч рублёў. Гэта каля 0,3 % ад усіх працоўных. З іх 7034 асобы – у Менску, 2578 – у Першамайскім раёне, дзе зарэгістраваны Парк высокіх тэхналогіяў. А ў Магілёўскай вобласці такіх «дзесяцітысячнікаў» усяго 70.

Hавiны
У Беларусі задумалі запусціць пенсійнае страхаванне восенню 2022 года. Але яно ўжо дзейнічае
2021.09.27 11:03

АА belsat.eu

Стужка навінаў