«Нават смяротнае пакаранне». Юрыст Зікрацкі распавёў, што пагражае сілавікам і праз 15 гадоў


Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі. Трэці дзень суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі пракаментаваў адмову Следчага камітэту пачынаць крымінальныя справы па факце катавання пратэстоўцаў у жніўні 2020 года. Пра гэта паведамілі ў Кабінеце прадстаўнікоў Ціханоўскай.

У прыватнасці, юрыста зачапілі словы СК пра тое, што «абраныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў сродкі і спосабы былі сувымерныя, ужываліся з намерам нанесці найменшую шкоду».

Але Сяргей Зікрацкі сумняваецца, што сувымерным было «трымаць у душнай малой камеры дзясятак чалавек больш за содні без вады і пітва», пазначаць валасы людзей фарбаю, потым стрыгчы іх і збіваць, праганяць праз калідор з дручкамі, а потым ставіць на калені і біць тых, хто ўжо не мог стаяць». Таксама ён не ўпэўнены, што следчымі браліся пад увагу запісы тэлефонных размоваў сілавікоў, у якіх былі прызнанні ў намеры здзяйсняць гвалт з прычыны палітычных перакананняў.

Артыкулы
Падпалкоўнік МУС Максімовіч летась у жніўні загадаў збіваць усіх, хто можа браць удзел у пратэстах
2021.08.16 17:18

«Тое, што было на Акрэсціна, – гэта катаванні. І ўсе датычныя да гэтых катаванняў сілавікі здзейснілі асабліва цяжкое злачынства – злачынства супраць бяспекі чалавецтва», – мяркуе юрыст.

«Адказнасць паводле артыкулу 128 КК РБ – гэта пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў або пажыццёвае пазбаўленне волі, або нават смяротнае пакаранне. Нагадаю, што тэрмін даўнасці ў асабліва цяжкіх злачынствах – 15 гадоў. Нагадаю таксама, што, згодна з артыкулам 83 Крымінальнага кодэксу пытанне пра ўжыванне тэрмінаў даўнасці да асобы, якая ўчыніла злачынства, за якое яму можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі або смяротнага пакарання, вызначаецца судом. Гэта азначае, што нават праз 15 гадоў тэрміны даўнасці ў гэтым злачынстве не скончацца. Гэта значыць, што нават праз 15 гадоў суд і толькі суд будзе пастанаўляць, ці прыцягнуць вінаватых да адказнасці, і якое пакаранне прызначыць», – адзначыў Сяргей Зікрацкі.

Юрыст таксама адзначыў, што «ўсе бездапаможныя спробы схаваць сляды злачынства таксама ёсць злачынствам і будуць расследаваныя асобна, а кожны, хто мае дачыненне да здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, панясе справядлівае пакаранне».

Артыкулы
Следчы камітэт не пабачыў злачынства ў жорсткім збіцці грамадзянаў падчас леташніх падзеяў
2021.08.26 17:30

Нагадаем, што Следчы камітэт завершыў правяраць серыі зваротаў грамадзянаў на неправамерныя захады сілавікоў падчас масавых акцыяў летась. СК не пабачыў падставаў для завядзення на міліцыянтаў крымінальных справаў.

Прэсавая служба СК паведамляе, што следчыя нібыта старанна вывучылі довады грамадзянаў, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас акцыяў пратэсту летась. Пры гэтым следчыя прызнаюць, што сілавікі ўжывалі фізічную сілу. Але нібыта такія захады зробленыя згодна з заканадаўствам. Фізічны гвалт і здзекі, паводле СК, былі сувымерныя абставінам і «ўжываліся з намерам прычыніць найменшую шкоду».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў