Новая справа супраць палітвязня Камароўскага, 61 дзень невядомы лёс Віктара Бабарыкі. Хроніка рэпрэсій 27 чэрвеня


«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі. Вашай ўвазе – падборка фактаў, падзеяў і зʼяў, звязаных з пераследам іншадумцаў за 27 чэрвеня.

61 дзень нічога не вядома пра лёс палітвязня Віктара Бабарыкі. 26 красавіка 2023 года з’явіліся чуткі, што ён быў дастаўлены ў шпіталь у Наваполацку моцна збітым і з тае пары яго ніхто не бачыў, інфармацыю пра яго стан здароўя і месцазнаходжанне не даюць ні сваякам, ні адвакатам.

Агляд
Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома
2023.06.18 07:01

27 чэрвеня на блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналах з’явілася відэа з «прызнаннямі» супрацоўніка РУП «Фармацыя» Сяргея Драгуна. Ён кажа, што быў падпісаны на тэлеграм-каналы, пад публікацыямі ў якіх пакінуў каля 400 каментароў, якія «маглі змяшчаць негатыўную адзнаку» супрацоўнікаў міліцыі, Лукашэнкі і іншых службовых асоб. Мужчына прызнаецца, што пісаў каментары «пад уплывам моманту і прачытанага ў тэлеграм-каналах». Мяркуючы па размешчаным відэа, затрыманне праходзіла жорстка і прама на працоўным месцы. Затрыманага паклалі тварам у падлогу, закавалі ў кайданкі, прымушалі перамяшчацца з высока задранымі за спінай скаванымі рукамі.

Затрыманы прарэктар віцебскай ветэрынарнай акадэміі Уладзімір Журба, папярэдне – за хабар, аднак сапраўдная прычына невядома. Незадоўга да гэтага прарэктар нагадваў супрацоўнікам ВНУ змест артыкула «Аб барацьбе з карупцыяй». З сайта ВНУ звесткі аб прарэктары зніклі. Журба – вядомы ветэрынар, кандыдат навук. Акрамя таго герой мясцовай газеты ў гісторыі з лячэннем дэкаратыўнага вожыка. Меў шмат добрых водгукаў ад уладальнікаў хатніх жывёлін, якіх ён лекаваў.

Аляксей Камароўскі.
Фота: «Вясна: Палітвязні Беларусі» / Telegram

Супраць палітвязня Аляксея Камароўскага ўзбудзілі новую крымінальную справу. 21 сакавіка 2023 года Аляксея асудзілі да 4 гадоў калоніі з кампенсацыяй маральнай шкоды міліцыянту памерам Br 3000. Мужчыну абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў») і арт. 365 КК («Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Месяц таму ён пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі № 20, дзе яго амаль адразу змясцілі ў ШІЗА. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза міліцыянта») – Аляксей нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце. Цяпер мужчыну перавялі ў гарадзенскую турму № 1.

Пракурор Менскай вобласці Юрый Шчацько 27 чэрвеня распавёў пра барацьбу з «экстрэмізмам» у рэгіёне. За паўтара года былі заведзеныя 183 крымінальныя справы.  Паводле Шчацька, са жніўня 2020 года абвешчаныя 1674 афіцыйныя папярэджанні асобам, «схільным да здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці», сёлета – 21. Па выніках маніторынгу ў 2022-м і гэтым годзе выяўленыя больш за 200 матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі і звесткі наконт дэстабілізацыі грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі, прыватную інфармацыю аб пракурорскіх работніках. На падставе гэтага пракуроры Меншчыны і падраздзяленні СК распачалі 183 крымінальныя справы.

Пракуратура Гомельскай вобласці прааналізавала прычыны выпадкаў суіцыду сярод грамадзянаў сталага веку і ў выніку да адказнасці прыцягнулі 21 чалавека. Аналіз статыстыкі паказаў, што цягам апошніх двух гадоў сярод вонкавых прычынаў смерцяў сталых асобаў пераважалі суіцыды. Іх прычынамі сталі сыход ад актыўнага сацыяльна-культурніцкага жыцця, зніжэнне фізічнай актыўнасці, цяжкія хваробы і самота. Пракуратура высветліла, што «праца для недапушчэння суіцыду ў Гомельскай вобласці не заўсёды адпавядала патрабаванням, якія да яе выстаўляліся».

На беларуска-расейскай мяжы памежнікі ўзмоцнена правяраюць грамадзянаў, якія палітычнага пераследу не зазнавалі, але праходзілі сведкамі ў палітычных справах сваіх калегаў ці сяброў. Узмоцненае правяранне мела месца 26 чэрвеня на ўездзе ў Беларусь. Беларускія памежнікі праверылі паводле сваёй базы пашпарты ўсіх, хто быў у аўтамабілі. Імя і прозвішча аднаго з падарожнікаў супалі са звесткамі базы, яго цягам гадзіны дапытвалі спецслужбоўцы.

Hавiны
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Беларуская выведка спыняе літоўскіх грамадзянаў на КПП
2023.06.27 22:56

У сераду 28 чэрвеня Наталля Пінчук, жонка праваабаронцы і беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, выступіць перад еўрадэпутатамі з падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламенту. Выступ можна будзе паглядзець анлайн.

Былы сукамернік палітвязня Дзмітрыя Падрэза распавёў праваабаронцам «Вясны» пра тое, як супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымлівалі Дзмітрыя. Паслухайце гэтыя сведчанні! У межах Іх агучыла акторка Валянціна Гарцуева. Палітзняволенага айцішніка і стрыт-арт мастака (вядомага як Дзіма Dream) Дзмітрыя Падрэза асудзілі ў закрытым рэжыме да 7 гадоў калоніі па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Цыкл відэа пра катаванні беларусаў стварылі «Вясна» і «Палітвязынка».

26 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве беларускія акторы чыталі ўспаміны палітвязняў, якія прайшлі праз катаванні ў лукашэнкаўскіх ізалятарах, турмах і калоніях. «Белсат» падрыхтаваў падрабязную справаздачу з гэтай імпрэзы, прымеркаванай да Міжнароднага дня супраць катаванняў і ладзілася праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Рэпартаж
«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі
2023.06.27 23:25

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў