Лукашэнка просіць у Пуціна $ 250 млн на лесанарыхтоўчую тэхніку і імпартазамяшчэнне


Аляксандр Лукашэнка правёў сёння ў Менску сустрэчу з губернатарам Самарскай вобласці Дзмітрыем Азаравым. БелТА паведамляе, што на сустрэчы абмеркавалі развіццё праграмы імпартазамяшчэння і напрамкі супрацы. Лукашэнка таксама распавёў, што марыць развіць гандаль з Самарскай вобласцю да $ 1 млрд і прасіў у Пуціна $ 250 млн.

Спілаваныя дрэвы.
Фота: Белсат

Пад час сустрэчы Лукашэнка заявіў, нібыта санкцыі Захаду яшчэ больш умацавалі пазіцыі беларускіх тавараў на расейскім рынку. Ён лічыць, што ва ўмовах санкцыяў беларускія тавары запатрабаваныя ў Расеі ў вялікіх аб’ёмах, а ўрад мусіць задаволіць усе імпартазамяшчальныя кантракты. Лукашэнка паскардзіўся, што працэсу часам шкодзіць «валакіта» як у Беларусі, так і ў Расеі.

Лукашэнка распавёў, што ён абмяркоўваў праграму імпартазамяшчэння з Пуціным падчас апошняга візіту ў Расею. Ён адзначыў, што на сустрэчы пастанавілі мець жорсткі кантроль, каб зрэалізаваць усе 15 праектаў супольнай праграмы імпартазамяшчэння. Лукашэнка паскардзіўся, што спачатку не ўсё было ахвотна прынятае расейскімі чыноўнікамі.

Hавiны
Пуцін не прыедзе ў Горадню, але абяцае перадаць «Іскандэры»
2022.06.25 20:06

Таксама Лукашэнка распавёў, што Расея дала $ 1,5 млрд на праграму імпартазамяшчэння, якія ён хоча неадкладна асвоіць. Інакш, з ягоных словаў, людзі будуць незадаволеныя, як пры распадзе СССР, калі праз «пральныя парашкі і лусту хлеба» з прычыны народнай незадаволенасці і пры дапамозе «нікчэмных палітыкаў» развалілася «велізарная імперыя».

Пазней Лукашэнка прызнаўся, што прасіў у Пуціна $ 250 млн на лесанарыхтоўчую тэхніку. Лес Лукашэнка назваў «другой нафтай».

«Я прэзідэнту гэта ўсё расклаў. Без гэтага ж мы не абыдземся, асабліва Расея. Гэта, як я сказаў, нашая другая нафта (лясныя рэсурсы). І пад гэта сёння, каб усё гэта разгарнуць як імпартазамяшчэнне, трэба мінімум ад 200 да 250 мільёнаў долараў. Ён кажа: гэта цікавы праект, мы мусім вывучыць яго і абавязкова прасоўваць. Ва ўрадах трэба цяпер, каб гэты праект пайшоў. Можа быць, і Самарская вобласць знойдзе ў гэтым сваё месца», – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, што 25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбурзе, дзе стала вядома, што Пуцін усё-ткі не прыедзе ў Горадню на «Форум рэгіёнаў». Аднак прэзідэнт Расеі паабяцаў найбліжэйшым часам паставіць у Беларусь ракетныя комплексы «Іскандэр». Лукашэнка, у сваю чаргу, прасіў ядравую зброю.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў