«Было сорамна працаваць і «карміць» сістэму». Як прафсаюзны лідар з Бабруйску жыве на хатняй «хіміі»


57-гадовы бабруец, старшыня Бабруйскай першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу, сёлета быў асуджаны на паўтары гады хатняй «хіміі» за абразу двух супрацоўнікаў міліцыі. Цяпер мужчына можа выйсці на вуліцу толькі цягам дзвюх гадзінаў на содні ў працоўныя дні. На выходныя і ў святы пакідаць кватэру цалкам забаронена. Да 30 чэрвеня бабруец мусіць сплаціць міліцыянтам дзве тысячы рублёў маральнай кампенсацыі. «Белсат» паразмаўляў з прафсаюзным лідарам пра жыццё на хіміі, арышты і галадоўку, забастоўкі на «Белшыне» і чаму яму было сорамна там далей працаваць.

Сяргей Гурло, 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Каб пайсці ў паліклініку, патрэбны дазвол

З Сяргеем Гурло мы сустрэліся ў ягоным двары ў тыя самыя дзве гадзіны, калі яму можна выйсці падыхаць свежым паветрам – з 16.00 да 18.00 гадзін вечара.

У рэжыме абмежавання волі мужчына жыве ўжо амаль месяц і кажа, што дагэтуль не можа прызвычаіцца.

– Адчуваю сябе зусім не камфортна, калі настолькі кантралюецца тваё жыццё, – кажа наш суразмоўца. – Я ніколі так не сядзеў удома. Цяпер усе справы трэба планаваць на гэтыя дзве гадзіны. Раней у лазню часта хадзіў. Яе мне не забаранілі, але інспектар сказаў – калі паспееш за дзве гадзіны. А гэта толькі даехаць туды ды павітацца з усімі. Таму лазня адмяняецца.

Сяргей зусім не можа выходзіць на вуліцу ў святочныя, выходныя дні, нават на лавачцы каля пад’езду пасядзець. Нельга наведваць масавыя мерапрыемствы. Мужчына засмучаны, што не зможа трапіць на футбол ці пагуляць з унучкай, як раней – яны шмат часу праводзілі разам, ездзілі ў дзіцячыя забаўляльныя цэнтры, кавярні. Цяпер Сяргей з балкону назірае, як унучка гуляе ў двары.

Hавiны
Прафсаюзнаму актывісту з Бабруйску прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі»
2021.05.18 11:12

Забаронена выязджаць з гораду. Толькі ў разе пільнай патрэбы, але неабходна паведамляць інспектару і атрымліваць дазвол. Тое самае з паліклінікай – калі да лекара трэба пайсці не з 16 да 18, а ў нейкі іншы час, то таксама патрэбны дазвол.

Праверыць могуць у любы час, кажа бабруец. Па тэлефоне, ці інспектар ці ўчастковы могуць завітаць, патрульных адправіць.

Сяргей Гурло, 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Паўтары гады на кантролі кожны крок, але гэта лепш, чым зона»

«Хімія» у Сяргей да 24 лістапада 2022 года. Калі парушаць рэжым, могуць адправіць у калонію. Калі заўвагаў не будзе – праз паўгады могуць зняць усе абмежаванні, на што Гурло вельмі спадзяецца.

Кожную нядзелю прафсаюзны лідар мусіць хадзіць на прафілактычныя гутаркі з удзелам праваслаўных святароў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў. Але пакуль што, кажа Сяргей, як такіх гутарак не было – трэба было толькі распісацца, што прыйшоў.

Кожны панядзелак трэба хадзіць адзначацца ў міліцыі.

Забаронена ўжываць моцныя спіртовыя напоі. Калі прыйдуць і будзе падазрэнне, што выпіваў, павязуць на экспертызу. Нельга хадзіць у госці. Дазволілі толькі да суседа па лесвічнай пляцоўцы заходзіць. Прымаць гасцей можна. Інтэрнэт і сувязь таксама не забаранілі, але яшчэ ў лютым забралі тэлефоны і ноўтбук падчас ператрусу, таму пакуль няма з чаго выходзіць у інтэрнэт, зазначае бабруец. Новага нічога Сяргей не набываў, бо не хацеў, каб зноў усё забралі.

– Мне няпроста жыць у такім рэжыме, бо што паспееш за дзве гадзіны? Прайсціся па раёне, на ровары пакатацца, – дзеліцца Сяргей. – Часам думаю, што, мо, прасцей было б, калі б мне далі столькі, колькі запрасіў пракурор – тры месяцы арышту. Я іх адседзеў бы і выйшаў ужо вольным чалавекам без судзімасці. А тут паўтары гады на кантролі кожны крок. Але, канешне, гэта лепш, чым на зоне. Тут я ўсё ж такі вольны і прылегчы ў любы час, кнігу пачытаць, тэлевізар паглядзець.

«За тое, як яны мяне абражалі, ніхто не адкажа»

Тэлевізар, аднак, Сяргей можа ў хуткім часе згубіць. Калі да 30 чэрвеня не выплаціць маральную кампенсацыю пацярпелым міліцыянтам. Мужчына ўжо аплаціў 174 рублі судовых выдаткаў. А вось грошай, каб адразу пагасіць усю кампенсацыю, не мае, і як выходзіць з сітуацыі, пакуль не ведае. Магчыма, будзе прасіць растэрміноўку.

Сяргей Гурло, 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Калі да канца чэрвеня аплаты не будзе, арыштаваныя рэчы Сяргея – ноўтбук, два мабільных тэлефоны, флэш-карты, тэлевізар (адзінае з тэхнікі, што пакінулі ўдома) – прададуць з аўкцыёну. Калі выручкі не хопіць на пагашэнне пазову, то рэшту будуць вылічваць з пенсіі бабруйца. Якой і так не хапае на нармальнае жыццё, зазначае прафсаюзны лідар – за 35-гадовы стаж працы мужчына атрымлівае 595 рублёў.

– Ды і за што плаціць гэтую кампенсацыю? Мне маральна вельмі цяжка гэта прыняць, – кажа Сяргей. – Плаціць за тое, што я ў чаце з імі пасварыўся? За тое, што адказнасць за гэта панёс толькі я, а што яны пра мяне пісалі і як абражалі, дык гэта да справы не прыклалі, за гэта ніхто не адкажа.

Прафсаюзны лідар адзначае, што з-за ўсёй гэтай сітуацыі даволі напружаная сітуацыя ў сям’і. Жонка Сяргея, як ён сам кажа, апалітычная, і злуецца на яго, што маёмасць арыштаваная, што ператрусы былі і т.п.

– Заўсёды пытаецца, навошта гэта табе было патрэбна? – кажа Сяргей. – Я разумею яе, яна вельмі перажывае. Ды і фінансава цяжка – яна працуе прыбіральшчыцай у школе за 400 рублёў.

Сяргей Гурло, 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Як гэта: ты – беларус, а жывеш у Расеі? Кожны мусіць жыць на сваёй зямлі»

Сам Сяргей не працуе з 1 лютага бягучага году. Калі б хадзіў на працу, меў бы больш магчымасці бываць на свежым паветры. Але мужчына не хоча нікуды ўладкоўвацца.

– Я звольніўся ў лютым, каб гэтую сістэму не карміць, – кажа. – Мне сорамна было, што я плачу ўнёскі ў ФСАН, падаткі на ўтрыманне сілавікоў. Я паабяцаў сабе яшчэ ўвосень, што калі да Новага году нічога не зменіцца, то сыду. Няхай дзяржава мне плоціць з бюджэту тое, што я зарабіў, а не я ім.

Сяргей Гурло прапрацаваў без трох месяцаў 35 гадоў вулканізатаршчыкам на ААТ «Белшына». Прыйшоў некалі пасля арміі вучням, думаў папрацаваць год-два і звольніцца, але ў выніку застаўся на ўсё жыццё. Акрамя «Белшыны», Гурло больш нідзе не працаваў.

У Бабруйску жыве таксама гэтыя самыя 35 гадоў. Хоць нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Калінінградскай вобласці, на мяжы з Польшчай. Туды некалі пераехалі ягоныя дзяды з сем’ямі пасля сканчэння вайны. Мама была з Бабруйскага раёну, тата – з Клічаўскага, распавядае Сяргей.

У армію мужчына трапіў у Гарадзенскую вобласць.

– Пазнаёміўся з украінцамі. Вельмі мяне ўразіла, як яны сказалі – як гэта: ты – беларус, а жывеш у Расеі? Кожны мусіць жыць на сваёй зямлі, – узгадвае наш суразмоўца. – Я і вырашыў тады вярнуцца на радзіму бацькоў. Прыехаў, уладкаваўся на «Белшыну».

«Незалежны прафсаюз для нашай улады – злачынства»

Больш за 25 гадоў Сяргей Гурло – сябра Незалежнага беларускага прафсаюзу. Далучыўся да яго адразу, як толькі на заводзе ўтварылася ячэйка ў 1993 годзе. З-за гэтага заўсёды быў «на асаблівым рахунку» у начальства.

– Незалежны прафсаюз не любілі яшчэ да Лукашэнкі, – зазначае Сяргей. – Яно і зразумела, навошта гэта ім? Заробкі патрабаваць будуць, ахову працы. А з 1995 года незалежныя прафсаюзы ўвогуле па-за законам апынуліся. Бо для нашай улады гэта – іншадумства, злачынства.

У 2017 годзе Гурло ўзначаліў бабруйскую ячэйку БНП.

– Улады актыўна з намі змагаліся, і амаль даціснулі, – кажа Сяргей. – З сябраў цяпер адзінкі засталіся. Некага запужалі, некага звольнілі, іншыя на пенсію сышлі.

Бабруйца засмуціла, што нават летась, на паслявыбарчай хвалі, калі працоўныя пачалі выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу, з «Белай Русі», да незалежнага прафсаюзу ўсё роўна баяліся далучацца.

Сяргея таксама неаднаразова начальства спрабавала пераканаць выйсці з БНП. Абяцалі яму аплочваць камандзіроўкі на спартовыя спаборніцтвы ўзамен. Але Сяргей не выйшаў. Хоць спорт вельмі любіць. Шмат гадоў прафсаюзны лідар сур’ёзна займаўся бегам, удзельнічаў у марафонах.

– Бегаў на сто кіламетраў, удзельнічаў у 12-гадзінным, сутачным бегу, у рэспубліканскіх, замежных марафонах удзельнічаў, – распавядае былы «белшынавец». – Але завязаў з бегам, бо праца падарвала здароўе – і хрыбетнік траўмаваны, і з суставамі праблемы.

Сяргей Гурло, 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Сын не хацеў парушаць прысягу, у якой напісана – служыць народу

З-за працы на шкоднай вытворчасці, Сяргей Гурло выйшаў на пенсію 19 сакавіка 2014 года, калі яму споўнілася 50 гадоў. Але яшчэ сем гадоў працягваў працаваць. Бо, кажа, адчуваў, што і сілы яшчэ ёсць, і сына, яму на той момант было толькі 15 гадоў, трэба было «падымаць».

Сын адслужыў ва ўнутраных войсках з 2017 па 2019 гады.

– У 2018 годзе патэлефанаваў мне і пытаецца – як працуеш 25 сакавіка? – распавядае Сяргей. – Баяўся, кажа, што ты прыедзеш, і будзеш з таго боку, а я з гэтага. Ён не пайшоў у ачапленне ў выніку, «адмазаўся». Казаў, што не хоча парушаць прысягу, у якой напісана – служыць народу. Пасля арміі яго клікалі ў міліцыю, але не пайшоў, хоць і працу не мог знайсці ў Бабруйску.

Цяпер сын жыве і працуе ў Менску, дачка – у Бабруйску.

У «Белшыны» быў добры парыў на страйк, але не хапіла рашучасці

Гурло адзначае, што яму крыўдна за Бабруйск, бо так шмат людзей выходзіла на пратэсты напачатку, але іх так хутка ўдалося запужаць. Асабліва крыўдна мужчыне за «белшынаўцаў».

Калі на прадпрыемстве хацелі распачаць забастоўку ў мінулым жніўні, Сяргей сядзеў на соднях.

– Тады браў гонар, на самым пачатку, калі «Белшына» спрабавала падняцца, – кажа прафсаюзны лідар. – Я хачу назваць нават два імя – Лёша Касцюкевіч і Руслан Карымаў – яны ўратавалі гонар «Белшыны». Прычым, да гэтага ўсяго яны пра палітыку нічога не казалі. Але крытычныя сітуацыі паказваюць, хто ёсць хто. Яны – залатыя хлопцы. І былі вымушаныя сысці.

Гурло зазначае, што парыў на страйк на «Белшыне» быў добрым. Але нечага не хапіла. Магчыма, рашучасці.

– Мне родныя з Калінінградскай вобласці кажуць – вы, беларусы, занадта добрыя і цярплівыя, – кажа бабруец. – Але ж нас шмат было на самым пачатку. Можна было проста ісці наперад. Нас было больш за міліцыю. І ўлады былі ў разгубленасці. Трэба было даціснуць.

Сяргей перакананы, што рана ці позна ўлада ў Беларусі зменіцца, але наконт хуткай перамогі ў мужчыны аптымізму няма.

– Улады і сілавікі цяпер помсцяць за той страх, што ім прыйшлося перажыць, – кажа бабруец. Мы сёння самі павінны за сябе змагацца. Санкцыі санкцыямі, але нікому мы не патрэбныя, акрамя сябе. Еўропа сама за сваю свабоду змагалася, яны заслужылі. Мы таксама самі павінны.

«Нібыта быў загад – бярыце ўсіх, збівайце, садзіце. Помста, што галасавалі супраць»

Гурло за апошні год перажыў чатыры затрыманні, усе гэтыя разы адсядзеў содні. Першы раз мужчыну арыштавалі яшчэ 19 жніўня 2020 года, у ланцугу салідарнасці пасля затрымання Віктара Бабарыкі.

– Чым запомніўся той ланцуг, што там ціхары разам з намі стаялі, паказвалі, каго браць, і адзін з іх – аднакласнік майго сына, я яго з васьмі гадоў ведаю, добрым хлопчыкам быў, – адзначае Сяргей.

Другі раз – 10 жніўня.

– Калі пачаўся хапун, я хацеў сфатаграфаваць, але раптам – «касманаўты». Я нават фота не паспеў зрабіць, – узгадвае Сяргей тыя падзеі. – За абедзве рукі – і ў аўтазак. Завезлі ўсіх у аддзяленне міліцыі, пастроілі там тварам да сценкі. Адна моладзь была, я там самы стары быў. Са мной у камеры сядзелі людзі, якія выпадкова праходзілі праз плошчу, ішлі з працы. Іх збівалі, цягнулі па асфальце, што былі садраныя бакі. Такое адчуванне было, што Лукашэнка даў загад – бярыце ўсіх. Збівайце. Садзіце. Штрафуйце. Бо ўсе галасавалі супраць. Такая помста. У мяне цяпер на судзе за тую абразу пыталіся – чаму вы негатыўна ставіцеся да супрацоўнікаў міліцыі? А як пасля ўсяго гэтага да іх ставіцца?

Мужчыне тады далі 10 содняў, але адпусцілі праз восем.

Сяргей Гурло пасля галадоўкі, верасень 2020 года.
Фота: Белсат

Тым не менш, двое содняў Сяргей дасядзеў наступным разам, калі яго забралі з дому 11 верасня за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Тады на судзе, як распавядае Сяргей, у якасці доказу прад’явілі фотаздымак падобнага да яго, але іншага чалавека, знаёмага Сяргея. Як ні спрабаваў мужчына даказаць, што гэта не ён, што яго там не было, сведка-міліцыянт сцвярджаў, што бачыў менавіта яго на мітынгу, на фота таксама ён. Суд не стаў адпраўляць фотаздымак на экспертызу і пакараў бабруйца тыднем арышту. У адказ Гурло абвесціў галадоўку, якую трымаў да самага вызвалення. Моцна схуднеў тады, але ад свайго пратэсту да апошняга не адмовіўся.

Блізіцца 18-я гадзіна, і нашаму суразмоўцу трэба вяртацца дамоў, адбываць сваё хатняе пакаранне. Ідзем з ім разам да пад’езду.

– Сёння буду адпачываць, а заўтра булак напяку – хутка і добра яны ў мяне атрымліваюцца, унучка вельмі любіць, – кажа Сяргей на развітанне.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў